Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Вядучы палітычны камэнтатар Радые Свабода/Свабодная Эўропа Пол Гобл лічыць, што пэрыяд пасьля заканчэньня халоднай вайны паволі набліжаецца да канца, і што чалавецтва ўступае ў новы, куды больш небясьпечны, пэрыяд свайго разьвіцьця.

Нядаўна Расея прадала Кітаю два супэрсучасных баявых карабля-эсьмінца, кожны зь якіх каштаваў па 800 млн. даляраў. Факт гэты, лічыць Пол Гобл, сымбалізуе сабой выразнае сьведчаньне таго, што перыяд адлігі ў адносінах паміж Захам і Ўсходам скончыўся.

Пры гэтым, самае небясьпечнае, на думку Гобла, што Масква ўсё больш і больш робіць націск на сваю ваенную і эканамічную магутнасьць, а не на разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў.

На працягу апошніх 6 месяцаў Масква і Пэкін значна ўмацавалі сваё стратэгічнае партнэрства. Нягледзячы на былыя разыходжаньні і, нават, ваенны канфлікт у 1969 годзе, яны цяпер каардынуюць свае ваенныя дактрыны і праводзяць суполныя манэўры. Каля 2 тысячаў расейскіх спэцыялістаў працуюць у кітайскіх ваенных навукова-дасьледчых установах.

Праўда некаторыя спэцыялісты лічаць, сьцьвярджае Пол Гобл, што гэтае супрацоўніцтва абапіраецца толькі на ўзаемнай карысьці: патрэбе цьвёрдай валюты для Расеі і няздольнасьці Кітаю прадукаваць сучасную зброю. І раней ці пазьней кітайска-расейскі саюз распадзецца.

Пол Гобл лічыць, што абедзьве падобныя тэндэнцыі ў наяўнасьці. Але, калі мы прааналізуем іншыя дзеяньні Расеі, дык можна прыйсьці да высновы, што мы маем дачыненьне з больш шырокай стратэгіяй.

На працягу апошняга году Расея нечакана зрабіла выклік Амэрыцы маршам сваіх жаўнераў з Босніі ў Косава, каб апярэдзіць войскі НАТА. Расея канфліктуе з Амэрыкай у Іраку і Іране, і, асабліва, ў Эўропе. Гэтыя дзеяньня адлюстроўваюць пачуцьцё абразы ў Расеі за яе новае становішча ў сьвеце. Расейцы шукаюць вінаватага.

Акрамя таго расейцы шукаюць новага падыходу ў замежнай палітыцы. Шмат якія краіны незадаволеныя тым, што на сьвеце засталася адна супэрдзяржава, і яны чульліва ставяцца да заклікаў Масквы скончыць з гэтым аднапалярным сьветам. Кітай, зразумела, вельмі добра ўпісваецца ў гэты сцэнар, але ў гэтую схему таксама ўпісваюцца Іран, Ірак, Лівія, Куба і, нават, некаторыя заходнеэўрапейскія краіны.

Больш за тое, новыя тэндэнцыі ў расейскай палітыцы, лічыць Пол Гобл, не пагражаюць адносінам Расеі з тымі заходнімі краінамі, якія зьяўляюцца яе донарамі. Некаторыя ўрады заходніх краінаў сьпяшаюцца растлумачваць сваім народам, што нацыяналістычная канфрантацыйная рыторыка расейскага ўраду патрэбная толькі для ўнутранага расейскага рынку і не азначае, што Расея зноў вяртаецца да канфрантацыі з Захадам.

Шмат хто на Захадзе папросту баіцца ўводзіць санкцыі супроць Расеі, бо лічыць, што санкцыі могуць мець адваротны эфэкт.

І таму, сьцьвярджае Пол Гобл, Расея мае магчымасьць зноў стаць на чале групы краінаў, якія будуць канфрантаваць з ЗША. І гэтая канфрантацыя можа датычыць ня толькі геапалітычнай сфэры, але й палітычнай, у тым ліку, і выступленьня супраць лібэральнай дэмакратыі, якая ў сьвеце асацыюецца з Амэрыкай.

У сваёй новай канфрантацыі з Амэрыкай Масква ня мае шмат шанцаў на посьпех. Больш таго, шмат саміх расейцаў выступае супраць гэтай новай канфрантацыі. Але нават калі Масква на гэтым шляху не атрымае ніякіх посьпехаў, лічыць вядучы палітычны камэнтатар нашага Радые Пол Гобл, трэба прызнаць, што пэрыяд супрацоўніцтва з Расеяй скончыўся, і сьвет уступае у новы, больш небяспечны пэрыяд сваёй гісторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG