Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 10 лютага)
Ад сёньня сьпіртовыя напоі ў Беларусі падаражэлі на 20 адсоткаў. Бутэлька гарэлкі цяпер каштуе блізу 1000 новых рублёў. Прычым, афіцыйных паведамленьняў пра падвышэньне цэнаў не было.

Сёньня супрацоўнікі крамаў перапісвалі цэтлікі з цэнамі. Гарэлка "Крышталь-люкс" – 950 рублёў за бутэльку замест ранейшых 780-ці, "Белая Русь" каштуе цяпер таксама 950, а была – 700 рублёў.

Ажыятажу няма. Чэргі стаялі толькі ў спэцыялізаваных крамах…

Крама "Крышталь-100" па вуліцы Варвашэні. Адчыняю дзьверы й аўтаматычна станаўлюся апошнім адразу ў дзьвюх чэргах. Адлегласьць да паліцаў у 15 мэтраў пераадольваю прыкладна за паўгадзіны. Паўсюль ужо цэтлікі з новымі цэнамі. Не зважаючы на гэта, менш за тры бутэлькі ніхто не бярэ.

У іншай краме, "Два буслы", атмасфэра не такая напружаная. Чарга тут складаецца прыкладна з 20 чалавек. Але бальшыня зь іх набывае сьпіртовыя напоі скрынямі, якія адразу ж загружаюць у багажнікі легкавых машын ды мініаўтобусаў.

Бальшыня адрэагавала на павышэньне цэнаў спакойна:

(голас: ) "Ну, вядома, непрыемна. Пэнсію дабаўляюць чуць-чуць, а гарэлка, як кажуць, ледзь ня ў два разы падскоквае. Каму премна?"

(Карэспандэнт: ) "Як вы ставіцеся да таго, што сёньня падаражэла гарэлка?"

(іншы голас: ) "Нармальна".

(жанчына: ) "Я не зьвярнула ўвагі".

(іншы голас: ) "Кепска".

(іншы голас: ) "На ўсё па-мойму кошты растуць".

(іншы голас: ) "Калі я адзін раз у год куплю бутэльку, дык мне ўсё роўна. Галоўнае – прадукты даражэюць кожны дзень".

(іншы голас: ) "А мне ўсё роўна. Калі мне трэба – я вазьму. Калі сябры прыходзяць, я ж мушу паставіць".

(іншы голас: ) "Гарэлка ёсьць гарэлка, што ж зробіш. Я гарэлку ня вельмі ўжываю зараз. Таму мяне гэтпая праблема ня вельмі хвалюе".

Беларуская гарэлка – самая танная ў Эўропе. Для параўнаньня: паўлітровая пляшка ў суседняй Летуве каштуе больш за 5 амэрыканскіх даляраў. Але для жыхароў Беларусі адносна танная гарэлка становіцца дарагім задавальненьнем. Мінімальны заробак складае сёньня 1400 дэнамінаваных рублёў. На гэтыя грошы можна набыць толькі адную бутэльку.

(голас: ) "Вось не магу купіць. Хацела купіць, а яна падаражэла. І ня буду браць".

(голас: ) "Аклады, пэнсіі маленькія. А сьвята хочацца адзначыць".

(Карэспандэнт: ) "Колькі вы можаце дазволіць сабе набываць гарэлкі?"

(голас: ) "Ну дзесяць штук".

(Карэспандэнт: ) "Колькі вы можаце ўвогуле дазволіць сабе набываць гарэлкі?"

(голас: ) "Ня столькі, колькі раней. Значна менш".

(голас: ) "Занадта дорага, не па кішэні. Я купляю яе рэдка. Чарніла дзешавей".

Цэны па сьпіртовыя напоі падвышаюцца няспынна. Да прыкладу, толькі летась гэта адбылося восем разоў. У выніку пэўная колькасьць насельніцтва замест гэтак званых "белых" гатункаў пачала ўжываць розныя каляровыя сурагаты пад назвамі "Загадка", "Легенда" або "Крыжачок". Але гэтым разам цэны падвысіліся на ўсе гатункі сьпіртовых напояў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG