Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Старшыня Нясьвіскае раённае рады БНФ (пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка) Алесь Язьвінскі накіраваў скаргу начальніку мясцовага раённага аддзелу міліцыі палкоўніку Жылачу на дзеяньні міліцэйскага нараду, які ўчора ўвечары на аўтавакзале Нясьвіжа затрымаў менскіх студэнтаў, сябраў ТБМ Аляксея Кубракова ды Андрэя Сяркова толькі за тое, што тыя размаўлялі па-беларуску.

Учора на Нясьвіскім аўтавакзале нарад міліцыянтаў, які ачаляў старшына Качановіч, спыніў трох юнакоў дзеля праверкі дакумэнтаў. Хаця апошнія не былі на падпітку, не хуліганілі, не чапляліся да іншых пасажыраў. Адзінае іхнае адрозьненьне было ў тым, што хлопцы размаўлялі між сабою па-беларуску, а на куртках мелі значкі з сымболікаю Таварыства Беларускае Мовы й "Маладога Фронту".

Ахоўнікі парадку ў адным з затрыманых пазналі тутэйшага маладафронтаўца Андрэя Беняша, таму чапляцца да яго ня сталі. А вось двух іншых хлопцаў прымусілі паказаць дакумэнты. Тыя дасталі свае студэнцкія білеты. Зь іх вынікала , што перад міліцыянтамі менчукі – Аляксей Кубракоў ды Андрэй Сяркоў. Яны патлумачылі: у Нясьвіж прыехалі паводле запрашэньня тутэйшае раённае рады БНФ як прадстаўнікі ТБМ, каб у шэрагу школаў правесьці з вучнямі віктарыны на тэму "Мой родны край".

Але гэты адказ не задаволіў міліцыянтаў, і яны прымусілі хлопцаў пайсьці ў пастарунак. Як потым патлумачылі ТБМаўцы, у пастарунку міліцыянты не высьвятлялі іхных асобаў, а наладзілі ператрус сумак. Праўда, не знайшлі аніякага крыміналу, толькі рэшту сьціплых прызоў для пераможцаў згаданых віктарынаў ды асабістыя рэчы. Супрацоўнікі РАУС так і не наважыліся скласьці пратаколы аб затрыманьні. І літасьціва дазволілі хлопцам вяртацца дадому.

Пакуль доўжылася міліцэйская праверка, аўтобус, на якім Аляксей і Андрэй разьлічвалі вяртацца ў Менск, ужо зьехаў, і ім давялося шукаць спадарожны транспарт.

Абурэньне гэтым фактам сёньня выказаў адказны сакратар рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Сяргей Кручкоў. Ён паведаміў: міліцэйскае затрыманьне грамадзянаў паводле моўнай або этнічнае прыкметы – грубае парушэньне правоў чалавека. Таварыства Беларускае Мовы гэтаму факту надае вялікае значэньне й зробіць адпаведныя захады, каб прыцягнуць да такіх фактаў увагу грамадзкасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG