Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Ідэялягічная хлусьня беларускіх сталіністаў пра трагічна вядомыя ўсяму сьвету Курапаты ўведзеная ў ранг энцыкляпэдычнай ісьціны. Пра гэта засьведчыў новы 9-ты том Беларускай энцыкляпэдыі.

Прынцыпы вяршэнства ідэялёгіі над гістарычнымі фактамі пакладзеныя ў васнову працы калектыву выдавецтва "Беларуская энцыкляпэдыя", у выніку чаго замест вывераных навуковых ісьцін у акадэмічныя вокладкі загортваюцца нічым не абгрунтаваныя, але сугучныя ўладным погляды на падзеі. Асабліва церпіць ад гэтых прынцыпаў той пэрыяд гісторыі, які цяперашняя ўлада краіны імкнецца аднавіць.

У чарговым, дзявятым томе новае "Беларускай энцыкляпэдыі", якую ейныя выдаўцы з гонарам называюць унівэрсальнаю, зьмешчаны артыкул пра трагічнае дзеля ўсіх сумленных людзей мейсца Курапаты, якое стала сымболем пэрыяду сталінскага гэнацыду. З гэтага артыкулу можна даведацца толькі тое, што ў Курапатах стралялі людзей. Ані хто, ані калі, ані колькі – у артыкуле не сказана!

Між тым, выдадзены гэтым жа выдавецтвам у 95-м годзе энцыкляпэдычны даведнік "Беларусь" паведамляў, што Курапаты – гэта "мейсца, дзе ў 1937-41 гадох ворганы НКУС БССР праводзілі масавыя расстрэлы цывільных грамадзянаў". Аўтар артыкулу спасылаўся на афіцыйныя высновы пра гэта ўрадавае камісіі ды вынікі праведзенага Генэральнай пракуратураю сьледзтва.

Праз два гады ў чацьвертым томе "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі" было – у дадатак да ранейшага – сказана, што высновы папярэдніх расьледваньняў у справе Курапатаў пацьверджаны яшчэ раз Генэральнай пракуратураю ў чэрвені 1996 году. Такое пацьверджаньне спатрэбілася ў сувязі з тым, што з прыходам да ўлады Лукашэнкі гэтак званы "Менскі гарадзкі клюб гістарычных ведаў" высунуў вэрсію, што ў Курапатах ляжаць не расстраляныя сталіністамі савецкія грамадзяне, а ахвяры нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў, прычым прывезеныя ў Менск зь іншых краінаў.

Цытата з пацьверджаньня, зробленага ў ходзе новага сьледзтва: "У ходзе расьледваньня спраўджвалася інфармацыя Менскага гарадзкога клюбу гістарычных ведаў, што ў Курапатах ляжаць ахвяры фашыстоўскага гэнацыду, у тым ліку гэбраі, дэпартаваныя з краінаў Заходняй Эўропы. Аднак такія зьвесткі адсутнічаюць у матэрыялах Надзвычайнае дзяржаўнае камісіі ў выяўленьні й расьледваньні злачынстваў фашыстоўскіх захопнікаў у час акупацыі Беларусі. Няма іх і ў Мэмарыяльным інстытуце катастрофы й гераізму эўрапейскага гэбрайства ў Ерусаліме (Ізраіль) ды пракуратуры гораду Гамбург (ФРГ)".

Аднак клюб гістарычных ведаў, сябрамі якога зьяўляюцца вэтэраны-камуністы, не згадзіўся з такімі высновамі ды дамогся распачыну новага, чацьвертага па ліку сьледства ў справе Курапатаў. Яго ўзначаліў намесьнік Вайсковага пракурора краіны Віктар Сомаў.

Сьледзтва закончана некалькі месяцаў таму. Аднак ягоныя высновы да гэтага часу не апублікаваныя, а сам спадар Сомаў катэгарычна адмовіўся гаварыць пра іх, пажартаваўшы, што гадоў праз 50 ён усё раскажа.

Прычына закрытасьці для грамадзтва вынікаў апошняга расьледваньня ў справе Курапатаў палягае ў тым, што высновы гэтыя, як нам стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, нічым не адрозьніваюцца ад ранейшых: там забівалі цывільных грамадзянаў ворганы НКУС.

Такія высновы не супадаюць зь ідэялёгіяй усхваленьня ды аднаўленьня савецкае рэчаіснасьці ў Беларусі. І гэтая ідэялёгія замацоўваецца ў сьвядомасьці грамадзтва праз энцыкляпэдычныя догмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG