Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Жонка зьніклага ў верасьні мінулага году намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара Зінаіда зьвярнулася да выконваючага абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Яна спадзяецца, што ён паўплывае на сытуацыю з пошукамі ейнага мужа.

Зінаіда Ганчар спадзяецца, што Ўладзімер Пуцін зьверне ўвагу на гэтую справу. Зінаіда сама нарадзілася й вырасла ў Комі АССР, што ў Расеі, там жывуць ейныя сваякі.

У сваім лісьце да Пуціна яна паведамляе, што пасьля зьнікненьня мужа прайшло пяць месяцаў, але ў Беларусі анічога ня зроблена дзеля раскрыцьця гэтага злачынства. Хаця добра вядома, што за Віктарам Ганчаром з пачатку мінулага году няспынна вялося вонкавае назіраньне…

Далей Зінаіда піша: "…Афіцыйныя ўлады займаюцца распаўсюджваньнем чутак і дэзынфармацыі, намагаючыся пры гэтым кінуць цень на кіраўніцтва Расеі. Так, міністар замежных справаў Урал Латыпаў пад час сустрэчы з прадстаўнікамі ЭўраЗьвязу ў кастрычніку 99-га году заявіў кіраўніку дэлегацыі Рэнэ Німбергу, што Віктар Ганчар знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Гэткае ж заяўленьне зрабіў і Лукашэнка ў размове з кіраўніком групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Севярынам. З падачы ўладаў і беларускія СМІ адкрыта зьвязваюць зьнікненьне майго мужа з вашым імём".

Яшчэ раней Зінаіда Ганчар зьвярталася да дэпутатаў Дзяржаўнае думы Расеі. Рыгор Яўлінскі, Сяргей Кірыенка, Барыс Нямцоў адразу адрэагавалі на яе лісты. Яны зьвярнуліся да грамадзкасьці й далі свае ацэнкі рэжыму, які пануе ў Беларусі. Расейскія праваабаронцы выступілі з адкрытым лістом.

Зінаіда Ганчар паведаміла "Радыё Свабода":

"Я разумею, што ў Расеі цяпер вельмі складаны пэрыяд, палітыкі вельмі занятыя. Тады зьнікненьне Віктара супала з выбарамі ў Дзяржаўную думу, а зараз выбары прэзыдэнта. Але я спадзяюся на дапамогу Яўлінскага, Кірыенкі, Чубайса, Гайдара. Гэтыя людзі разумеюць: тое, што адбываецца ў нас, несумяшчальна з паняцьцем "дэмакратыя". Тыдзень таму я зьвярнулася да сьледчага Новікава, каб ён даў мне нейкую новую інфармацыю. Ён паведаміў: нічога новага няма. Але мне незразумела: яшчэ у кастрычніку ён паведаміў, што джып, у якім быў Віктар, не выяжджаў за межы гораду…

Дык няўжо за пяць месяцаў яго нельга было знайсьці ў горадзе, дзе на кожнага жыхара дзесяць міліцыянтаў? Але сьледчы кажа, што знайшлі тэлефон. Мне яго не паказалі, таму я ня ўпэўненая, што гэта менавіта тэлефон Віктара. Я лічу, што працягваецца імітацыя пошуку.

Мне шмат што зразумела. Вызначаныя людзі хадзілі за маёй сям'ёй па сьлядох. Пад час вобшуку кватэры ўвесну яны былі ў якасьці панятых, а на месцы зьнікненьня Віктара – ўжо пры пагонах у вялікіх чынах. Я ня ведаю, чаму КГБ так адмаўляецца ад гэтае справы. Я лічу, што Мацкевіч мусіць разумець: пройдзе год, два… і прыйдзецца адказваць за ўсё. Нават, і за замаруджваньне справы", – паведаміла Зінаіда Ганчар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG