Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня гісторыя са зьнікненьнем карэснандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага атрымала працяг. У аўторак ўвечары ў карпункт брытанскай кампаніі ВВС зьвярнуўся чалавек, які прапанаваў відэастужку із запісам звароту Бабіцкага.

Журналіст ВВС сеў разам зь ім у шасьцісоты "Мэрсэдэс" і паехаў у маскоўскае бюро "Свабоды". Невядомы, які назваўся Аляксеем, запатрабаваў у загадчыка маскоўскага бюро Савіка Шустара 300 даляраў. У правілах нашага Радыё дый наогул паводле журналісцкіх этычных нормаў не плаціць за навіны. Але інфармацыя тычылася лёсу нашага калегі, і грошы былі дадзеныя незнаёмцу. Сёньня я патэлефанаваў Шустару ў Маскву, урывак з гутаркі вы пачуеце крыху пазьней, а пакуль – аўдыязапіс заявы Бабіцкага:

(Бабіцкі: ) "Сёньня шостае лютага 2000 года. У мяне ўсё адносна нармальна. Адзіная праблема – гэта час, паколькі абставіны склаліся так, што вось адразу я да дому трапіць не магу. Ну, тут – нармальна. Нагэтулькі, наколькі можа быць нармальна ва ўмовах вайны. Людзі, якія каля мяне, імкнуцца неяк дапамагаць. Адзіная праблема – хочацца дахаты, хочацца, нарэшце, каб усё гэта скончылася. А так – не хвалюйцеся за мяне, я спадзяюся, што хутка буду дома".

Гэта быў аўдыёзапіс заявы Андрэя Бабіцкага, якую ўчора ўвечары перадалі ў маскоўскае бюро Радыё Свабода. Дарэчы, Мэрсэдэс, на якім прыехаў ўладальнік касэты, меў забруджаныя бела-чырвоныя нумары. Як сказалі мне калегі з маскоўскага бюро, у іх нават узьнікла меркаваньне, а ці не беларускія гэта нумары. Праўда, у Эўропе есьць яшчэ адна краіна з аўтанумарамі чырвоным па белым фоне – Бэльгія.

Але найбольшыя сумненьні выклікае сам запіс і тое, як ён быў перададзены. Вось што сказаў мне загадчык маскоўскага бюро нашага радыё Савік Шустар:

(Шустэр: ) "Вы ведаеце, з нагоды гэтага відэазапісу, у мяне шмат пытаньняў. Але галоўныя пытаньні, якія мы задаем, – ці жывы Бабіцкі і ў чыіх ён руках – яны так і застаюцца без адказу. А што датычыцца канкрэтных пытаньняў па гэтай касэце… дык я задаюся пытаньнем, чаму Басаеў на апэрацыйным стале зьняты выдатнай прафэсыйнай відэакамэрай, а Бабіцкі, які зараз важны чалавек, у тым ліку і для чачэнскага боку, зьняты зь вельмі кепскай якасьцю. Чаму такі перапад? Чаму людзі, якія езьдзяць на Мэрсэдэсах-600, прадаюць касэты за 300 даляраў? Бо калі мне сказалі, што яны прадаюць і зараз назавуць кошт, я спалохаўся, бо падумаў, што назавуць мільён даляраў. А яны – 300 даляраў…"

Гэта быў Савік Шустар, кіраўнік маскоўскага бюро радыё "Свабода".

На думку нашага карэспандэнта Софі Лаброзшыні, відыязапіс выклікае трывогу. Голас, якім гаворыць Бабіцкі, і манэра гаворкі ня могуць разьвеяць хваляваньне, выкліканае супярэчлівымі заявамі рускага кіраўніцтва апошніх дзён. Нічога з таго, што заяўляе Бабіцкі ў гэтым запісе, ня можа атрымаць пацьверджаньня. Паказальна, што стужка зьявілася ў той самы дзень, калі АБСЭ вымагала ад Расеі даць доказ таго, што Бабіцкі жывы. На стужцы Бабіцкі сядзіць перад белай сцяной у іншай вопратцы, чым на папярэднім запісе, глядзіць наўпрост у камэру.

Паводле меркаваньня выканаўцы абавязкаў дырэктара расейскай слудбы Радыё Свабода Марыё Корці, гэта апошняя стужка –дае прычыны думаць, што Бабіцкага прымусілі казаць тое, што ён кажа. Корці лічыць, што вялікая паўза пасьля фразы Бабіцкага наконт "людзей, якія імкнуцца дапамагчы," – прымушае думаць, што Бабіцкі даў зразумець, што гэтыя людзі маюць на мэце зусім іншае, а ніяк не дапамогу.

Марыё Корці перакананы, што людзі, якія перадалі відэастужку – не прадстаўнікі чачэнцаў. Ён лічыць, што гэта – акцыя расейскіх спэцслужбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG