Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Больш за год у Добрушскім раёне Гомельскае вобласьці дзейнічаў тандэм бытавых афэрыстаў. Запаланіўшы рэспубліканскія выданьні жаласьлівымі аб'явамі з заклікам дапамагчы адзінокай маці зь немаўляткам, прадпрымальная пара бязьдзетных махляроў пачала будаваць свой дабрабыт за кошт, так бы мовіць, гуманітарнае дапамогі даверлівых суайчыньнікаў.

Адкуль зьявілася на Добрушчыне гэтая "адзінокая маці" – ня ведалі ані суседзі, ані, здаецца, мясцовая адміністрацыя. Затое ні для каго не было сакрэтам, што ў якасьці ейнага гэтак званага "галоднага дзіцяці" даволі ўдала дэбютаваў гэткі пераростак гадоў 50-ці з гакам, лепшы час якога прайшоў у месцах з адпаведным рэжымам. Апынуўшыся ў чарговы раз на волі, рэцыдывіст пасьпяшаўся абзавесьціся больш-менш сталым кутком. Вынікам сустрэчы дзьвюх самотных асобаў зьявілася нараджэньне тандэму зь яўна крымінальным ухілам.

Пасьля таго, як за кароткі тэрмін усё было прапіта, і з хаты вынесьлі апошні зэдлік, "турэмны вынаходнік" прапанаваў бяспройгрышную лётарэю. У хуткім часе масавыя беларускія выданьні атрымалі жаласьлівыя лісты з просьбаю дапамагчы маці зь немаўляткам грашыма, адзеньнем, прадуктамі й г.д.

Разьлік спраўдзіўся. Як потым паведаміла адказная асоба вузла сувязі, на імя жанчыны раптам пачалі прыходзіць пасылкі, бандэролі, па пяць (а тое і больш) грашовых пералікаў штодзённа. Тым часам суседзі пачалі заўважаць, што ў жыцьці арыгінальнае пары адбыліся зрухі. Быў праведзены рамонт. Гаспадары набылі мэблю й тэлевізар, а на падворку зьявіўся аўтамабіль для транспартыроўкі рэчаў з пошты на гарадзкі кірмаш, бо складаваць дзіцячую амуніцыю бязьдзетныя "бацькі" не зьбіраліся.

Інвэстыцыі працягваліся, але нечаканай перашкодаю для махляроў паўсталі аднавяскоўцы. Пачалі чуцца галасы тых, хто зьбіраўся нацкаваць на афэрыстаў падатковыя ворганы ды міліцыю.

Прыйшлося тэрмінова мяняць правілы гульні. Прыхапіўшы найбольш каштоўныя набыткі, караван пакінуў негасьцінны раён, ні з кім не разьвітаўшыся. Празь месяц нехта з былых аднавяскоўцаў бачыў 50-гадовае "дзіцятка" за старым заняткам на кірмашу ў суседніх Калінкавічах.

Тым часам у Добруш на імя маці й немаўляткі некаторы час па інэрцыі ішлі рэчы й грашовыя пераводы.

Паводле дадзеных прэс-цэнтру Міністэрства нутраных справаў Беларусі, колькасьць махлярстваў у краіне ўвесь час расьце. За мінулы год да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнута амаль 70 тысячаў асобаў бяз пэўных заняткаў, што склала 18-адсоткавы прырост у параўнаньні з годам 98-м. Але, здаецца, і гэтыя лічбы далёка ня поўныя. Паводле саміх супрацоўнікаў нутраных справаў, займацца расьледваньнем гэтакае драбязы ніхто ня хоча. Паўнамоцтвы ў нэйтралізацыі дробных ашуканцаў цалкам аддадзены раённым аддзелам, якія ў бальшыні выпадкаў заплюшчваюць на патэнцыйных рэцыдывістаў вочы.

З другога боку, існуе і маральны нюанс. Прэс-афіцэр Цэнтральнага раённага аддзелу нутраных справаў сталіцы Алег Сьлепчанка лічыць, што найбольш складана вывесьці на чыстую ваду афэрыстаў, так бы мовіць, "добрушскага тыпу". Кожны крык душы, надрукаваны ў той ці іншай газэце, ня можа аўтаматычна рабіцца аб'ектам пільнае ўвагі з боку міліцыі.

Вынясеньне на шырокую аўдыторыю сямейных праблемаў – справа глыбока асабістая, а разгледзець за звычайнымі радкамі злачынны намер па сутнасьці немагчыма. Як вынік, рэзананс з крымінальным ухілам зьяўляецца толькі пасьля таго, як чарговая афэра пастфактум усплывае ў шматлікіх інтэрпрэтацыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG