Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 5 Лютага)
Дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня заклікалі выканаўчыя ўлады краіны неадкладна распачаць рэальны перамоўны працэс, а таксама рэалізацыю ўжо падпісанае дамовы аб доступе апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. З гэтай мэтаю дэпутаты Вярхоўнага Савету, якія правялі сёньня першую ў гэтым годзе сэсію, прынялі адмысловую заяву.

Прыняцьцю заявы папярэднічалі два грунтоўныя выступы перад удзельнікамі сэсіі. Першы – аб палітычным становішчы ў краіне – зрабіў новы намесьнік Шарэцкага Анатоль Лябедзька, другі – аб дзейнасьці Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску – амбасадар Вік.

Прамова Лябедзькі была вытрыманая ў аптымістычным тоне. На ягоную думку, у грамадзтве нарастаюць пратэставыя настроі. Яны былі як актыўныя, напрыклад, "Марш Свабоды", так і пасыўныя, напрыклад, вынікі перапісу насельніцтва. Міжнародная супольнасьць кансалідуе сваю пазыцыю ў беларускім пытаньні. Ды й паводле зьвестак з Масквы, Уладзімер Пуцін хацеў бы разьвязаць нарэшце беларускі вузел, паколькі гэта дало б яму дадатковыя пункты ў вачох сусьветнае супольнасьці. Таму зараз, як ніколі, апазыцыі патрэбна кансалідацыя і няспынная барацьба за палітычную ініцыятыву. У гэтым рэчышчы пэўнае дыстанцыяваньне Вярхоўнага Савету ад спробаў наладзіць перамоўны працэс пад эгідаю АБСЭ спадар Лябедзька назваў памылкаю.

А самай галоўнай мэтаю легітымнага парлямэнту, як лічыць прамоўца, ёсьць настойлівы й няспынны ціск на афіцыйныя структуры, каб яны ў адпаведнасьці з параграфам 22 Стамбульскае дэклярацыі пачалі нарэшце рэальны перамоўны працэс, а таксама выкананьне ўжо падпісанных пагадненьяў аб доступе палітычнай апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Менавіта гэтае палажэньне й стала галоўным у адмысловай заяве, якую прынялі дэпутаты. Яны таксама зьвярнулі ўвагу міжнароднае супольнасьці на тое, што беларускія ўлады да гэтага часу ня выконваюць сваіх абавязкаў, якія замацаваныя ў шэрагу палітычна-праўных дакумэнтаў.

Што ж тычыцца прамовы кіраўніка групы АБСЭ спадара Віка, дык тут, бадай, самым галоўным была ягоная тэза пра тое, што важны ня столькі Выбарчы кодэкс, колькі рэальны палітычны стан, у якім будуць праходзіць выбары.

Камэнтуючы гэтыя словы, дэпутат Вячаслаў Герасіменка адзначыў: "Афіцыйныя ўлады праз падкантрольныя мас-мэдыі зусім невыпадкова пачалі шумную кампанію наконт таго, нібыта ў апошнім варыяньце Выбарчага кодэксу ўлічаны амаль усе пажаданьні АБСЭ. Робіцца ўсё, каб спалохаць апазыцыю і справакаваць яе на ўдзел у выбарах, маўляў сусьветная супольнасьць прызнае вынікі галасаваньня паводле гэтага закону, незалежна ад таго – будуць апазыцыянэры ўдзельніцачь у іх або не. У Савецкім Саюзе таксама на паперы было досыць дэмакратычнае выбарчае заканадаўства, але ж будучых дэпутатаў улады фактычна прызначалі яшчэ да пачатку выбараў. Гэты фарс можа паўтарыцца й цяпер".

Дарэчы, выбарчая тэма ў кулюарах паседжаньня стала асноўнай: адны дэпутаты катэгарычна выступаюць супраць удзелу ў выбарах у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў", іншыя – схільныя пагадзіцца. Гэтыя дзьве, працілеглыя прапановы зьвёў да адзінай намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Цярэня. Ён адзначыў: "Лукашэнка толькі й спадзяецца, каб мы сказалі або "так", або "не". А мы лепш пачакаем. Хай яны там у адміністрацыі ў чаканьні нашага адказу папсуюць сабе нэрвы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG