Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


"Анты-антыфашызм" – такі загаловак мае штотыднёвы камэнтар аднаго з галоўных палітычных камэнтатараў нашага радыё Пола Гобла, прысьвечаны праблеме росту ўплываў ультраправых у Эўропе…

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і паасобныя грамадзяне, – піша Пол Гобл, – апошнім часам усё больш і больш выказваюць сваю заклапочанасьць ростам уплываў ультра-правых і прафашыстоўскіх партыяў у Эўропе, якія часам выступаюць у новым абліччы: анты-анты-фашыстоўскіх рухаў.

На думку Пола Гобла, зьява анты-анты-фашызму вельмі нагадвае зьяву анты-анты-камунізму, якая існавала на Захадзе ў перыяд халоднай вайны. Палягае яна ў тым, што новыя ўльтра-правыя пачынаюць актыўна выкарыстоўваць легальныя юрыдычныя ворганы дэмакратычнай дзяржавы, каб абвінавачваць тых, хто выказвае сваю заклапочанасьць і, часам, абурэньне ростам неанацызму і ўльтра- правых партыяў.

Так, напрыклад, у лістападзе сёлета польскі часапіс "Nigdy Wiencej" апублікаваў рэдакцыйнае расследваньне ў справе забойства "брытагаловымі-скінхэдамі" 19 польскіх грамадзянаў. І польская канстытуцыя, і польскі крымінальны кодэкс забараняюць дзейнасьць расісцкіх і неафашысцкіх арганізацыяў, але ў Польшчы яны дзейнічаюць амаль легальна.

Больш таго, піша Пол Гобл у сваім камэнтары, пасьля публікацыі ў "Nigdy Wiencej" ейным аўтарам пачалі пагражаць, дасылаць ананімныя сьмяротныя прысуды, а адзін зь лідэраў польскіх ультра-правых Тамаш Шчапаньскі нават падаў у суд на рэдакцыю "Nigdy Wiencej". Ён абвінавачвае рэдакцыю антыфашыстоўскага часапісу ў паклёпе.

Польскі выпадак паказвае на тое, якім чынам ультра-правыя могуць выкарыстоўваць легальныя сродкі дэмакратычнай дзяржавы. Больш таго, аргумэнты ўльтра-правых, што каб рухацца наперад не заўсёды трэба азірацца назад і памятаць пра вопыт мінулага, даволі часта гучаць перакаўча для шырокіх масаў.

Дарэчы, як сцвярджае Пол Гобл, менавіта падобная тактыка і падобныя аргумэнты прывялі да ўлады ў Аўстрыі партыю Свабоды Георга Гайдэра. У Польшчы ж ультра-правыя могуць дасягаць сваей мэты, калі прадстаўляюць грамадзкай думцы мясцовых антыфашыстаў у якасьці безадказных экстрэмістаў.

Вельмі часта, падкрэсьлівае Пол Гобл, ультра-правыя маюць значна больш шчодрыя крыніцы фінанасаваньня, чымся іхныя апанэнты, і таму маюць большыя магчымасьці распаўсюджаньня сваёй прапаганды.

На думку Пола Гобла, асабліва небясьпечны рост правага экстрэмізму ў посткамуністычных краінах, дзе працэс дэмакратызацыі і пабудовы рынкавай гаспадаркі вельмі часта суправаджаецца выразным паніжэньнем узроўню матэрыяльнага дабрабыту значных частак насельніцтва.

Пол Гобл прыгадвае, што дакладна адваротная зьява назіралася ў заходніх краінах падчас халоднай вайны, калі мясцовыя камуністы выкарыстоўваючы дэмакратычныя інстытуты сваіх краінаў, змагаліся супраць тых, хто папярэджваў грамадства сваіх краінаў пра пагрозу камуністычнага таталітарызму.

"Тады, падчас халоднай вайны, грамадзтвы заходніх краінаў здолелі перамагчы пагрозу анты-антыкамунізму. Але справа анты-анты-фашызму куды болш складаная, калі ўлічыць слабасьць юрыдычнай сыстэмы ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы і недасьведчанасьць тамтэйшых грамадзтваў," – падсумоўвае свой камэнтар Пол Гобл.

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG