Зьнешні ціск на Маскву ўключна з пагрозамі міжнароднай ізаляцыі пакуль не дае вынікаў. Учора дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, якая правяла ў Маскве сустрэчу з выконваючым абавязкі прэзыдэнта Ўладзімерам Пуціным, ня здолела схіліць яго да зьмены палітыкі ў дачыненьні да Чачні. Выглядае, што Расея хоча сілавым шляхам канчаткова расправіцца з чэчэнскімі партызанамі… Мы абое гаварылі пра Чачню адкрыта," – заявіла дзяржсакратар ЗША пасьля трохгадзіннай сустрэчы з Пуціным. Гэтым разам выконваючы абавязкі расейскага прэзыдэнта паўстрымаўся ад заўвагі, што заходні крытыцызм у пытаньні Чачні зьяўляецца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Расеі, але і не абяцаў якой-небудзь зьмены курсу ў пытаньні Чачні. Пуцін адзначыў, што у шэрагу міжнародных пытаньняў Расея ня раз займала такую ж рашучую пазыцыю, як зараз Вашынгтон у пытаньні Чачні. Ён дадаў, што Злучаныя Штаты застаюцца для Расеі галоўным партнэрам у шырокім спэктры міжнароднае палітыкі. Некаторыя эўрапейскія палітыкі лічаць, што пазыцыя Злучаных Штатаў у дачыненьні да Масквы празьмерна мяккая, і што супраць Расеі трэба ўвесьці міжнародныя санкцыі. Падобную думку выказаў учора у Вашынгтоне прадстаўнік Кангрэсу ЗША Крыстафэр Сміт: (Сміт: ) "Я задаволены тым, што наша дзяржсакратар Мадлен Олбрайт нарэшце пачала гаварыць супраць гвалту расейскай апэрацыі ў Чачні, але я расчараваны тым, што прэзыдэнт Клінтан мала робіць ў гэтай справе. У прыватнасьці, я незадаволены тым, што Клінтан схарактарызаваў расейскую апэрацыю як спробу "вызваленьня" чэчэнскай сталіцы Грознага". Аднак аналітыкі лічаць, што зараз расейска-амэрыканскія адносіны найгоршыя з часу заканчэньня "халоднай вайны". Канфлікт у Косаве, а таксама далучэньне да НАТО некаторых краін былога Варшаўскага пакту выклікалі у Маскве нэрвовасьць і абурэньне. Рада Бясьпекі Расеі асудзіла Злучаныя Штаты за імкненьне да аднабаковай разьвязкі міжнародных праблемаў і зьняважлівае стаўленьне да міжнароднага права. Расейскае кіраўніцтва і грамадзтва аднадумныя ў пытаньні Чачні. Праведзенае на мінулым тыдні апытаньне грамадзкай думкі паказвае, што амаль 70 % расейцаў адкідаюць дамаганьне з боку Захаду, каб Расея прыступіла да перамоваў з чэчэнскімі сэпаратыстамі. Улічваючы такія настроі, для заходніх аналітыкаў ясна, што перамога ў Чачні для Ўладзімера
Пуціна зьяўляецца пропускам у Крэмль. Між тым міністар абароны Расеі Сяргееў заявіў, што ў чачэнскім канфлікце наступіў "незваротны пералом". Паводле яго, расейскі наступ на чэчэнскую сталіцу нашмат хутчэйшы чым раней, і што фэдэральныя сілы кантралююць палову Грознага. Нібыта толькі за мінулую ноч расейскія вайскоўцы забілі 586-х чэчэнцаў, якія спрабавалі прарвацца праз аблогу Грознага. Расейскае тэлебачаньне паказала пяць целаў чэчэнскіх ваяроў, аднак невядома дзе і калі яны былі зьнятыя. Прадстаўнік Крамля Ястржэмбскі заявіў, што толькі нешматлікім сэпаратыстам удалося прайсьці праз замінаваныя ваколіцы Грознага, аднак значныя страты пацьвердзілі таксама цывільныя уцекачы. "Гэта міф, што дзьве тысячы бунтаўнікоў вырваліся з Грознага" –заявіў расейскі камандзёр у Чачні гэнерал Казанцаў. Ён лічыць, што зь ліку ранейшых 7-10 тысяч у горадзе засталіся яшчэ каля дзьвюх тысяч сэпаратыстаў. Раней Масква заяўляла, што ўсіх ваяроў у горадзе было ня больш чатырох тысяч. Чэчэнскі бок называе частковы выхад з Грознага "стратэгічным адступленьнем", і што тысячы ваяроў перайшлі у горныя базы, каб прыступіць да партызанскай вайны. Былы мэр Грознага Гантаміраў, які з групай сваіх людзей ваююе на баку Расеі, лічыць, што за апошнія тры дні са сталіцы выйшлі 3,5 тысячы партызанаў. Прадстаўнік памежных расейскіх сілаў Канстантын Тоцкі паведаміў, што частка ваяроў перайшла па фальшывых дакумэнтах праз Казахстан і Ўкраіну ў Расею. Чэчэнцы прызнаюць, што за апошнія дні, тры іхнія камандзёры, у тым ліку цяперашні мэр Грознага Леча Дудаеў, загінулі, паранены Шаміль Басаеў, і загінулі некалькі дзесяткаў чалавек. На думку некаторых аглядальнікаў, у прыватнасьці Рычарда Падока з газэты "Los Angeles Times", цяперашні канфлікт у Чачні шмат у чым нагадвае першую вайну ў гадох 94-96. У пачатку 95-га году расейскія сілы занялі Грозны, аднак абаронцы ўцяклі ў горы і захавалі сваю боездольнасьць. Пазьней партызаны заатакавалі сталіцу, выціснулі адтуль расейцаў, і тыя былі вымушаныя падпісаць у Маскве прыніжальны для сябе мірны дагавор. У кожным разе, чэчнскія камандзёры ўжо раней заяўлялі, што яны могуць пакінуць Грозны, але гэта ў ніякім выпадку ня будзе азначаць капітуляцыі.