Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Да 2005 году нацыянальнай грашовай адзінкаю Беларусі стане расейскі рубель. Ня выключана, што ўжо сёлета беларусы пры разьліках распачнуць выкарыстаньне расейскіх грошай. Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі абвясьціў старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч.

Паводле словаў Пятра Пракаповіча, далучэньне Беларусі да расейскае грашовае сыстэмы прадугледжанае дамоўленасьцямі аб стварэньні "Саюзнае дзяржавы". Гэты пераход павінен завяршыцца ў 2005 годзе. Масква й Менск забавязаліся ўжо ў першым квартале 2000 году заключыць міждзяржаўнае пагадненьне пра такі пераход.

Беларускі бок свой варыянт дакумэнта сёньня, 2 лютага, накіраваў Цэнтральнаму банку Расеі. Як выглядае маскоўскі варыянт, пакуль невядома.

Як паведаміў Пракаповіч, Беларусь выступае за тое, каб пераход на расейскія грошы ажыцьцяўляўся паступова. А менавіта: на працягу бліжэйшых 5 гадоў беларуская грашовая маса павінна быць выцесьнена расейскімі рублямі.

Прычым, распачаць гэты працэс Менск прапануе ўжо сёлета. Цэнтральны банк Расеі, як паведаміў Пракаповіч, мусіць выдаць Беларусі стабілізацыйны крэдыт. Памер яго павінен адпавядаць пятай частцы ўсёй цяперашняй масы беларускіх грошай.

Пытаньне, аднак, у тым, ці пагодзіцца на такі мэханізм Масква. Як вядома, яшчэ нядаўна старшыня Цэнтральнага банку Расеі Віктар Герашчанка катэгарычна вытупаў супраць такога падыходу. Паводле ягонага меркаваньня, замена беларускіх грошай павінна адбыцца імгненна.

Чаму Менск супраць такой ініцыятывы? Пётар Пракаповіч мяркуе, што пры такім падыходзе магчымая дэстабілізацыя беларускай эканомікі.

Няясна, як бакі дамовяцца і адносна эмісіі адзіных грошай. Беларусь, адзначыў Пракаповіч, прынцыпова займае пазыцыю існаваньня двух эмісійных цэнтраў. Да стварэньня агульнага "саюзнага" банку права на эмісію, паводле ягоных словаў, разам з расейскім Цэнтрабанкам павінен мець і беларускі Нацыянальны банк.

Відавочна, Маскву непакоіць, што Беларусь у такім разе будзе дзейнічаць без абмежаваньняў. А менавіта: надрукуе грошай столькі, колькі пажадае. Напрыклад, каб падтрымаць неэфэктыўны аграрны сэктар.

Пракаповіч, у сваю чаргу, лічыць такі погляд памылковым. Паколькі, на ягоную думку, у беларуска-расейскіх дамоўленасьцях зафіксавана, што бюджэтны дэфіцыт у краінаў-партнэраў не павінен пераўзыходзіць 3 адсоткі. І таму, маўляў, беларускі бок зьбіраецца паводзіць сябе дысцыплінавана. "Ажыцьцяўляць гадавую эмісію расейскіх грошай болей за 3 адсоткі беларускі Нацбанк ня будзе", – цьвёрда заявіў Пётар Пракаповіч.

Напрыканцы лютага ў Беларусь на перамовы зь беларускімі ўладамі прыбудзе кіраўніцтва расейскага Цэнтральнага банку на чале з Віктарам Герашчанкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG