(эфір 1 лютага)
Кіраўнік кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Гэорг Вік лічыць, што за апошнія два тыдні ў Беларусі стварылася прынцыпова новая палітычная сытуацыя, якая вымагае іншых падыходаў. Пра гэта спадар Вік казаў сёньня ўвечары падчас сустрэчы з сябрамі экспэртнай групы ад апазыцыі ў пытаньнях СМІ. Нагадаем, што падобныя сустрэчы ў менскім офісе АБСЭ праходзяць кожныя два тыдні. Нагадаем таксама, што пасьля адстаўкі ў лістападзе мінулага году Міхаіла Сазонава з пасады кіраўніка ўрадавае дэлегацыі на перамовах з апазыцыяй у экспэртнай групе ў справах СМІ працуюць толькі прадстаўнікі апазыцыі на чале зь Міхаілам Пастуховым. Вось што сказаў спадар Пастухоў пра зьмест сёняшняй сустрэчы. (Пастухоў: ) "Пакуль дамоўленасьці, якія былі падпісанымі ў леташнім лістападзе – замарожаныя. Але, тым ня менш, кіраўніцтва кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ працягвае сустракацца з экспэртнай групай ад палітычнай апазыцыі. Сёньня мы абмяркоўвалі пытаньні далейшай працы. У тым ліку гэта тычыцца правядзеньня круглых сталоў з прадстаўнікамі ўлады ў такіх нефармальных можа быць абставінах, адносна пытаньняў удасканаленьня заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі". Менавіта гэты акцэнт на неабходнасьці неафіцыйных кантактаў і ёсьць тым новым матывам, які гучаў з вуснаў кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы спадара Віка. У бліжэйшыя дні Ганс-Гэорг Вік паспрабуе атрымаць згоду Старшыні Дзяржкамдруку Міхаіла Падгайнага на правядзеньні дыскусыяў вакол існуючага заканадаўства ў галіне сродкаў масавай інфармацыі і, у прыватнасьці, вакол тых паправак, якія распрацавала гэтае ведамства. За два апошнія тыдні, якія прайшлі з часу апошняй сустрэчы экспэртаў са спадаром Вікам, адбыўся шэраг важных падзеяў – прыняцьцё палатай Прадстаўнікоў выбарчага кодэксу, нежаданьне ўлады прызначаць пераемніка спадару Сазонаву на перамовах з апазыцыяй, паседжаньне парляманцкай асамблеі ў Страсбургу. Усё гэта, як патлумачыў экспэртам кіраўнік кансультатыўна-назіральнай групы, вымушае выпрацаваць новыя падыходы. Напрыклад, спадар Вік лічыць, што зараз апазыцыя павінна зьвярнуць асноўную ўвагу на ўнутраны кантроль за выбарамі, каб фіксаваць магчымыя парушэньні. На думку аднаго з удзельнікаў сёньняшніх кансультацыяў, выглядае, што АБСЭ схіляецца да таго, каб не пасылаць сваіх назіральнікаў на парляманцкія выбары ў Беларусі, калі яны пройдуць паводле прынятага гэтак званай Палатай прадстаўнікоў выбарчага кодэксу. Дзеля вызначэньня пазыцыі АБСЭ ўжо на гэтым тыдні сп. Вік вылятае ў штаб-кватэру гэтай арганізацыі ў Вену. І яшчэ адна акалічнасьць. На сустрэчы з экспэртамі спадар Вік запэўніў, што некаторыя асобныя факты зьяўленьня апазыцыйных палітыкаў на Беларускім тэлебачаньні не зьмяняюць стаўленьня кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ да падпісаных у лістападзе пратаколаў. Толькі поўнае выкананьне дасягнутых тады дамоўленасьцяў дазволіць сцвярджаць, што ўлада выконвае свае абавязацельствы наконт доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ.