Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі зрабіла яшчэ адную спробу наладзіць дыялёг паміж палітычнай апазыцыяй і ўладнымі структурамі. Паводле прапановы кіраўніка групы амбасадара Віка, 7 лютага адбудзецца сустрэча зацікаўленых бакоў пры пасярэдніцтве АБСЭ ў рамках нефармальных перамоваў.

Перапынак у кансультацыях паміж урадавай дэлегацыяй і палітычнай апазыцыяй, які пачаўся яшчэ ў сярэдзіне лістапада мінулага году, хутка можа скончыцца.

Сёньня пад час паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік прапанаваў правесьці 7 лютага першую нефармальную сустрэчу двух бакоў з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ. Паводле словаў амбасадара Віка, гэтая ідэя нарадзілася на мінулым тыдні, пад час слуханьня беларускага пытаньня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу.

Як патлумачыў спадар Вік, зараз склалася патавая сытуацыя. З аднаго боку, пераемнік Міхала Сазонава – былога кіраўніка ўрадавае дэлегацыі – дагэтуль не прызначаны; з другога – сама дэлегацыя фармальна йснуе, на што зьвярнуў увагу Віка міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў.

Такім чынам, як разважае кіраўнік групы АБСЭ, прапануецца ні што іншае, як дадатковыя кансультацыі. Ад тых кансультацыяў, якія ўжо вяліся экспэртамі ў справах сродкаў масавай інфармацыі, гэтыя вылучаюцца тым, што тут загадзя не акрэсьліваецца канкрэтны парадак дня. Хаця, зразумела, дыялёг будзе весьціся вакол тых пытаньняў, якія першапачаткова браліся дзеля дыскусіі.

Паводле інфармацыі амбасадара Віка, міністар Латыпаў ідэю нефармальных кансультацыяў падтрымлівае.

Прадстаўнікі палітычных партыяў правялі таксама ўласную дыскусію на тэму, ці варта прымаць прапанову групы АБСЭ. Вырашылі – прыняць, хаця зазначылі, што пры гэтым трэба быць вельмі асьцярожнымі.

Анатоль Лябедзька ў адмысловым інтэрвію для нашага радыё зазначыў, што небясьпека тут вось у чым…

(Лябедзька: ) "Міжнародная супольнасьць можа проста заблытацца ў тэрміналёгіі, ў тым, што на самай справе адбываецца ў Беларусі. Я не выключаю, што дзяржаўная прапагандысцкая машына будзе прадстаўляць гэтыя нефармальныя кансультацыі як нейкі дыялёг, які на самой справе ідзе ў Беларусі. І таму частка міжнароднай супольнасьці будзе ўведзеная ў зман, і гэта будзе нівэляваць жорсткую пазыцыю, якая сёньня, пасьля Вэны і Страсбургу, замацаваная ў адносінах да рэжыму. Я думаю, што тут галоўнай стратэгіяй павінна ўсё ж такі быць – даціскаць беларускі рэжым, каб ён выканаў і міжнародныя дакумэнты, і таксама тыя ўнутраныя абавязкі, якія ён узяў на сябе. Гэта – доступ апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі".

Прадстаўнікі палітычных партыяў, якія ўдзельнічалі ў сёньняшьнім паседжаньні, даручылі проводзіць нефармальныя кансультацыі з урадавым бокам кіраўнікам сваіх экспэртавых групаў – Пастухову, Хадыку, Пліску й Бяляцкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG