Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

"Мы дакладна далі зразумець, што, на нашую думку, цывільнае насельніцтва Чачні надзвычайна пакутуе ў выніку вайсковых дзеяньняў і наяўнасьці вялікай колькасьці ўцекачоў," – заявіла ў Маскве дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Мадлен Олбрайт.

На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі Мадлен Олбрайт і міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова, спадарыня Олбрайт вельмі крытычна ацаніла расейскую вайсковую апэрацыю супраць Чачні. "Гуманітарная сытуацыя вельмі складаная, ёсьць выпадкі неабгрунтаванага выкарыстаньня сілы," – сказала Олбрайт.

Аглядальнік газэты "Washington Post" Дэніэл Ўільямс зьвяртае ўвагу на пазыцыю Мадлен Олбрайт, якая паведаміла, што пагаджаецца з расейскім пунктам гледжаньня, што вайна – неабходны сродак для барацьбы з тэрарызмам. Хоця адзін значны прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта ЗША назваў доказы далучанасьці чачэнцаў да выбухаў у Маскве і іншых расейскіх гарадах – непераканаўчымі. Расея выкарыстала гэтыя тэракты ў якасьці апраўданьня пачатку вайсковых дзеяньняў у Чачні. Ігар Іваноў адмахнуўся ад папярэджаньня Олбрайт аб магчымай ізаляцыі Расеі і заўважыў, што, калі ізаляцыя і будзе, то часова.

Сёньня, самае позьняе ў сераду, выканаўца абавязкаў генэральнага пракурора Расеі Ўладзімір Усьцінаў мерыцца пабываць на Паўночным Каўказе, дзе павінен пазнаёміцца са справай карэспандэнта радыё "Свабода" Андрэя Бабіцкага. Расейскі бок паведамляе, што Андрэй Бабіцкі быў дастаўлены ў прымальнік-разьмеркавальнік "Чарнакозава" Наўрскага раёну Чачні. Сьцьвярджаецца, што Бабіцкі ня меў акрэдытацыі прэсавага цэнтру Аб'яднанай групоўкі фэдэральных сілаў, а ў Грозным быў і працаваў у штабе палявога камандзіра Хутаева. У Грозным Бабіцкага суправаджалі і ахоўвалі людзі Хутаева.

Сёньня кіраўнік аб'яднанай групоўкі фэдэральных сілаў у Чачні Віктар Казанцаў паведаміў, што ў баях за Грозны наступіў пералом. Тым часам з Чачні паступае супярэчлівая інфармацыя аб выхадзе чачэнскіх адзьдзелаў з Грознага. Прэсавая служба Міністэрства абароны Расеі абвяргае паведамленьні пра тое, што ў панядзелак у Алхан-Кале Басаеву была зробленая хірургічная апэрацыя. Раней паведамлялася, што Басаеў падарваўся на міне і яму адарвала нагу. Абвяргаецца і інфармацыя, што Грозны пакінулі 2 тысячы чачэнскіх байцоў.

У сваю чаргу француская газэта Газэта "Liberation" сьцьвярджае, што чачэнскія апалчэнцы сапраўды перабраліся з Грознага ў Алхан-калу, якая нібыта кантралюецца фэдэральнымі сіламі. Учора, – піша газэта, – у двор шпіталя Алхан-калы прывезьлі параненых чачэнцаў. Два паверхі былі запоўненыя цалкам. У шпіталі толькі адзін хірург. Газэта паведамляе, што на апэрацыйным стале – і Шаміль Басаеў.

"Liberation" цытуе аднаго з палявых камандзёраў Башыра, які прызнаў, што на першых 50-ці мэтрах чачэнцы страцілі дзевяць чалавек. "Мы не змаглі пазьбегчы кантактаў з расейцамі, – сказаў Башыр, – з абодвух бакоў ёсьць забітыя і параненыя". Апроч таго, піша газэта, сярод загінулых – пляменьнік Джахара Дудаева, мэр Грознага Леча Дудаеў. Паводле зьвестак карэспандэнта "Liberation", у горадзе засталіся палявыя камандзёры Руслан Гелаеў, Ахмэд Закаеў і Асламбек Ісміалаў. А ў Алхан-Калы, – піша "Liberation", – жанчыны, якія сустракалі чачэнскіх байцоў, – выціралі хусткамі сьлёзы, прапаноўвалі байцам ваду і ежу.

Мы пакінулі Грозны, каб вылечыць нашых параненых і пасьля працягваць справу, – гаворыць палявы камандзёр з Бамуту Хамзат Джэраеў. Хамзату сорамна, што загінулі маладыя чачэнца, а мэта так і не дасягнутая. Палявы камандзёр Хамзат Джэраеў упэўнены – цытую – тыя, хто перажывуць гэтую вайну, будуць яшчэ больш агрэсыўнымі. А 24-гадовая ўдзельніца баёў Тжу бесперастанна паўтарала карэспандэнту "Liberation": "Расейцы нас ня возьмуць, пакуль на гэтай зямлі застанецца хоць адзін чачэнец".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG