У Татарстане пабываў з візытам міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў. Камэнтар Сяргея Навумчыка. Візыт Латыпава ня выклікаў асаблівай рэакцыі ў Татарстане. Калі я сёньня патэлефанаваў у Казань, у карэспандэнцкі пункт татарска-башкірскай службы радыё "Свабода", калегі-журналісты здолелі даць мне толькі агульныя зьвесткі паводле афіцыйнага агенцтва "Татарінформ". Зь іх вынікае, што пад час сустрэчы Латыпава з прэзыдэнтам Мінцімерам Шайміевым абмяркоўваліся "пытаньні гандлёвага і эканамічнага супрацоўніцтва" паміж Беларусьсю і Татарстанам. Дарэчы, менавіта такое "гандлёва-эканамічнае" супрацоўніцтва стала тэмаю мэмарандуму, падпісанага сёньня ў Менску паміж адміністрацыяй Пензенскае вобласьці і МЗС Беларусі. Цяжка ўявіць, каб кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы падпісаў пагадненьне з губэрнатарам штата Агайа (ЗША) – хаця якраз у Агайа вялікая польская дыяспара. Альбо – што прэзыдэнт Эстоніі наведаў Мюнхэн, адміністрацыйны цэнтар зямлі Баварыя, не завітаўшы ў Бэрлін. Ёсьць пэўныя традыцыі і нормы дыпляматычнага палітэсу, парушэньне якіх прыніжае ня толькі прэстыж дзяржаўных дзеячоў, але і самой дзяржавы. Аднак ужо даўно зьвярнула на сабе ўвагу тое, што як Лукашэнка, гэтак і ягоныя міністры, актыўна шукаюць кантактаў з кіраўнікамі суб'ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Праўда Татарстан вылучаецца зь іншых расейскіх рэгіёнаў. Прэзыдэнт Шайміеў, час ад часу дазваляе сабе самастойныя палітычныя заявы, якія не супадаюць з пазыцыяй Крамля. Я зьвярнуўся па камэнтар да супрацоўніка татара-башкіраскай службы Радыё Свабода Карыма Камала. (Карым Камал: ) "Мне падаецца, што гаворка можа ісьці толькі пра чыста эканамічныя адносіны. Татарстан – адзін з найбольш разьвітых эканамічных рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі. Гэта – індустрыяльная рэспубліка, якой ёсьць што экспартаваць, і гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Татарстанам даволі вялікі. Я ня думаю, што будуць мець месца нейкія прамыя палітычныя сувязі паміж Казаньню і Менскам. Ну а тое, што Ўрал Латыпаў па нацыянальнасьці татарын – гэта, канешне, можа выклікаць нейкі сэнтымент у кіраўніцтва Татарстану, але толькі на эмацыйным узроўні. Канешне, гэтая акалічнасьць можа нейкім чынам спрыяць становішчу татараў у Беларусі, у тым сэнсе, што Казань дапаможа забесьпячэньню нацыянальнай літаратурай, пэрыёдыкай, і гэтак далей". Клопат кіраўнікоў Татарстану да становішча татараў у Беларусі, пра які сказаў мой калега Карым Камал, зразумелы. Дарэчы, паўгады таму на нашых хвалях прагучала інтэрвью Сяргея Абламейкі з муфціем Беларусі Ізмаілам Александровічам, які распавёў, што адразу пасьля свайго прызначэньня на пасаду міністра Латыпаў арганізаваў у МЗС сустрэчу муфціяту і кіраўніцтва Аб'яднаньня татараў Беларусі з амбасадарамі мусульманскіх краінаў. Вынікам гэтых і некаторых іншых ініцыятываў Латыпава стала спрыяньне беларускім татарам. Знайшліся грошы і на мячэць. Паводле майго асабістага меркаваньня, такія захады Латыпава маглі б сьведчыць на ягоную карысьць – хаця б як выяўленьне нацыянальнай індэнтыфікацыі у параўнаньні з Лукашэнкам, які ня лічыць сябе ні беларусам, ні расейцам, а падобна, вызначае сваю нацыянальнасьць як – "савецкі". Бясспрэчна, што татары, як і любая іншая нацыянальная меньшасьць у Беларусі, павінныя мець магчымасьці этнічнага, культурнага разьвіцьця. Аднак жа пры гэтым цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, да якога належыць і віцэ-прэм'ер Латыпаў, праводзіць палітыку этнічнай дыскрымінацыі карэннага насельніцтва – беларусаў, што яшчэ раз пацьвердзіла нядаўняя справаздача Беларускага Гэльсынскага Камітэту. Але вернемся да візыту ў Казань. Супрацоўнік татара-башкіраскай службы Радыё Свабода Карым Камал працягвае. (Карым Камал: ) "Што тычыцца пазыцыі Татарстану ў кантэксьце ўзаемаадносінаў Масквы і Менску, дык вы маглі заўважыць, што штораз пры актывізацыі інтэграцыйных ініцыятываў абавязкова мае мейсца нейкая заява Шайміева. Справа ў тым, што для Шайміева, для кіраўніцтва Татарстану гэта – добрая магчымасьць яшчэ раз выказаць жаданьне падвысіць ўласны статус. І потым, калі Казань адна спрабуе змагацца з Масквой – шанцаў няшмат, а калі нехта яшчэ далучаецца на новых умовах – для Казані гэта дае магчымасьць зноў паставіць пытаньне пра ўласныя інтарэсы. І таму натуральна, што прэзыдэнт Шайміеў неяк спрабуе скарыстаць такі момант". Як бачым, у працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі кіраўніцтва Татарстану мае ўласны інтарэс, які зусім не вынікае з інтарэсаў незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі. Выглядае, што свой інтарэс у кантактах з кіраўнікамі расейскіх субектаў Фэдэрацыі мае і Лукашэнка. Мэта-максімум – трывала замацавацца на расейскім палітычным полі, падобна, адсунулася на больш далёкую пэрспэктыву ў сувязі з наяўнасьцю амаль бясспрэчнага кандыдата на пасаду расейскага прэзыдэнта. Аднак, застаецца і мэта-мнімум – пацьвердзіць хаця б на ўзроўні расейскіх суб'ектаў Фэдэрацыі сваё прэзыдэнцтва, легітымнасьць якога ў вачах дэмакратычных краінаў скончылася летась 20 ліпеня. Напэўна, самым галоўным вынікам візыту Латыпава ў Татарстан ёсьць наступны: Казань заявіла, што візыт Лукашэнкі ў Татарстан не скасаваны, а толькі адкладзены і адбудзецца сёлета. Эўрапейскія ж сталіцы для Луккшэнкі па-ранейшым зачыненыя.

Самае папулярнае
1