Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Горадні сёньня не працавалі абодвы кірмашы – "Паўднёвы" і "Цэнтральны"…

А 9 раніцы на "Паўднёвым" сабралася больш як 100 прадпрымальнікаў не каб працаваць, а каб кантраляваць сытуацыю. Штрэйкбрэхераў не было. Прадпрымальнікі гаварылі, што страйк безтэрміновы. У канторы кірмашу таксама былі прадпрымальнікі, якія браніравалі свае месцы на гэты месяц за 20% платы. Гэта каля 4 даляраў ЗША.

Дырэктар кірмашу Вадзім Ражкевіч быў настроены міралюбна, але крыху іранічна. "Прадпрымальнікі як капрызьлівыя дзеўкі: ледзьве што – працаваць ня будзем, – ужо трэйці раз цягам году гаворыць ён, – вунь калгасьнікам яшчэ цяжэй, але кароў дояць і ўсё робяць"… Хаця ў праблемах прадпрымальнікаў ён добра арыентуецца і цалкам іх разумее. Кірмаш прастойвае – меншыя прэміяльныя і ў адміністрацыі. Сам ён ув апошні месяц атрымаў з прэміяй 56 мільёнаў. "На ўзроўні сяржанта міліцыі," – падкрэсьлівае Вадзім Рыжкевіч. "Але, самі разумееце, – кажа ён, – сям'я, двое дзяцей, жыву ў інтарнаце".

У штаце кірмашу "Паўднёвы" 20 кантралёраў і яшчэ 8 чалавек – бухгальтэрыя, адміністрацыя на 1000 гандлёвых палатак. Дарэчы, кірмаш – закрытае акцыянэрнае таварыства. Заснавальнікі – банк, калгас і львіная доля акцыяў у гарвыканкаму.

На іншым кірмашы – "Цэнтральным" раніцай таксама каля 100 перадпрымальнікаў размаўлялі і пілі каву. Але чалавек 12 гандлявалі. Падыйшоў я да дзьвюх жанчынаў. "Вось, – кажуць, – ужо кашулю прадалі сёньня". "А чаму вы не падтрымліваеце большасьць сваіх калегаў?" "А вось, усё адно за бронь трэба плаціць. Усёадно выдаткі". "Дык усе ж плоцяць". "А мы самі за сябе. Вунь расіяне тут гандлююць таксама, дык у іх у Расеі законы дык законы, а ў нас усё адзін чалавек вырашае". Вось такая размова. Некаторыя з прадпрымальнікаў зайздросьцяць палякам і расіянам, але не жадаюць хаця б паспрабаваць змагацца за свае правы. Але такіх меншасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG