Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі распачаўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца ад уладаў паляпшэньня ўмоваў працы. Лідэры страйкавага камітэту паведамілі, што ў акцыі пратэсту ўдзельнічаюць каля 90 тысячаў чалавек.

Сёньня ўраніцу асноўныя рэчавыя кірмашы сталіцы сустрэлі нешматлікіх пакупнікоў парожнімі павілёнамі. Прыватныя гандляры з "Дынама", "Ждановічаў", "Чэрвеньскага" ды іншых менскіх кірмашоў падтрымалі заклік Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў і абвесьцілі доўгатэрміновы страйк.

Сярод асноўных патрабаваньняў гандляроў да ўладаў – вызваленьне ад падатку на даданую вартасьць, адмена шэрагу заканадаўчых актаў, паводле якіх прадпрымальнікаў караюць высокімі штрафамі, павелічэньне мінімальных заробкаў і пэнсіяў да 80 даляраў, а таксама адстаўка міністра прадпрымальніцтва Аляксандра Сазонава, старшыні Падаткавага камітэту Мікалая Дземчука й самога Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле словаў лідэраў Свабоднага прафэсійнага саюзу, бальшыня прадпрымальнікаў мае намер страйкаваць цэлы месяц, і пры гэтым яны ня будуць выплочваць падаткі ў бюджэт.

Аднак у кіраўніцтва прафэсійнага саюзу няма пэўнасьці, што ва ўсіх гандляроў хопіць сілы пратрымацца цэлы месяц. Таму сёньня група найбольш актыўных страйкоўцаў (прыкладна 100 чалавек) сабралася на менскім стадыёне "Дынама", каб абмеркаваць плян далейшых дзеяньняў.

Лідэр страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі паведаміў прысутным, што ў бліжэйшыя дні ён зьвернецца да ўладаў з прапановаю пачаць перамовы ў справе вырашэньня канфлікту. (Такімі паўнамоцтвамі спадар Леванеўскага надзяліў учора мітынг прадпрымальнікаў.)

Актывісты страйкаму вырашылі таксама весьці тлумачальную работу сярод тых сваіх калегаў, якія з-за нейкіх прычынаў паспрабуюць выйсьці на працу раней. Каб перашкодзіць дзейнасьці штрэйкбрэхераў, прадпрымальнікі будуць пасылаць на кірмашы свае прафсаюзныя дружыны, якія мусяць тлумачыць людзям неабходнасьць салідарных дзеяньняў.

Валеры Леванеўскі лічыць, што ўлады абавязкова паспрабуюць выкарыстаць штрэйкбрэхераў, каб спыніць страйк і дыскрэдытаваць барацьбу гандляроў за свае правы. На думку спадара Леванеўскага, улады будуць усяляк перашкаджаць акцыі яшчэ й таму, што грошы гандляроў, выплачаныя ў якасьці падаткаў, складаюць прыкладна 20 адсоткаў ад усіх паступленьняў у дзяржаўны бюджэт.

Нягледзячы на магчымыя перашкоды, лідэры страйкоўцаў настроеныя даволі рашуча. Гаворыць Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) "Месяц мы вытрымаем. Калі аніякіх зьменаў ня будзе, тады возьмемся за правядзеньне больш масавых акцыяў пратэсту. Зьбіраемся вывесьці людзей на вуліцы, прычым ня толькі прадпрымальнікаў. Дзеля гэтага ў нас ёсьць усе магчымасьці, бо бяда ва ўсіх агульная – гэта цяперашняе кіраўніцтва краіны", – паведаміў спадар Леванеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG