Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 29 студзеня)
Давер да беларускае судова-мэдычнай экспэртызы можа быць цалкам падарваны. Пасьля заключэньняў судова-мэдычных экспэртаў паводле фактаў загадкавых сьмерцяў беларускіх грамадзкіх дзеячоў (напрыклад, Генадзя Карпенкі) увага да стану судовай экспэртызы значна ўзрасла. Судовая справа Максіма Шынкевіча, якой зацікавіліся АБСЭ і беларускія праваабаронцы, можа перарасьці ў скандал. У справе пачалі "ўсплываць" фальшывыя заключэньні мэдыкаў.

Пра значнасьць судова-мэдычнай экспэртызы гаворыць той факт, што ва ўсім сьвеце менавіта заключэньне мэдыкаў зьяўляецца галоўным доказам у крымінальных справах, а давер да судовых мэдычных экспэртаў зьяўляецца абавязковай умоваю пры вырашэньні судовых спрэчак.

Крымінальная справа Максіма Шынкевіча стала сваеасаблівай ілюстрацыяй стану, у якім знаходзіцца беларуская судовая экспэртыза. На два з паловаю гады пазбаўленьня волі быў асуджаны Максім Шынкевіч за быццам бы нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў сваёй былой жонцы Тацяне – дачцэ намесьніцы міністра аховы здароўя Сакалоўскай. Сёньня Гарадзкі суд Менску пакінуў гэты прысуд бяз зьменаў.

Сутнасьць справы ў тым, што 11 верасьня летась Тацяна Шынкевіч выклікала супрацоўнікаў міліцыі і паскардзілася ім на тое, што яе былы муж Максім Шынкевіч скандаліў і кідаўся ў драку. Супрацоўнікі міліцыі не прынялі аніякіх захадаў, бо Максім быў цьвярозы і вёў сябе прыстойна.

Аднак, на другі дзень Тацяна зьвярнулася ў судмэдэкспэртызу. Экспэрты зрабілі рэнтгэнаўскі здымак і далі заключэньне: чэрап без паталёгіі, самаадчуваньне здавальняючае. На твары ёсьць маленькая ружовая пляма…

Зусім іншае, новае заключэньне зьявілася ў справе пасьля вяртаньня маці Тацяны (намесьніцы міністра аховы здароўя) са службовай выправы. У Тацяны Шынкевіч, паводле новага заключэньня, пераломанае заснаваньне чэрапа, свода чэрапа, зламаная скроневая костка, зламаная верхняя сківіца і ёсьць пералом носа.

Гэтае заключэньне напісаў прафэсар Міхайлаў, які працуе ў інстытуце ўдасканаленьня лекараў і аніякага дачыненьня да судовай мэдэкспэртызы ня мае. Больш за тое, прафэсар Міхайлаў зьяўляецца адмыслоўцам у галіне рэнтгэналёгіі страўніка і чаму ён раптам перакваліфікаваўся ў дасьледніка чэрапа – так і ня высьвятлілася дагэтуль. Аднак гэтая акалічнасьць не засмуціла суд.

Акрамя гэтага ў справе пачалі зьяўляцца новыя дадзеныя ад іншых мэдыкаў, якія выступалі ў ролі судовых мэдэкспэртаў. Усе яны сьведчылі пра цяжкія пераломы.

У часе працэсу ў судзе Маскоўскага раёну Менску абаронцы Максіма намагаліся высьвятліць: якім чынам кабета, якая мела такія цяжкія пераломы і ўдар мозга, магла хадзіць на працу і ўвогуле весьці актыўны лад жыцьця. На ўсе пытаньні ад спэцыялістаў яны атрымлівалі адказы: у жыцьці ўсялякае бывае. Суд адмовіўся праводзіць незалежную судовую экспэртызу па-за межамі краіны.

Маці Максіма Шынкевіча выехала ў Маскву й зьвярнулася да расейскіх адмыслоўцаў, якія прыйшлі да высновы – аніякіх пераломаў чэрапу й касьцей твару на здымку няма й не было. З гэтага як мінімум вынікае, што заключэньні беларускіх судовых экспэртаў сфальшаваныя.

Гэтая крымінальная справа ўздымае шэраг пытаньняў:
1. Ці зьяўляецца беларуская судова-мэдычная экспэртыза сапраўды незалежнай?
2. Ці могуць грамадзяне Беларусі цалкам давяраць заключэньням беларускіх экспэртаў?
3. Як ставіцца да заключэньня гэтых экспэртаў паводле факту сьмерці Генадзя Карпенкі?

І яшчэ пытанне:
Калі суды Беларусі не задавальняюць хадайніцтвы аб правядзеньні судовай мэдэкспэртызы ў Расеі згодна з прынятым пагадненьнем аб праўнае дапамозе паміж Беларусьсю й Расеяй, то навошта тады гэтае пагадненьне?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG