Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня "Савет Рэспублікі" – верхняя палата лукашэнкавага "Нацыянальнага сходу" – не распачынаючы спрэчак, ухваліў праект Выбарчага кодэксу. Цяпер адхіліць заканапраект можа толькі Лукашэнка.

Сёньняшняе паседжаньне "Савету Рэспублікі" засьведчыла, што ўлады пакуль ня хочуць ісьці на саступкі міжнароднай супольнасьці, якая дамагаецца, каб выбарчае заканадаўства стала вынікам дыялёгу паміж уладаю і апазыцыяй. У мінулы панядзелак "Палата прадстаўнікоў" прыняла кодэкс у другім чытаньні; сёньня ён быў ухвалены верхняй палатаю лукашэнкавага "Нацыянальнага сходу". Цяпер, калі заканапраект будзе падпісаны Лукашэнкам, то стане законам.

Нагадаем, што перамовы паміж уладаю і апазыцыяй, якія спрабуе наладзіць група АБСЭ, дагэтуль не пачаліся. На мінулым тыдні Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала афіцыйны Менск тэрмінова ўступіць ў дыялёг з апазыцыяй. Лукашэнка назваў рашэньне Асамблеі "дур'ю". Пад час сёньняшняга паседжаньня "Савету Рэспублікі" ніхто зь яго сябраў нават не прыгадаў пра патрабаваньні Эўропы.

Пытаньні, якія задавалі дакладчыку – старшыні Цэнтарвыбаркаму Ярмошынай, тычыліся другасных пытаньняў. Напрыклад, Мікалай Чаргінец спытаў, чаму права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты не нададзена вайсковым калектывам?

Лідзія Ярмошына паведаміла, што шмат у якіх момантах гэты кодэкс падобны на расейскі: напрыклад, у пытаньнях, якія датычаць нарэзкі акругаў, парадку спраўджаньня подпісаў. Але ёсць і йстотныя адрозьненні: у Расеі зьмешаная выбарчая сыстэма – у Беларусі прапануецца захаваць цалкам мажарытарную; у Расеі кандыдаты могуць ствараць індывідуальныя выбарчыя фонды – у Беларусі перадвыбарчаю кампанію можна весьці толькі за грошы, якія выдае дзяржава. Нарэшце, у Расеі вылучаць кандыдатаў маюць права толькі непасрэдна грамадзяне й палітычныя аб'яднаньні – у Беларусі гэтым правам будуць валодаць і працоўныя калектывы.

Дарэчы, ва ўсіх гэтых пытаньнях група АБСЭ прапанавала ўладам адмовіцца ад такіх падыходаў. Але, як бачым, калі размова йдзе пра тое, каб выкарыстаць больш дэмакратычны ўзор (нават расейскі), беларускія "інтэгратары" адразу ж забываюць пра інтэграцыю.

Спадарыня Ярмошына паведаміла, што ёсьць як станоўчыя, гэтак і адмоўныя заключэньні адносна кодэксу. "Венэцыянская камісія" Рады Эўропы прызнала, што паводле кодэксу можна правесьці больш-менш справядлівыя выбары; Бюро дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ выказалася наконт законапраекту вельмі крытычна.

Старшыня камісіі заканадаўства "Савету Рэспублікі" Ўладзімер Каравай прапанаваў калегам ухваліць кодэкс. сябры "Савету" вырашылі нават не распачынаць дыскусію. Сарака дзевяццю галасамі супраць двух кодэкс быў ухвалены. Беларускія ўлады зноў кідаюць выклік эўрапэйскай супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG