Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У сувязі з увядзеньнем ў дзеяньне саюзнае дамовы Расея зрабіла Беларусі падарунак – было абвешчана пра тое, што кошты на прыродны газ для хаўрусьніцы зьніжаныя. Аднак, як высьветлілася, падарунак не такі каштоўны, як на тое спадзяваўся беларускі бок…

Па-першае, канчатковае рашэньне пра зьніжэньне для Беларусі коштаў на газ яшчэ не прынятае. Па-другое, нават, калі кошты неўзабаве зьменшацца, гэта ня будзе падарункам. Справа ў тым, што расейскі транзыт газу празь беларускую тэрыторыю павялічыўся. Паколькі Расея за транзыт ня плаціць, то зрабіла скідку на пастаўкі газу.

Для Беларусі, натуральна, гэта вельмі актуальна, паколькі грошай на разьлікі заўсёды не хапае. Але такі падыход скажае рэальную сытуацыю. Ня выключана, што, калі б беларускі бок атрымліваў за транзыт грошы, разьлікі за расейскі газ не былі б вялікай праблемаю.

Беларускі ўрад ганарыцца тым, што запазычанасьць перад Расеяй летась зьменшылася. Паводле афіцыйных зьвестак, беларускі бок разьлічваўся за бягучыя пастаўкі, і да таго ж скараціў запазычанасьць на некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Сёньня даўгі за газ складаюць каля 160 мільёнаў даляраў, за электрычнасьць – 33 мільёны.

Праблема вонкавай запазычанасьці зьвязаная з запазычанасьцю нутраной. Сытуацыя разглядалася ўчора на калегіі Міністэрства прамысловасьці.

Высьветлілася, што летась прадпрыемствы нармальна вялі бягучыя разьлікі. Паводле леташніх вынікаў, разьлікі за газ склалі 101 адсотак, за цяпло, а электрычнасьць – каля 97 адсоткаў. Значна горшае становішча ў аграпрамысловым сэктары: вялізная частка запазычанасьці перад дзяржаваю за энэрганосьбіты прыпадае менавіта на вёску.

Міністэрства мае намер і надалей усталёўваць больш жорсткую фінансавую дысцыпліну. У прыватнасьці, кіраўнікам прадпрыемстваў, якія не робяць сваечасовыя разьлікі, пагражаюць захадамі адміністрацыйнага ўзьдзеяньня. Некалькі такіх кіраўнікоў летась былі звольненыя. У той жа час вядома, што знайсьці замену дырэктару прадпрыемства ў сёньняшніх умовах вельмі складана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG