Паводле неафіцыйных зьвестак, колькасьць уцекачоў з Чачні складае блізу 200 тысячаў чалавек. Расейская міграцыйная служба не аказвае ім істотнае дапамогі. Таму пацярпелыя вымушаныя самі шукаць новае мейсца жыхарства. Беларуска-расейская мяжа па-ранейшаму застаецца адкрытаю. Дзякуючы гэтаму, уцекачы зьявіліся і ў Беларусі. У Менску некаторыя зь іх адказалі на пытаньні нашага карэспандэнта Ягора Маёрчыка. Жанчыны папрасілі не называць іхных прозьвішчаў. Яны баяцца наступстваў для сваіх мужоў, якіх расейскія вайскоўцы ўтрымліваюць у фільтрацыйных лягерох. Вось што распавядае 45-гадовая Зайнэп: "Уся вайна Пуціна вядзецца з намі – жанчынамі й дзецьмі. Мы зьбіраліся застацца ў родным паселішчы Шалі. І таму як маглі абсталявалі сутарэньні ў доме. У Сержан-Юрце ў адным з сутарэньняў было 28 чалавек. Туды трапіла бомба і ўсіх разарвала на кавалкі. Я прыехала на пахаваньні. Дык сваякі ня ведалі, ад якога цела кавалкі ляжаць у труне. Тое ж самае здарылася з 14-ю чалавекамі ў паселішчы Беное. Усё гэта мы бачылі на свае вочы. 9 студзеня на сьвята Рамадан было аб'яўлена, што на цэнтральным пляцы будуць выдаваць грошы. Калі там сабраліся людзі, расейскія вайскоўцы запусьцілі ракету. У тую ноч лекары з майго шпіталю выкапалі 240 магілаў". Спадарыня Зайнэп працягвае: "Да 9-й гадзіны раніцы мы схапілі ўсё, што засталося ў доме, і пайшлі з паселішча. Я маліла Бога, каб дабраліся за Інгушэціі. Па дарозе усіх уцекачоў бамбілі. Ніколі не забуду вялікі трактарны лафет на дарозе. За рулём мёртвы кіроўца, ля колаў – рэшткі пасажыраў. У лафеце шасьцёра дзяцей і чацьвёра жанчынаў. І ўсе таксама мёртвыя. Прыйшлі на мяжу, а там – чарга на 30 кілямэтраў. Нас не прапускалі 3 дні. Пасьля гэтага трапілі ў Інгушэцію, зарэгістраваліся ў міграцыйнай службе. Там нам сказалі, што больш нічым не дапамогуць. У Беларусь дабіраліся сваім ходам. На вакзале ў Растове начавалі ў пакоі маці й дзіцяці. Я ўсю ноч баялася, што хто-небудзь кіне ў нас гранату. …Гэта не значыць, што я мушу ненавідзець усіх расейцаў. Проста радыё і тэлевізія навесілі на нас ярлыкі й пераканалі іх, што чачэнцаў трэба забіваць. Благія людзі сустракаюцца ў любой краіне, але гэта ня значыць, што ўвесь народ трэба запісваць у тэрарысты. Палітыка Масквы ілжывая. Мы бачым адно, а Масква кажа зусім іншае". 24-гадовая Найсэт была на 6-м месяцы цяжарнасьці, калі ратавалася ад расейскіх бомбаў. Цяпер яна прызнаецца, што больш за ўсё баялася страціць сваю будучую дачку: "Мне вельмі хацелася б вярнуцца дадому. Але не магу, бо ў мяне маленькія дзеці. І я буду вымушаная хавацца зь імі ў сутарэньнях і чакаць, пакуль бомба разарве нас на кавалкі. Расейскія вайскоўцы кажуць, што яны зьнішчаюць баевікоў. Я ня ведаю, дзе там гэтыя баевікі. За ўсё жыцьцё я ня бачыла аніводнага зь іх. А мірныя людзі паміраюць штодня. Празь Інгушскую мяжу мы літаральна беглі з дзецьмі на руках. Расейскія найміты ўвесь час ходзяць п'яныя. Мы заўсёды баяліся, што яны проста так выцягнуць аўтамат і пачнуць страляніну па нас. Калі мы праяжджалі праз расейскі блёк-пост, то літаральна трэсьліся ад страху. Не, нармалёвыя стасункі паміж чачэнцамі й расейцамі ўжо немагчымыя. Мая маладосьць загубленая вайною. Мне 24 гады. 5 гадоў майго юнацтва – гэта вайна. У маіх дзяцей няма дзяцінства. Я магу дараваць расейскім войскам усё, толькі б яны спынілі бамбаваньне маёй краіны, далі нам магчымасьць вярнуцца дадому й жыць сваім жыцьцём. Але тыя, у каго забілі сваякоў і родных, ніколі не даруюць". Айза, маці двух дзяцей, спадзяецца на мірнае вырашэньне вайсковага канфлікту: "Я лічу, што можна завершыць гэтую вайну мірным шляхам, бо мы нармалёвы цівілізаваны народ. А тое, як гэта робіць сёньня Расея, вайну не завершыць ніколі. Далей пачнецца аўганскі варыянт з партызанскай вайною. Ніхто зь міжнародных тэрарыстаў тут не замешаны. Да вайны маюць дачыненьне толькі расейская улада й тыя, хто мае справу з нафтаю. 5 год нашу рэспубліку ніхто не фінансаваў, нафта, якая праходзіла праз нашу тэрыторыю, зьнікала. Вы ўяўляеце, якія гэта грошы? Іх трэба "адмыць". Атрымліваецца, што мы пакутуем з-за таго, што нарадзіліся ня там і не ў той час". Вайна пакалечыла жыцьцё гэтых жанчынаў. Цягам ваенных дзеяньняў яны страцілі сваякоў, а іхныя мужы затрымліваюцца вайскоўцамі. Жыхары Чачні стаміліся ад вайны. Напрыканцы інтэрвію самая маладая з суразмоўцаў, Найсэт, заўважыла, што згодная на ўсталяваньне любое стабільнае ўлады, якая б навяла парадак у Чачні. З чачэнскімі ўцекачамі гутарыў
Ягор Маёрчык, Менск
Ягор Маёрчык, Менск