Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Чэхія застаецца адным з самых папулярных маршрутаў беларускіх турыстаў, месцам многіх бізнэсовых падарожжаў. З Новага годугэта краіна зьмяніла парадак знаходжаньня замежнікаў на сваёй тэрыторыі. Магчыма, гэтыя зьмены не канчатковыя. У канцы студзеня чэскі ўрад плянуе ізноў вярнуцца да пытаньня завядзеньня візаў для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Украіны.

Завядзеньня візаў для тройкі пастсавецкіх краінаў на працягу апошняга часу актыўна дамагалася Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі. Паводле міністэрства, грамадзяне менавіта гэтых краінаў ускладняюць сітуацыю на рынку працы і крымінагенную абстаноўку. Прычым, і гэта агульнавядома ў Чэхіі, асноўны ўплыў на чорным рынку працы маюць украінцы, а ў крымінальных справах вызначаецца руская мафія. Беларусы ні ў першай, ні ў другой статыстыцы ня маюць прыкметнай ролі. Адзінае, чым хіба Беларусь вызначаецца – гэта прытокам палітычных уцекачоў. Магчыма, гэта і стала падставай для ўключэньня Беларусі ў кампанію так званых "праблемных краінаў".

Раней "візавую"ініцыятыву Міністэрства ўнутраных справаў – са сваіх меркаваньняў – не падтрымлівалі ні Міністэрства замежных справаў, ні іншыя ведамствы. Сытуацыя зараз, выглядае, зьмянілася.

Прэм'ер Мілаш Земан і шэф чэскай дыпляматыі Ян Каван самі прапанавалі міністру ўнутраных справаў Вацлаву Груліху яшчэ раз выступіць са сваёй ініцыятывай. Міністар Груліх днямі паведаміў прэсе, што праект візавай праграмы будзе перададзены на разгляд чэскаму ўраду ўжо да канца студзеня. Нагадаю, першачарговым крокам гэтай праграмы можа стаць увядзенне чэскіх візаў для Беларусі, Расеі і Украіны.

Цяпер вернемся да зьмененых правілаў уезду у краіну, якія ўведзены ад Новага году і пакуль застаюцца ў сіле.

Нагадаю, асноўныя зьмены: для ўезда у Чэхію неабходна мець, акрамя пашпарту, мэдычную страхоўку, наяўныя грошы з разліку 30 даляраў на дзень або крэдытную картку, а на мяжы запоўніць анкету ў двух экзэмплярах, для якой патрабуюцца два фоты.

Ці ня зьменшылі гэтыя правілы цікавасьць беларускіх турыстаў да паездак у Чэхію, і наколькі складанай зараз выглядае працэдура пераходу мяжы?

Пра гэта я запытала экскурсавода менскага турыстычнага бюро "Travel" ларысу Спарыш.

(Спарыш: ) "Зараз мы папярэджваем людзей, каб бралі фатаграфіі з сабой, рыхтуюцца ўсе. А затрымка – ну хвілін сорак губляецца, пакуль людзі запоўняць анкеты. Але нельга сказаць, што затрымкі зьвязаныя з новымі правіламі. Гэта залежыць ад зьмены, якая працуе на мяжы. Некаторыя хутка нас праглядаюць, некаторыя доўга. Гэта з анкетамі не зьвязанае. Зручна тое, што пасольства чэскае ў Беларусі нам дае гэтыя анкеты яшчэ ў Менску. У нас ёсьць магчымасьць запаўняць іх па дарозе каб не губляць час".

(Карэспандэнт: ) "Гэта сапраўды так, што патрабуецца запоўніць анкеты па-чэску?"

(Спарыш: ) "Яны не патрабуюць па-чэску, а проста лацінскімі літарамі. Вядома, можа гэта не зусім правільна, бо цяжка перакласьці, напрыклад, такую назву месца працы як інстытут Белгіпропіщепром. Ну а імёны пашпартныя, гарады – лёгка.

(Карэспандэнт: ) "Наколькі прыстасаваўся рынак страхавых паслуг да новых правілаў, ці проста набыць страхоўку?"

(Спарыш: ) "Турыстаў, якія едуць з нашай кампаніяй, мы страхуем. У нас ёсьць дамова са страхавой кампаніяй "Бролі", яна мае прадстаўніка і ў Празе. Раней была магчымасьць выбару – хочаш страхуйся, хочаш не. Цяпер мы страхуем усіх, папярэджваем, што страхоўка абавязковая. Але мы афармляем групавую страхоўку".

(Карэспандэнт: ) "Як працуе беларуская страхоўка? Ці зьвярталіся вашыя турысты па мэдычную дапамогу ў Чэхіі?"

(Спарыш: ) "Так, зьвярталіся. У маёй групе гэта здарылася ў Празе, дзяўчыне было вельми дрэнна. Выклікалі лекара, ён прыяжджаў проста ў гатэль. Далі таблеткі, уколы".

(Карэспандэнт: ) "Прыйшлося за гэта плаціць?"

(Спарыш: ) "Не. Праўда зараз ўмовы аказаньня мэдычнай дапамогі паміж Беларусьсю і Чэхіяй могуць зьмяніцца. Калі, напрыклад, нешта здараецца з грамадзянінам Беларусі, то за паслугі чэскага лекара ён плаціць наяўнымі, а пазьней, па прыезьдзе дадому, паводле квітанцыі страхавая кампанія будзе яму выплочваць грошы".

Гэта былі зьвесткі ад экскурсавода турыстычнага бюро "Travel" Ларысы Спарыш. Так што пакуль для падарожжа на чэскае піва і карлаварскія крыніцы, магчыма, – апошні спрыяльны час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG