Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня ў Менск прыбыў намесьнік міністра замежных справаў Летувы Альгімандас Рымкунас. Галоўная мэта візыту – перамовы наконт сытуацыі зь беларускай запазычанасьцю за электраэнэргію.

Спадар Рымкунас правёў перамовы з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Валерам Садохам і намесьнікам міністра эканомікі Ўладзімерам Найдуновым.

Апроч таго, ён наведаў будаўнічую пляцоўку, дзе ўзводзіцца новы будынак амбасады. Дарэчы, будаўніцтва вядзецца празьмерна доўга, ужо каля 5 гадоў. Супрацоўнікі амбасады спадзяюцца, што новы будынак будзе гатовы сёлета.

Праблема запазычанасьці ўжо абмяркоўвалася на мінулым тыдні, пад час візыту ў Вільню намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава.

Паводле словаў Мартынава, беларуская запазычанасьць Летуве скараціўся з 80 да 55 мільёнаў даляраў. Аднак летувіскі бок лічыць, што запазычанасьць на сёньняшні дзень складае 60 мільёнаў даляраў.

Тое, што йснуе такая блытаніна, цалкам зразумела. Беларускі бок разьлічваецца па бартэру, і часьцей за ўсё беларускія тавары не залічваюцца адразу ў суму запазычанасьці, а прадаюцца пасярэднікамі за валюту, якая потым перадаецца пастаўшчыку энэргіі. Экспэрты з летувіскага боку лічаць, што праблемы з разьлікамі зьвязаныя з тым, што гандлёвы абарот паміж Беларусьсю й Летувою летась значна скараціўся.

Пад час візыту ў Вільню Сяргей Мартынаў прызнаў, што ў беларускага боку існуюць праблемы з выкананнем графіку пагашэньня запазычанасьці. Напярэдадні Новага году беларускі бок зьвярнуўся да летувіскага кіраўніцтва з просьбаю перарабіць схэму разьлікаў на сёлета. Напрыканцы году разьлікі ўвогуле прыпыніліся.

Таму можна зразумець летувіскі бок, які шукае магчымасьць прадаць беларускую запазычанасьць. Але знайсьці пакупніка, здаецца, складана. Спачатку зьявіліся чуткі пра тое, што беларуская запазычанасьць была прапанаваная заходнім кампаніям; цяпер гавораць пра тое, што даўгі былі прапанаваныя расейскаму акцыянэрнаму таварыству ЭЭС.

У летувіскай амбасадзе мне паведамілі, што пра чуткі ім вядома, але афіцыйнай інфармацыі наконт таго, хто рэальна можа набыць беларускую запазычанасьць, пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG