Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Cёньня ва ўправе юстыцыі Менскага абласнога выканаўчага камітэту старшыні Салігорскага клюбу выбаршчыкаў, вядомаму прафсаюзнаму дзеячу Міколу Дзялендзіку было ўручанае рэгістрацыйнае пасьведчаньне згаданай грамадзкай арганізацыі. Што, дарэчы, паклала канец працяглай барацьбе спадара Дзялендзіка ды ягоных актывістаў за тое, каб іхны клюб быў перарэгістраваны.

Яшчэ ўвесну мінулага году Мікола Дзялендзік падаў усе неабходныя дакумэнты на перарэгістрацыю сваёй арганізацыі, якая тады вызначылася сваёй актыўнасьцю ў выбарах прэзыдэнта.

Але вельмі доўга ад управы юстыцыі Менскага вабласнога выканаўчага камітэту, куды пайшлі паперы, не было аніякіх зьвестак. Пра тое, што адбывалася далей, распавядае Мікола Дзялендзік:

(Дзялендзік: ) "На пачатку кастрычніка нам паведамілі, што нашае аб'яднаньне – Салігорскі клюб выбаршчыкаў – не зарэгістраванае. Прычыны, паводле якіх нам адмовілі, гэта тое, што мы падмяняемсабой, нібыта, мясцовыя ўлады, і што наш клюб мае часовую дзейнасьць. Пасьля таго, як было афіцыйна атрыманае гэтае паведамленьне, я склаў судовы пазоў і падаў яго ў Менскі абласны суд. Пасьля было паседжаньне, і суд прыняў рашэньне, каб зарэгістраваць. Доказы абласнога ўпраўленьня не былі падтрыманыя".

Спадар Дзялендзік пасьля гэтага суду, што доўжыўся два дні – 21 і 22 сьнежня, яшчэ цэлы месяц чакаў дзеяньняў у адказ з боку ўправы юстыцыі, кіраўнікі якога паабяцалі абскардзіць вось такое рашэньне. Але не абскардзілі. І такім чынам сёньняшнім уручэньнем рэгістрацыйнага пасьведчаньня Салігорскаму клюбу выбаршчыкаў прызналі сваю паразу, як гэта, дарэчы, расцаніў Мікола Дзялендзік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG