Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

(эфір 19 студзеня)
Гэтак званая "кампутарная праблема дзьвюхтысячнага году" адыходзіць у нябыт, у той жа час шмат каго – прынамсі, амэрыканцаў – хвалюе іншая праблема: як назваць новае дзесяцігодзьдзе…

Ужо як мінімум 80 гадоў, пачынаючы зь "вірлівых 20-х" амэрыканцы атаясамліваюць сябе з дзесяцігодзьдзем, у якім яны нарадзіліся або вырасталі. Гэткім чынам яны сябе залічваюць, напрыклад, да "пакаленьня вялікага крызісу" 30-х, альбо да "наркатычных вольнадумцаў" 60-х. Шмат хто адносна лёгка дае азначэньне мінуламу пэрыяду – 70-ым або 90-ым гадам – аднак сярод сацыёлягаў няма згоды наконт таго, як можна назваць наступнае дзесяцігодзьдзе. "Тут ня можа быць лягічнага назову, паколькі людзі думаюць спантанна", – лічыць прафэсар маркэтынгу з гарвардзкай Школы Бізнэсу Стэфэн Грэйсэр. Ён мяркуе, што наўрад ці наступнае дзесяцігодзьдзе атрымае нейкі спэцыфічны назоў.

Дарэчы, не атрымала такога агульнапрыгнятага назову і дзесяцігодзьдзе пасьля тысяча дзевяцісотага году.

Хаця звычай акрэсьліваць дзесяцігодзьдзі нейкім прыметнікам замацаваўся у 20-м стагодзьдзі, тым ня менш, апошнія дзесяць гадоў 19-га стагодзьдзя атрымалі мянушку "вясёлых 90-х". Некаторыя сацыёлягі ўважаюць, што разам з канцом 20-га стагодзьдзя зьнікне і звычай называць канкрэтныя адрэзкі часу. На думку гісторыкаў, падзел часу на дзесяцігодзьдзі пачаўся у 19-м ст. у эпоху бурнага разьвіцьця прамысловасьці ў заходніх краінах. Тады сярод насельніцтва – асабліва гарадзкога – прынялася строгая рэглямэнтацыя працоўнага часу і замацаваўся расклад руху цягнікоў.

Прафэсар з унівэрсытэту ў штаце Мэрыленд Джэймс Флэк лічыць, што на больш строгі ўлік часу паўплывала таксама распаўсюджаньне гадзіньнікаў, але, мабыць, у большай ступені менавіта разьвіцьцё капіталізму. На ягоную думку, у эпоху Гэнры Форда спецыялізацыя і дакладнае разьмеркаваньне працоўнага часу ды працоўных абавязкаў сталася неабходнай перадумовай посьпеху і эфэктыўнасьці працы. Потым, пасьля ІІ-й усясьветнай вайны надыйшоў пэрыяд масавага спажываньня, хуткай зьмены моды, мадэляў аўтамабіляў, спосабу жыцьця і палітычных густаў. Паколькі немагчыма лічбамі апісаць гэтае дзесяцігодзьдзе, экспэрты лічаць, што калі яно і атрымае які-кольвечы спэцыфічны назоў, дык гэта будзе нейкая фраза, якая яшчэ не прынялася.

"Магчыма, гэта будзе назва "адраджэньне нявіннасьці", – падказвае філёзаф і мастацкі крытык Крыспін Сартўэл. Паводле яго, зараз пашыраецца адыход ад цынізму і ўседасьведчанасьці пост-мадэрнай эпохі, і гэта можа стацца або зьместам, або назовам наступнага дзесяцігодзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG