Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Дэлегацыя Рады Эўропы на чале з лёрдам Раселам Джонсанам сёньня наведала раёны Чачні, якія знаходзяцца пад расейскім кантролем, а таксама Інгушэтыю. Яна правяла перамовы з прэм'ер-міністрам Інгушэтыі Магамэдам Мархіевым, а таксама наведала лягар уцекачоў з Чачні. Праз тыдзень на падставе справаздачы гэтай дэлегацыі справу Чачні будзе абмяркоўваць Рада Эўропы.

Між тым, пакуль міжнародная супольнасьць вырашае, якім жа чынам рэагаваць на чачэнскі канфлікт, у Чачні кожны дзень гінуць людзі. Вайна зьбірае сваё крывавае жніво.

Вайсковая перавага расейцаў над чачэнскімі атрадамі нагэтулькі выразная, што, здавалася б, у гэтай вайны можа быць толькі адзін вынік – перамога расейскага войска і вяртаньне Чачні пад кантроль Расеі. Але, калі мы прааналізуем ход папярэдняй чачэнскай вайны, якая цягнулася на працягу двух гадоў (1994 – 1996), дык расейцы адчулі сапраўдны цяжар чачэнскіх удараў толькі тады, калі расейскія гэнералы ўжо адрапартавалі ў Маскве пра пераход усей тэрыторыі Чачні (у тым ліку і Грознага) пад расейскі кантроль.

Вось і цяпер вайна ідзе паводле падобнага сцэнару. У Маскве міністар унутраных справаў Уладзімер Рушайла паведаміў, што баі ў Грозным павінны скончыцца праз некалькі дзён. Тое самае пацьвердзіў і прэсавы сакратар расейскага міністэрства абароны Канстантын Кухарэнка. На прэсавай канфэрэнцыі ў міністэрстве ён заявіў: "Пачалася рашучая фаза апэрацыі вызваленьня Грознага".

І сапраўды, ўчора з раніцы расейскія войскі з трох бакоў: поўначы, захаду і ўсходу, пачалі наступ на цэнтар Грознага. Расейскае тэлебачаньне паведамляе, што часам расейскіх і чачэнскіх жаўнераў аддзяляе пад час бою ўсяго некалькі дзясяткаў мэтраў. У якасьці першачарговых мэтаў расейцы хочуць захапіць раён плошчы Мінутка і мост праз раку Сунджу, якая дзеліць Грозны амаль на дзьве роўныя часткі. Тактыка расейскага войска палягае ў тым, каб зламаць адзінае кола чачэнскай абароны, падзяліць яе на некалькі ізаляваных ачагоў супраціву, якія можна будзе пазьней зьнішчыць паасобку.

Чачэнскі ж бок лічыць, што з захопам расейцамі Грознага вайна далёка ня скончыцца. Міністар абароны Чачні Магамэд Хамбіеў заявіў: "Пэрыяд баёў на сталых стратэгічных пазыцыях наблізіўся да канца. Ад гэтага часу мы пераходзім да тактыкі пераважна партызанскіх дзеяньняў". Аб гэтым сьведчаць і паведамленьні замежных карэспандэнтаў зь месца баёў. Карэспандэнт нашага радые Алег Кусаў паведамляе з Паўночнага Каўказу:

(Кусаў: ) "Есьць інфармацыя, што чачэнскія часткі паспрабуюць прабіцца ў Дагестанскія горы ў раён Шумадзінска.

Ваенныя паведамляюць, што часткі 136-й мотастралковай брыгады самі намагаюцца заняць пазыцыі ў Шаруйскім раёне, каб прадухіліць дзеяньні чачэнцаў. Расейскія афіцэры робяць тое, што загадвае камандаваньне, але яны добра разумеюць, што немагчыма перакрыць усе магчымыя шляхі адступленьня чачэнцаў на вышыні каля 2500 мэтраў.

З ваенных крыніцаў я даведаўся, што сярод чачэнцаў ваююць два дагестанскія атрады. Яны вельмі добра ведаюць мясцовасьць і могуць дапамагчы сваім баявым сябрам схавацца высока ў гарах. Тое, што адбываецца ў раёне Шаруйска, – гэта сапраўдная партызанская вайна.

Чачэнскія войскі наносяць удары па расейцах із заўчасна падрыхтаваных узмоцненых пазыцыяў у горных пячорах. Фэдэральныя войскі штодня страчваюць дзесяткі жаўнераў, але яны нічога ня могуць зрабіць. Напрыклад, у раёне вёсак Кіры, Дай і Іхумой чачэнцы ваююць з горных пячораў, дзе яны маюць склады боепрыпасаў, харчаваньня і, нават, шпіталь на 80 ложкаў".

Расейскае камандаваньне сьцьвярджае, што пачаліся рашучыя баі, якія могуць вырашыць ход усёй чачэнскай кампаніі. Але дакладна такія самыя заявы рабілі яны на працягу ўсіх двух гадоў мінулай чачэнскай вайны. Гісторыя, магчыма, паўтараецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG