Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Гэтымі днямі адбываюцца актыўныя вонкапалітычныя кантакты паміж прадстаўнікамі Беларусі й краінаў азіяцкага рэгіёну. У Менску знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя зь Ірану, а Кувэйт наведаў міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў.

Асноўная мэта актывізацыі дыпляматычных кантактаў з азіяцкімі дзяржавамі – павелічэньне экспарту беларускае прадукцыі ў гэтыя краіны й пошук новых рынкаў збыту. Задача асабліва актуальная зараз, на фоне крызысу ў Расеі і нежаданьня Захаду адчыняць свае рынкі для беларускіх тавараў. Іран у гэтым сэнсе разглядаецца ў Беларусі як даволі пэрспэктыўны й заможны рынак, які нельга ўпускаць, асабліва цяпер, калі гэтая краіна робіцца больш адкрытай для Захаду.

Сёньня апошні, трэці дзень візыту ў Беларусь парлямэнцкае дэлегацыі Іслямскай Рэспублікі Іран на чале зь першым намесьнікам старшыні Мэнджлісу (парлямэнту гэтае краіны), сакратаром вышэйшае Рады Нацыянальнае бясьпекі Хасанам Рухані.

Сярод шэрагу праведзеных за гэтыя дні афіцыйных, пратакольных сустрэчаў варта адзначыць сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, якія наведалі госьці. Гэты пералік красамоўна паказвае сфэру інтарэсаў іранскае дэлегацыі – Беларускае оптыка-мэханічнае аб'яднаньне (БелОМА), навукова-вытворчае аб'яднаньне «Азот», БелАЗ і Барысаўскі рамонтавы завод № 140.

«Азот» – гэта, як вядома, калійныя ўгнаеньні, якіх летась было пастаўлена ў Іран больш як на 6 мільёнаў даляраў. А вось два іншыя прадпрыемствы непасрэдна зьвязаныя з вытворчасьцю і рамонтам вайсковае тэхнікі. БелОМА вырабляе, да прыкладу, оптыку на патрэбы арміі, а на Барысаўскім рамонтавым заводзе рамантуюць танкі, БТРы ды іншую тэхніку.

Невыпадкова ў складзе іранскае дэлегацыі выканаўчы дырэктар дэпартамэнту паветрана-касьмічнае прамысловасьці міністэрства абароны Ахмад Дастджэрдзі.

Зрэшты, адзін з чыноўнікаў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі запэўніваў мяне, што Беларусь не прадае ў Іран зброю. «Хаця ўвогуле падобнымі справамі й кантактамі займаецца Шэйман. А пры размове іранцаў з кіраўніком Рады бясьпекі прадстаўнікоў нашага міністэрства не было» – адзначыў дыплямат.

Актывізацыя беларуска-іранскіх стасункаў, якая назіраецца апошнія гады, прывяла да пэўных эканамічных вынікаў – за 10 месяцаў мінулага году таваразварот паміж дзьвюмя краінамі павялічыўся на 16 адсоткаў і дасягнуў 14 мільёнаў даляраў. Ажыўляюцца й палітычныя кантакты – у сакавіку 1998 –га Іран наведваў прэзыдэнт Беларусі, цяпер зь беларускага боку прэзыдэнту Ірану перададзеныя запрашэньні наведаць Беларусь.

Цяпер – пра іншы візыт. Учора позна ўвечары беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым вярнулася з Кувэйту, дзе правяла тры дні. Спадар Латыпаў сустрэўся з кіраўніком кувэйцкае манархіі – эмірам, а таксама са сваім калегам з вонкапалітычнага ведамства.

Але асноўнай мэтаю паездкі была спроба прыцягнуць замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. Як паведаміў мне адзін зь сябраў беларускае дэлегацыі, тэмаю перамоваў стала пэрспэктыва інвэставаньня ў сьветлагорскі завод «Хімвалакно». Пад час сустрэчы з кіраўніцтвам кувэйцкага фонду эканамічнага разьвіцьця размова йшла пра магчымую суму ўкладаньняў у гэты завод, што можа дасягнуць 8-10 мільёнаў даляраў.

У складзе беларускае дэлегацыі быў і кіраўнік Менскага аўтамабільнага заводу Валянцін Гурыновіч. Дырэктар МАЗу вывучаў у Кувэйце ўмовы й правілы тэндэру, аб'яўленага ўрадам гэтае краіны. Калі МАЗу ўдасца выйграць тэндэр, то Кувэйт можа купіць у завода аўтобусы, цягачы ды іншую тэхніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG