Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Маскве адбыўся пазачарговы сход акцыянэраў беларуска-расейскае нафтавае кампаніі "Слаўнафта". Яе новым кіраўніком абраны расеец Міхал Гуцарыеў. За яго на сёньняшнім паседжаньні ўласьнікаў кампаніі было аддадзена 87 адсоткаў галасоў.

Міхал Гуцарыеў – асоба, вядомая ў Расеі як сярод прамыслоўцаў, гэтак і ў палітычных колах. У Дзяржаўнай думе мінулага скліканьня ён займаў пасаду віцэ-сьпікера. У мінулым – сябра Лібэральна-дэмакратычнае партыі, якую ўзначальвае небезьвядомы Ўладзімер Жырыноўскі.

Сёньняшні ўзьлёт аднаго з "сокалаў Жырыноўскага" прагназаваўся. Прозьвішча Гуцарыева як найбольш рэальнага кандыдата на пасаду новага прэзыдэнта "Слаўнафты" ў маскоўскіх сродках масавай інфармацыі ўпершыню прагучала некалькі месяцаў таму. Паведамлялася, што яго актыўна рухае наверх расейскі міністар паліва й энэргетыкі Віктар Калюжны.

Кіраўніку нафтавага ведамства прыйшоўся недаспадобы цяпер ужо былы прэзыдэнт "Слаўнафты" Васіль Дума. Напярэдадні сёньняшняга сходу Віктар Калюжны на старонках газэты "Сегодня" адкрыта назваў спадара Думу няпрафэсіяналам.

На думку многіх экспэртаў, такое тлумачэньне не адпавядае сапраўднасьці. Рэч у іншым. Палітычная кан'юнктура ў Расеі спрычынілася і да актыўнага перадзелу найбольш даходнага бізнэсу. У першую чаргу – у нафтавай сфэры, дзе яшчэ захавалася дзяржаўная ўласнасьць. Якраз у "Слаўнафце" доля ўласнасьці расейскае дзяржавы складае на сёньняшні дзень тры чвэрці ўсяго капіталу кампаніі. Таму таго, на чыю кандыдатуру ўказаў міністар Калюжны – і абралі кіраўніком.

Між тым, "Слаўнафта", як вядома, расейска-беларуская кампанія. Але беларусы валодаюць у ёй толькі прыблізна дзясятай часткаю ўласнасьці. І таму аніякага рэальнага ўплыву на падзеі, зьвязаныя з кампаніяй, ня маюць.

Кіраўнік дзяржаўнага канцэрну "Белнафтахім" Іван Бамбіза й намесьнік кіраўніка Дзяржмаёмасьці Васіль Некрашэвіч, якія бралі сёньня ўдзел у абраньні прэзыдэнта "Слаўнафты", на вынік галасаваньня паўплываць не маглі.

Гэтак жа, як і ў 1998 годзе. Тады была аналягічная сытуацыя: тагачасныя палітычныя сілы Расеі палічылі немэтазгодным знаходжаньне на пасадзе кіраўніка кампаніі Анатоля Фаміна. У той жа час Аляксандар Лукашэнка яго падтрымліваў.

Але да Лукашэнкі не прыслухаліся: Фаміна зволілі й прызначылі Васіля Думу. Лукашэнка ці ня год выказваў да яго адмоўнае стаўленьне. Але мінулай восеньню такія адносіны зьмяніў. Рэч у тым, што Дума зарэкамэндаваў сябе, паводле меркаваньня беларускіх экспэртаў, якраз прафэсіяналам.

Калі ён заняў пасаду, Беларусь мела запазычанасьць перад "Слаўнафтаю" каля 40 мільёнаў даляраў. За год Дума здолеў дапамагчы зьліквідаваць фактычна ўсю гэтую запазычанасьць. Зь ягонай ініцыятывы былі знойдзеныя новыя схэмы ўзаемаразьлікаў (у тым ліку бартэрныя). Лукашэнку, вядома, гэта спадабалася. Аднак, нягледзячы на гэта, адкрыта абараняць Васіля Думу беларускі бок зараз не наважыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG