Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня беларускі ўрад на паседжаньні Прэзыдыюму йзноў разглядаў сытуацыю ў сельскай гаспадарцы. Гаварылі пераважна пра падрыхтоўку да сяўбы. Між тым, надзвычай складанае становішча склалася сёньня ў жывёлагадоўлі. Да вясны значная частка статку можа проста не дажыць з-за бяскорміцы.

Пра сытуацыю ў жывёлагадоўлі я размаўляла з кіраўніком аднаго з калгасаў. На жаль, ягонае прозьвішча й нават раён, дзе знаходзіцца гаспадарка, ён прасіў не называць, бо хоча застацца на сваёй пасадзе.

Калгасу не хапае камбікармоў. Няма й грошай на тое, каб іх набыць. Паводле словаў старшыні, камбікармоў і кармавых дадаткаў калгасу хопіць толькі да лютага. Чым карміць жывёлу потым – ён не ўяўляе. Таму спрабуе прадаць худобу ў іншыя, багацейшыя гаспадаркі, дзе жывёліны будуць забясьпечаныя кармамі.

Аналягічным чынам спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы й кіраўнікі іншых гаспадарак. Аднак сутыкаюцца зь яшчэ адной праблемаю: багацейшыя калгасы не сьпяшаюцца аддаваць грошы за жывёлу. У лепшым выпадку яны могуць заплаціць частку сумы камбікармамі.

Старшыня паведаміў, што ў яго няма магчымасьці "пусьціць пад нож" частку статка. Калі б ён гэта зрабіў, то, па-першае, разьлічыўся б па заробках з працаўнікамі, па-другое – набыў камбікорм для рэшты статку. Аднак існуе распараджэньне Лукашэнкі, якім забаронена зьмяншаць пагалоўе. З аднаго боку, гэта зразумела – калі шматлікія гаспадаркі пусьцяць жывёлінаў "пад нож" – празь некалькі месяцаў краіна паўстане перад дэфіцытам мяса, паколькі на аднаўленьне статку патрэбна шмат часу. З другога боку, некалькі багатых калгасаў таксама ня маюць магчымасьці пракарміць усю жывёлу ў раёне.

Яшчэ адная сур'ёзная праблема, зь якой сутыкнулася беларуская жывёлагадоўля – адсутнасьць грошай на закупы вэтэрынарных прэпаратаў. У выніку – калгасы ня ў стане рабіць прышчэпкі маладняку. У гаспадарцы, са старшынём якой я размаўляла, раней выжывалі 9 парсюкоў зь 10, цяпер – толькі 5-6.

Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня абвесьціла пра пачатак конкурсу на пастаўкі вэтэрынарных прэпаратаў. Але тут ён можа сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, што й раней: грошай у дзяржавы няма, а фірмы згодныя пастаўляць свае тавары толькі па ўсясьветных коштах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG