Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня створаная Лукашэнкам "Палата прадстаўнікоў" разглядала ў другім чытаньні бюджэт 2000 году.

Тыдзень таму, калі бюджэт разглядаўся ў першым чытаньні, у "Палаце прадстаўнікоў" прысутнічалі амаль усе міністры. Сёньня з раніцы ў Авальную залю таксама прыйшлі прадстаўнікі ўраду на чале з прэм'ерам Сяргеям Лінгам.

Але бальшыня зь іх пакінула паседжаньне адразу пасьля абмеркаваньня сытуацыі ў падаткаабкладаньні. Гэтае пытанне – адное з самых складаных на сёньняшні дзень. Як паведаміў мне сябра "Палаты прадстаўнікоў" Валеры Драко, канчаткова сытуацыя з падаткаабкладаньнем вырашыцца толькі пасьля таго, як стане зразумелым стаўленьне новага расейскага кіраўніцтва да інтэграцыі зь Беларуссю.

Дарэчы, "Палаце прадстаўнікоў" нават не было прапанавана зацьвердзіць новы парадак спагнаньня падатку на даданую вартасьць. Парадак дзейнічае з пачатку году й стварыў шмат праблемаў. Напрыклад, вядома, што многія гандляры ў невялікіх гарадох вымушаныя зачыняць свае крамы.

Да таго ж склалася вельмі складаная сытуацыя ў цэнаўтварэньні. Дзяржава працягвае рэгуляваць цэны, але павелічэньне падатку аўтаматычна прывяло да іхнага падвышэньня.

На мінулым тыдні, калі "Палата прадстаўнікоў" пачала разгляд праекту бюджэту, яе сябрам прапанавалі хуценька прыняць бюджэт у першым чытаньні й зрабіць усе папраўкі да другога чытаньня. Папраўкі былі зробленыя, але яны ня тычыліся асноўных паказьнікаў бюджэту. Выдатковая і прыбытковая часткі, а таксама дэфіцыт бюджэту засталіся на тым жа ўзроўні, што й раней. Асноўныя зьмены закранулі сацыяльныя артыкулы, ахову здароўя і адукацыю. Фінансаваньне гэтых сфэраў было падвышанае. На тым жа ўзроўні, што й раней, засталося фінансаваньне праваахоўных структураў. Яно складзе больш за 128 мільярдаў рублёў.

Сябра "Палаты прадстаўнікоў" Валеры Драко назваў бюджэт кампрамісам паміж урадам і "дэпутатамі". У інтэрвію нашаму радыё Драко паведаміў, што ня мае намеру спрачацца з урадам:

(Драко: ) "Разумееце, гэта безсэнсоўна. Гэта кампрамісны бюджэт. Бо мы разумеем – калі закрануць любы артыкул, можна да наступнага новага году не прыняць бюджэт. А асноўная праца праходзіла пасьля першага абмеркаваньня – хто нешта здымаў, хто заставаўся на сваіх пазыцыях, хто нешта выносіў на галасаваньне ў Авальнай зале".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG