Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Зінаіда Ганчар, жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара, падала скаргу ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў адносна факту зьнікненьня свайго мужа.

Зінаіда Ганчар зьвярнулася са скаргаю ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў пасьля таго, як прайшла амаль праз усе праваахоўныя інстанцыі, патрабуючы ад іх дасьледваньня факту зьнікненьня свайго мужа. Зінаіда Ганчар лічыць, што не атрымала ад іх станоўчага адказу. Яна паведаміла нашаму радыё:

"З моманту гэтага злачынства прайшло ўжо чатыры месяцы. За гэты час я зьвярнулася ва ўсе праваахоўныя структуры: пракуратуру, КГБ і МУС, і не атрымала аніякага ўцямнага адказу. Гэта звычайныя адпіскі, у якіх гаворыцца пра тое, што сьледзтва йдзе, што яны маюць нейкую інфармацыю, але ў мэтах сьледзтва ня могуць яе афішаваць. Таму я вымушаная зьвярнуцца ў Камітэт у Правах чалавека пры ААН, у групу, якая дасьледуе гвалтоўныя зьнікненьні людзей.

Спадзяюся на тое, што, магчыма, зь іх дапамогаю стане магчымым раскрыць ці высьветліць карціну гэтага злачынства. Я разьлічваю на дапамогу й на тое, што гэтая група будзе ставіць пытаньні непасрэдна перад урадам Рэспублікі Беларусь і, магчыма, тады справа зрушыцца зь мёртвай кропкі. Я спадзяюся на тое, што ААН, сябрам якой зьяўляецца й Беларусь, прымусіць Лукашэнку прытрымлівацца нормаў міжнароднага права", – паведаміла "Радыё Свабода" Зінаіда Ганчар.

Яна і яе сын Андрэй, які вучыцца ў адзінаццатай клясе, ужо чатыры месяцы кожны дзень чакаюць пра Віктара якіх-небудзь зьвестак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG