Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

"Не праз гады, а праз месяцы Расеі будзе сорамна за тое, што яна робіць у Чачні". Гэтыя словы прамовіў учора ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу НТВ Васіль Быкаў. Народны пісьменьнік Беларусі знаходзіцца ў Маскве, дзе яму ўчора была ўручаная грамадзкая прэмія "Трыюмф" за ўнёсак у разьвіцьцё культуры. Мы зьвязаліся з Масквой і ўзялі інтэрвію ў Васіля Быкава.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Васіль, скажыце, якія ў вас былі пачуцьці, калі вы атрымоўвалі гэтую прэмію, і чаму ў сваім інтэрвію вы згадалі Чачню?"

(Быкаў: ) "Ну безумоўна, заўсёды ня толькі для творцы, а наогул для кожнага чалавека прыемна, калі яго праца нейкім чынам ацэньваецца. Тым больш што мы, літаратары, цяпер ня надта расьпешчаныя такога рода матэрыяльнай увагай грамадзтва.

Чаму я Чачню ўспомніў? Пра Чачню ўсе гавораць. Уся справа ў тым, што гавораць. Тое, што гавораць тут, мне надта не падабаецца. І тое, што я слухаю па тэлевізыйных каналах расейскіх – у мяне на гэты конт іншае перакананьне. Я лічу, што гэта вялікае злачынства стагодзьдзя, а можа быць і болей, і што так нельга абыходзіцца з народам. Нейкае ачмурэньне найшло найперш на сродкі масавае інфармацыі, якія падтрымліваюць вайну, ну а пасьля, відаць, і на грамадзтва. Хаця, калі я тут пабыў і пагаварыў зь некаторымі інтэлегентамі, далёка ня ўсе падтрымліваюць тое, што там адбываецца. Але яны маўчаць. Ну а я, карыстаючыся тым, што я ўсё ж грамадзянін іншай краіны, вольнай Беларусі, дзе танкі яшчэ не гуляюць па вуліцах гарадоў, выказаў сваю думку".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Васіль, вы сказалі, што Расеі не праз гады, а праз месяцы будзе сорамна за гэтыю апэрацыю ў Чачні. Адкуль такі аптымізм. Так, сярод інтэлегенцыі, як вы сказалі, ня ўсе адназначна да гэтага ставяцца, але народ "безмолствует?"

(Быкаў: ) "Ну народ заўсёды "безмолствует", але інтэлегенцыя першая павінна ачнуцца ад гэтага кашмару. Гэта ж кашмар, гэта Кашпіроўскі, гэта клініка. Стаўленьне інтэлегенцыі і народа – гэта клініка, гэта загадка для псыхолягаў, відаць, будзе некалі. Я хачу тут спаслацца на нядаўнюю перадачу, якую я бачыў па расейскім канале. Ня памятаю па якім. Калі афіцэры расейскага спэцназу, палкоўнікі, расказвалі пра Афганістан, пра Тбілісі, пра Баку і Вільнюс. Яны гаварылі, што ім сорамна цяпер. Гэты сьпіс сораму будзе вельмі хутка павялічаны – ніколькі не сумняваюся – і Чачнёй, і Грозным".

(Карэспандэнт: ) "Якую інфармацыю, зь якіх каналаў наконт сытуацыі ў Чачні вы атрымоўвалі ў Фінляндыі".

(Быкаў: ) "У Фінляндыіі інфармацыя ў мяне была абмежаваная, таму што ў мяне тэлевізара не было там, і я лічыў гэта ўсё-ткі не захопам, а цяпер, калі я пазнаёміўся з расейскім тэлебачаньнем, я бачу, што гэта была вялікая ўдача – я гэтага бруду прамінуў неяк. Інфармацыя была: "Свабода", ВВС, Дойчэ Вэльле, Голас Амэрыкі. Фінскамоўны друк таксама інфармаваў даволі аб'ектыўна".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Васіль, вось вы сказалі, што расейская інтэлегенцыя павінна выступіць, павінна выказацца. А ці выкажацца яна? Вось з таго часу, што вы пасьпелі пакантактаваць з вашымі калегамі…"

(Быкаў: ) "Паверце, я ня ведаю. Ці адважацца яны на гэта, я ня ведаю. Але прыйдзе час – выкажуцца. Вядома ж, славяне – тугадумы, у тым ліку і расейцы, беларусы таксама. Трэба нейкі час, каб асэнсаваць, каб са сьпіннога мозгу перайшло ў галаўны мозг. Я думаю, што гэта будзе. Хутчэй, чым некаму здаецца".

(Карэспандэнт: ) "Гэтая прэмія – такі знакавы момант, што ў Беларусі вы даўно ўжо не атрымоўвалі ніякіх прэміяў, і з цяжкасьцю друкуюцца вашыя кніжкі, я маю на ўвазе праграмныя матэрыялы для школьнікаў, і тое, што творы апошніх гадоў – яны ці выходзяць у незалежным друку, газэце "Наша Ніва". Як вы ацэньваеце гэтыю сытуацыю, што вось прызнаньне расейскім бокам, і замоўчваньне афіцыйным Менскам?.."

(Быкаў: ) "Што датычыць гэтага "Трыюмфу", то ўсё ж гэта, прынамсі намінальна, лічыцца незалежнай прэміяй, і распараджаюцца там дэмакраты зь ліку расейскай творчай інтэлегенцыі. Там амаль што ўсе харошыя людзі. Хаця можа быць пазыцыі іх па некаторых пытаньнях ня ўсе супадаюць, але прынамсі да мяне, да маёй творчасьці найперш, яны адносяцца, як бачыце, добра. Я гэта і мушу расцэньваць, як знак прыязнасьці. Я ім удзячны за гэта. Я кажу, мы не настолькі распешчаныя, каб выбіраць у гэтым сэнсе".

(Карэспандэнт: ) "Заўтра вы будзеце ўжо ў Беларусі. Якія вашыя пляны, якія першыя крокі творчыя? Ці зьбіраецеся вы мець нейкія сустрэчы з грамадзкасьцю? Калі ласка, пра вашыя пляны творчыя і грамадзкія".

(Быкаў: ) "Не, радзі Бога, з грамадзкасьцю я не хачу сустракацца. Я ўжо многа сустракаўся з грамадзкасьцю, і апроч маральных сінякоў мне гэта ніколі нічога не прыносіла. Вось. Або гэта былі ілюзіі, якія вельмі хутка разьвейваліся. Або гэта былі проста скабрэзныя, непрыемныя сутычкі. Я нешта яшчэ хачу напісаць. Проста напісаць. І нічога больш.
Бо мой век ужо канчаецца, а здароўе такое, што не дае магчымасьці будаваць нейкія пляны. Той стары яўрэй свае пляны мяркуе толькі да сыботы".

(Карэспандэнт: ) "У інтэрвію нашаму Радыё ў дзень падпісаньня беларуска-расейскай дамовы, вы сказалі, што гэта канец гісторыі Беларусі. Вось за гэты час, які прайшоў, і за які стала відавочна, што да стварэньня адзінай дзяржавы яшчэ як далёка, ці памянялася вашая такая пэсымістычная ацэнка гэтых працэсаў, ці можа яна крыху інакш афарбавалася?"

(Быкаў: ) "Я ніколі ня быў, так сказаць, староньнікам адзінае дзяржавы.
Як можна будаваць нейкія адзіныя дзяржавы цяпер, напрыканцы ХХ стагодзьдзя або на рубяжы трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага? Нацыі самавызначыліся, і дзяржавы, па крайняй меры ў Эўропе, даўно ўжо вызначыліся перш за ўсё паводле нацыянальнага прызнаку. І я ўпэўнены, што так ня будзе, таму што тут сусьветны розум гэтаму супраціўляецца. Нездарма, нягледзячы на гэтыя самыя высілкі, тытанічныя высілкі, зруху ніякага няма".

(Карэспандэнт: ) "І апошняе пытаньне. Вы сказалі, што вы хацелі б нешта напісаць. Спадар Васіль, што б вы хацелі напісаць пра Беларусь, ці пра людзей?"

(Быкаў: ) "Ну я бачу, што стыль, ня толькі культурная парадыгма, але і ўсё вакол мяняецца таксама. Я, канешне, не староньнік постмадэрнізму, гэта ўжо стыль новых пакаленьняў, але я ўсё ж хачу заставацца верным двум пачаткам. Гэта – пачатак нацыянальны і пачатак гуманістычны".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG