Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Экспэрты-кампутаршчыкі і фінансісты на ўсім сьвеце з палёгкаю ўздыхнулі пасьля таго, як першыя дні новага 2000 году не прынесьлі праблемаў у кампутарным абслугоўваньні амаль усіх галінаў жыцьця чалавека. Аднак, некаторыя экспэрты сьцьвярджаюць, што цешыцца яшчэ зарана. Наперадзе новыя выпрабаваньні.

На думку некаторых экспэртаў, наступныя некалькі дзён 2000 году будуць мець вырашальнае значэньне для пераадоленьня праблемы "міленіум баг", праблемы, зьвязанай з пераводам сусьветных кампутарных сетак на працу ва ўмовах 2000-га году. Гэта пэрыяд, калі бальшыня насельніцтва сьвету вяртаецца на працу пасьля калядных і новагодніх сьвятаў.

Пітэр дэ Ягер, канадскі кампутарны экспэрт, які адзін зь першых зьвярнуў увагу сьвету на праблему "міленіўм баг", лічыць, што толькі 10% кампутараў на сьвеце былі ўключаныя ў пэрыяд сьвятаў. На ягоную думку, праблема "міленіўм баг" далека яшчэ не пераадоленая.

Зь ім пагаджаецца іншы сусьветна вядомы экспэрт у гэтай галіне, кіраўнік спэцыяльна створанай для вырашэньня гэтай праблемы кампаніі "Заданьне 2000-га году" Робін Гюнтэр. "Я мяркую, што наперадзе новыя праблемы", – сьцвердзіў ён.

Міністар ў справах "міленіўм баг" брытанскага ўраду Маргарэт Бэккет, таксама лічыць, што толькі наступныя дні будуць мець вырашальны характар. Нельга забываць, што ў канцы лютага, калі мы будзем мець 29 дзень гэтага месяцу, кампутарныя сеткі сьвету чакае новае выпрабаваньне: 2000-ы год – высакосны.

Асаблівую палёгку ў кампутаршчыкаў сьвету выклікала тое, што ў першыя дні новага году амаль не было праблемаў у ядзерных дзяржаваў посткамуністычнага і камуністычнага сьвету: Расеі і Кітаю.

Сярод дробных праблемаў, якія здарыліся на сьвеце з кампутарнымі сеткамі, варта адзначыць затрыманьне на тры гадзіны 30 сьнежня кампутарнай сеткі Оксфардскага вакзалу ў Вялікай Брытаніі, прыпыненьне на тры гадзіны ў сувязі з кампутарнымі праблемамі працы завода ядзернай зброі ў амэрыканскім штаце Тэнэссі, а таксама страту на некалькі гадзінаў амэрыканскага спадарожніка-шпіёна.

У Японіі на адным з вакзалаў перастала працаваць машына, якая прадавала чыгуначныя білеты. На адной з атамных электрастанцыяў была абвешчаная фальшывая радыяцыйная трывога.

Сярод першых камэнтароў і рэакцыяў афіцыйных асобаў на праблему пераадоленьня "міленіўм баг" адзначым галасы задавальненьня, што чалавецтва добра падрыхтавалася да пачатку 2000-га году.

У Лёндане высокапастаўлены дзяржаўны супрацоўнік выказаў задавальненьне ў сувязі з тым, што прыблізна 30 млрд. даляраў, якія пайшлі на падрыхтаваньне кампутарных сетак краіны да 2000 году, былі выдаткаваныя разумна.

Джон Косінгэн, спэцыяльны дарадчык прэзыдэнта ЗША ў гэтай справе, заявіў, што гэта быў самы сур'ёзны выклік усясьветнаму мэнэджмэнту за апошнія 50 год. На ягоную думку, прыблізна 100 млрд. даляраў, выдаткаваныя ўрадам ЗША на пераадоленьне "міленіўм баг", пайшлі ня марна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG