Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня адбылася тэлефоная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і выконваючым абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Пад час размовы кіраўнік Беларусі выказаў упэўненасьць, што Пуцін працягне лінію на інтэграцыю Беларусі й Расеі. Бакі дамовіліся пра асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час.

Сёньняшняя размова Лукашэнкі з Пуціным была першай пасьля адстаўкі Ельцына й прызначэньня прэм'ера Расеі на новую пасаду. А што казаў Уладзімер Пуцін пра беларуска-расейскую інтэграцыю раней, калі быў толькі кіраўніком расейскага ураду?

Першую заяву наконт двухбаковых стасункаў Пуцiн, прызначаны прэм'ерам у жнiўнi, зрабiў 2 верасьня, напярэдаднi вiзыту ў Менск. Ён сказаў, што Хаўрус Расеi і Беларусi ёсьць гiстарычным шанцам, i было б памылкаю яго ўпусьцiць.

Але старшыня расейскага ўраду дадаў, што выкарыстаць гэты шанец трэба такiм чынам, каб не зрабiць шкоду эканамiчным i палiтычным складнiкам анi Расеi, анi Беларусi. Пуцін даў зразумець, што ня лiчыць любую iнтэграцыю аўтаматычна i абавязкова карыснай для Расеi. Раней такiя думкi прадстаўнiкi афiцыйнай Масквы публiчна не выказвалi.

Варта адзначыць, што ў далейшым гэты падыход паўставаў у выступах Пуцiна неаднаразова. 8 верасьня пад час традыцыйнага першага вiзыту на Беларусь прэм'ер Расеi, прамовiўшы ўсе неабходныя iнтэграцыйныя словы, зрабiў выгляд, што не зразумеў празрыстага намёку Лукашэнкi, што аб'яднаньне прадугледжвае выкананьне дамовы аб роўных магчымасьцях гаспадараньня – гэта значыць, аб роўных цэнах на энэрганосьбiты.

Розьнiцу падыходаў выявілі i кароткiя заявы Лукашэнкi i Пуцiна, зробленыя ў маскоўскiм аэрапорце 8 сьнежня, у дзень падпiсаньня дамовы аб стварэньнi хаўруснае дзяржавы.

На пытаньне, як ён ацэньвае той факт, што дамова падпiсваецца ў гадавiну падпiсаньня белавескiх пагадненьняў, Лукашэнка ўзьнёсла адказаў, што гэта зьяўляецца добрым сымбалям маральнага ўзнаўленьня справядлiвасьцi. Пуцiн зьнiзiў патас госьця, суха адзначыўшы, што дамова служыць палiтычнай i эканамiчнай мэтазгоднасьцi для двух народаў.

Падобныя тэзы прагучалi i ў прамове прэм'ера Расеi 22 сьнежня, калi ён прадстаўляў дамову на зацьвярджэньне Рады Фэдэрацыi. Пуцiн адзначыў, што дамова не закранае статусу суб'ектаў Фэдэрацыi, i што пытаньнi аб ўключэньнi Беларусi ў склад Расеi цi выраўноўваньня статусу Беларусi й суб'ектаў Фэдэрацыi – па-за межамi дамовы.

Прэм'ер таксама падкрэсьлiў, што ўрад i прэзыдэнцкiя структуры будуць весьці iнтэграцыйную працу выключна ў iнтарэсах Расеi. Адказваючы на пытаньне аднаго з сэнатараў, Пуцiн удакладнiў сваю думку, сказаўшы: «Нельга дапусцiь таго, каб працэс iнтэграцыi нанёс шкоду iнтарэсам Расеi, каб з Расеi выцягвалi рэсурсы».

Iзноў мы сустракаемся з тым жа падыходам: не любая iнтэграцыя выгадная Расеi, Расея не павiнна аплочваць iнтэграцыйныя эмоцыi реальнымi рэсурсамi.

Зразумела, у прамовах Пуцiна прысутнiчалі й стандартныя тэзы пра еднасьць, братэрства i ўсё астатняе. Але, мяркуючы па ўсiм, новы акцэнт быў пачуты ў Менску i не прынёс беларускаму кiраўнiку вялiкага задавальненьня.

17 сьнежня пад час прэсавае канфэрэнцыi на Беларускай тэлевізіi Лукашэнка раптам заявiў, што «пакуль рана казаць аб прэзыдэнцкiх амбiцыях Пуцiна». Ведаючы, што адбылося 31 сьнежня, варта адзначыць. што прагназыст з кiраўнiка Беларусi – ня самы лепшы.

Але гэта, хутчэй за ўсё, быў не прагноз, а выкід раздражненьня, спроба, так бы мовiць, загаварыць рэальную, але вельмi непрыемную пэрспэктыву. На той жа прэсавай канфэрэнцыi Лукашэнка заўважыў, што, хоць Пуцiн i прыхiльнiк iнтэграцыi, але цяжка сказаць, якую палiтыку ў дачыненьні да Беларусі будзе праводзіць прэм'ер Расеi ў выпадку абраньня яго прэзыдэнтам.

Лукашэнка таксама назваў Пуцiна «абсалютна прагматычным кiраўнiком». Нагадаем, што пра iншых расейскiх палiтыкаў кiраўнiк Беларусi выказваўся куды больш шчыра: Лужкоў у яго быў «сябрам», Прымакоў – «настаўнiкам».

Падаецца, што час, калi Лукашэнка мог эксплюатаваць iнтэграцыйныя сантымэнты, застаўся ў ХХ стагодзьдзi. Новы кiраўнiк Расеi мае намер «зьбiраць расейскiя землi» ня менш, чым Ельцын, але ня мае сантымэнтаў папярэднiка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG