Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Прага

(эфір заўтра)
Улады многіх краінаў сьвету зь непакоем чакалі надыходу 2000 году. Прычынай прыняцьця беспрэцэдэнтных мераў бясьпекі ў Ню-Ёрку, Рыме, Ерузаліме ды іншых сталіцах, сталі шматлікія пагрозы з боку тэрарыстычных арганізацыяў і рэлігійных фанатыкаў-фундамэнталістаў арганізаваць сапраўдны "канец сьвету".

Галоўным аб'ектам для рознага роду экстрэмістаў стаў сьвяты горад Ерусалім, дзе 31-га сьнежня хрысьціяне адзначаюць надыход 3-га тысячагодьдзя, мусульмане – апошнюю пятніцу сьвятога месяца Рамадан, а юдэі – дзень шабату.

Яшчэ задоўга да навагодняй ночы ў Ерусалім пачалі прыбываць сябры розных сэктаў, якія лічаць, што з надыходам 2000-га году ў сьвятым горадзе адбудзецца другое прышэсьце ў сьвет мэсіі Ісуса, пасьля чаго адбудзецца апошні суд. Лідэры рэлігійных экстрэмістаў заклікалі сваіх падначаленых не чакаць суднага дня і самім пачаць АпакалІпсыс. Напярэдадні Новага году ізраільская паліцыя і спэц-службы, арыштавалі некалькі такіх фанатыкаў, якія апрануўшыся ў белыя прасьціны абвяшчалі людзям пра надыход канцу сьвету. Але асаблівую небясьпеку ўяўляюць тыя экстрэмісты, што зьбіраліся наладзіць самаспленьні й выбухі ў месцах масавага скапленьня людзей.

Можна сабе толькі ўявіць, колькі ахвяраў было б у ЕРУСАЛІМЕ, куды на Каляды й Новы год прыехала некалькі мільёнаў турыстаў і пілігрымаў, калі б не прафэсыйная праца службаў бясьпекі. Тым ня менш, пагроза зьдзяйсьненьня тэрактаў у Ерусаліме, Бэтлееме ды іншых гарадах Святое зямлі ўсё яшчэ існуе. Бо праз тыдзень – праваслаўнае Хрыстовае Раство, і на сьвяткаваньне ў Палестыну зьбіраюцца прыехаць лідэры некаторых дзяржаваў, у тым ліку былы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Таму толькі ў Ерусаліме цяпер усталявана 300 схаваных тэлекамэраў, а да патруляваньня прыцягнута 12 тысячаў дадатковых паліцыянтаў, што ў 20 разоў больш за звычайную сьвяточную норму. Пад асаблівы кантроль таксама ўзяты Рым і Ватыкан, які таксама могуць паспрабаваць заатакаваць рэлігійныя экстрэмісты. У стан павышанай гатоўнасьці таксама прыведзены паліцэйскія гарнізоны ў Парыжы, Лёндане ды іншых заходнеэўрапейскіх сталіцах.

Узброеныя фанатыкі таксама зьбіраліся арганізаваць "канец сьвету" ў Амэрыцы. Паводле зьвестак ФБР, шматлікія сатанісцкія сэкты мелі намер наладзіць невялікую вайну на вуліцах Вашынгтону, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесу і іншых буйных амэрыканскіх мэгаполісаў. Дзеля таго каб прадухіліць гэтыя тэрарыстычныя акты, улады ЗША прынялі ў краіне павышаныя меры бясьпекі. Днямі ў Вашынгтоне адбылася спэцыяльная нарада з удзелам дзяржсакратара Мадлен Олбрайт, шэфа ЦРУ Джорджа Тэнэта и старшыні Аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў Гэнры Шэлтана. Урад Злучаных Штатаў папярэдзіў сваіх грамадзянаў аб небясьпецы тэрарыстычных актаў на Новы Год і Каляды. Амэрыканскія амбасады і іншыя ўстановы па ўсім сьвеце ўзятыя пад асаблівую ахову. А ў самой Амэрыцы ўведзеныя ў дзеяньне больш жорсткія правілы ўезду ў краіну, прынятыя новыя правілы паркоўкі аўтамабіляў у аэрапортах і вакзалах, а агенты спэцслужбаў усталявалі пастаяннае сачэньне за ўсімі падазронымі асобамі. Улады спадзяюцца, што такая тактыка дасьць плён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG