Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Рашэньне Ельцына аб датэрміновым сыходзе са сваёй пасады цалкам адпавядае расейскай Канстытуцыі. Паводле асноўнага закону РФ, прэзыдэнт датэрмінова можа спыніць свае паўнамоцтвы ў выпадку адстаўкі, няздольнасьці зьдзяйсьняць свае абавязкі паводле стану здароўя альбо адхіленьня ад пасады. Пры гэтым выбары новага прэзыдэнта павінны адбыцца не пазьней як праз тры месяцы. Такім чынам, Барыс Ельцын наблізіў прэзыдэнцкія выбары ў Расеі – цяпер яны адбудуцца ў красавіку.

Рашэньне Ельцына было настолькі нечаканым, што нават адразу пахіснула рынак акцыяў: як паведамляе ИТАР-ТАСС, у першыя хвіліны пасьля сэнсацыйнага паведамленьня катыроўкі найбольш ліквідных расейскіх акцыяў упалі ў сярэднім на 3 адсоткі. Потым цэны пачалі расьці і апоўдні падзеньне было ўжо цалкам скампэнсаванае.

Прэыздэнт Францыі Шырак аддаў даніну "гістарычнай ролі Ельцына ў вырашальны для Расеі, Эўропы і ўсяго сьвету пэрыяд". Шырак зьвярнуў увагу на моцныя "асабістыя сувязі", якія склаліся паміж ім і Ельцынам і спрыялі падтрыманьню на высокім узроўні супрацоўніцтва абедзьвюх краінаў". Шырак накіраваў таксама вітальны ліст Уладзімеру Пуціну.

Як нечаканасьць расцаніў прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры рашэньне Ельцына. Тым ня менш, Мэры ўпэўнены, што у дачыненьнях паміж Расеяй і Эстоніяй захаваецца пераемнасьць, і істотных зьменаў ня будзе. Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус таксама "зьдзіўлены" нечаканай адстаўкай Ельцына, аднак выказаў упэўненасьць, што "у Расеі стабільнасьць і надалей будзе захаваная". "Польскі ўрад з увагай прыняў да ведама рашэньне Барыса Ельцына," – гаворыцца ў заяве, якую агучыў міністар замежных справаў Браніслаў Гэрэмэк. Польшча выказвае спадзяваньне, што крызыс у Чачні знойдзе палітычнае вырашэньне, і вайна будзе спыненая. З задвальненьнем адзначаныя апошнія выказваньні Пуціна, якія сьведчаць пра "імкненьне разьвіваць партнэрскія і добрасуседзкія дачыненьні паміж Польшчай і Расеяй".

"Я ўражаны! Гэта – самая эфэктная канцоўка 20 стагодзьдзя, якая толькі магла быць. Гэтая навіна – не мяйсцовага, не расейскага маштабу", – заявіў у інтэрвію радыёстанцыі "Эха Масквы" адзін з лідэраў НДР, дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў. – Гэта – бліскучы, абсалютна прадуманы і лягічна вывераны палітычны крок. Толькі што адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх Пуцін атрымаў перамогу, а ўсе ягоныя праціўнікі зазналі паразу і знаходзяцца ў дэпрэсіі". Паводле Рыжкова, Барыс Ельцын прыняў сваё рашэньне "у кульмінацыйны момант", калі "ніхто так не падрыхтаваны да выбараў, як Уладзімер Пуцін – ягоная папулярнасьць знаходзіцца ў вышэйшым пункце, і няма ніякіх прыкметаў ейнага падзеньня, ён дзеяздольны і актыўны", – зазначыў Уладзімер Рыжкоў.

Амэрыканскія СМІ таксама адзначаюць папулярнасьць Пуціна.

Тэлекампанія CNN, у прыватнасьці, падкрэсьлівае, што гэтая папулярнасьць павінна дапамагчы яму працягваць і паглыбляць дэмакратычныя рэформы ў Расеі. Гутарка ідзе пра зьмену пакаленьняў у кіраўніцтве вялікай краіны, – зазначае CNN. Агенцыя "Associated Press" піша, што рашэньне наконт зьмены крамлёўскага кіраўніка было прынятае "на вяршыні посьпеху", дасягнутага рэфарматарскімі сіламі пад час нядаўніх парлямэнцкіх выбараў."

Адзначыў гістарычную ролю Ельцына і выказаў гатоўнасьць да супрацоўніцтва з Пуціным Біл Клінтан. У Белым Доме разглядаюць рашэньне Ельцына як "драматычны крок з элемэнтам сюрпрызу", які, аднак, "не зьявіўся поўнай нечаканасьцяй".

Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма расцэньвае дабраахвотны сыход з пасады прэзыдэнта – як "мужны крок чалавека, які жадае шчасьця і росквіту сваёй краіне." У заяве Герхарда Шродара падкрэсьліваецца, што ў справе палітычных і эканамічных рэформаў Пуцін можа разьлічваць на падтрымку Нямеччыны.

Тыповым для сёньняшняй заходняй рэакцыі можна назваць выступ Міністра Замежных справаў Велікабрытаніі Робіна Кука.

(Кук: ) "Пад час знаходжаньня прэзыдэнта Ельцына на ягонай пасадзе, Брытанія і Расея пабудавалі трывалыя двухбаковыя адносіны. У інтарэсах абедзьвюх краінаў умацоўваць гэтая адносіны. Мы з нецярплівасьцяй чакаем магчымасьці працаваць з Уладзімерам Пуціным. Ад расейскага народу залежыць, каго ён абярэ прэзыдэнтам. Гэта посьпех Ельцына, што ён стварыў сытуацыю, у якой, пасьля ягонай адстаўкі аднаму дэмакратычна абранаму прэыздэнту Расеі будзе наітупнічаць другі праз дэмакратычны выбар народу Расеі".

Заходнія аналітыкі, аднак, уважаюць, што адыход Ельцына пацягне за сабой некторую зьмену ў адносінах паміж Захадам і Расеяй. Што маецца на ўвазе? Працяглы час дачыненьні Захаду з Расеяй былі ў большай ступені пэрсанальнымі, чымся палітычнымі. Гэта значыць – дачыненьні паміж кімсьці пэрсанальна на Захадзе і чарговым маскоўскім лідэрам. Так было і за Брэжнеўскім часам, і за Гарбачоўскім, і за Ельцынаўскім. Кожная зьмена ў Крамлёўскіх вярхох патрабавала навязваньня новых пэрсанальных сувязяў.

Гэта, па-першае, брала шмат часу, а, па-другое, кожны раз даводзілася абдумваць, якімі павінны быць гэтая новыя адносіны з новым чалавекам. "Гэта тычыцца і цяперашняй сытуацыі: і з-за чэкісцкай біяграфіі Пуціна, і з-за сытуацыі ў Чачні," – зазначае Вашынгтонскі аналітык радыё "Свабода" Пол Гоўбл. – Вядома, палітыкі цяпер будуць расхвальваць Ельцына і абяцаць супрацоўнічаць з Пуціным, аднак, новы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта разглядаецца як аўтарытарная асоба, што з нельга назваць вітаным на Захадзе".

З-за асабістых сувязяў Ельцына на Захадзе і з-за ягоных заслугаў у галіне развала СССР, дэмакратызацыі і ўсталяваньня рынкавай эканомікі заходнія лідэры стрымлівалі сваю рэакцыю на некаторыя расейскія дзеяньні апошняга часу, якія маглі б быць больш рэзка крытыкаванымі і пацягнуць за сабой скарачэньне дапамогі Расеі. Маецца на ўвазе, напрыклад, Маскоўская апазыцыя кампаніі НАТО ў Югаславіі і імкненьне, насуперак дамоўленасьцям, заняць Прышціну раней за аліянтаў, нарошчваньне дачыненьняў зь Іранам ды Іракам, а таксама іншымі антызаходнімі краінамі, вайна ў Чачні і г.д. Цяпер многія заходнія палітыкі ўважаюць, што надыйшоў час узьняць голас супраць падобных дзеяньняў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG