Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Аб'яднаная грамадзянская партыя зьвярнулася з заклікам да ўсіх беларускіх партыяў дэмакратычнага кірунку – зрабіць 2000 год годам узгодненай палітыкі ды рэальнага аб'яднаньня дэмакратычнай апазыцыі.

29 сьнежня ў Менску адбылося пазачарговае паседжаньне палітычнае рады Аб'яднанае грамадзянскае партыі, пад час якога быў зацьверджаны маніфэст "Шлях Беларусі да дэмакратыі".

На думку аўтараў маніфэсту, карані цяперашняга беларускага рэжыму – у настальгіі пэўнае часткі грамадзтва па сацыяльнай абароненасьці й моцнай руцэ, у недаверы да дэмакратычных сілаў. Альтэрнатываю гэтаму можа быць толькі рэалістычная і зразумелая ўсяму насельніцтву праграма трансфармацыі грамадзтва, канцэпцыя будучыні Беларусі.

Вядома, што падобныя дакумэнты ўжо распрацоўваюць некаторыя партыі, а таксама Нацыянальны выканаўчы камітэт, шэраг няўрадавых арганізацыяў. Але аніякая, нават самая дасканалая праграма або канцэпцыя не дапаможа, калі дэмакраты ў Беларусі застануцца, як і раней, разьяднанымі, а амбіцыі некаторых лідэраў будуць ставіцца вышэй за агульныя інтарэсы.

Наколькі магчымае аб'яднаньне дэмакратычных сілаў? Старшыня АГП прафэсар Багданкевіч лічыць, што агульная праца Каардынацыйнае рады палітычных партыяў, якая вядзецца з восені, дае падставу да асьцярожнага аптымізму. Тым больш, што, на думку аўтараў маніфэсту, зараз існуе мэта, якая можа згуртаваць практычна ўсіх незадаволеных рэжымам Лукашэнкі. Гэта – парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.

Палітычная рада АГП разгледзела плян дзеяньняў партыі на 2000 год. Самай адметнай рысаю гэтага дакумэнту зьяўляецца тое, што цяпер партыя ня хоча саступаць уладам правядзеньне розных імпрэзаў, на якія раней ня зьвяртала ўвагі.

Да прыкладу, першым пунктам пляну значыцца сьвяткаваньне Дню вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Менавіта ў гэты дзень партыя хоча правесьці акцыі, альтэрнатыўныя афіцыйным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG