Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Калі падводзіць вынікі году ў галіне вонкавае палітыкі, то варта прызнаць, што ў гэтай сфэры барацьба паміж беларускай уладаю і апазыцыяй завершылася ў нічыю. Ніводнаму з бакоў не ўдалося атрымаць пераканаўчую перамогу, у поўнай ступені не спраўдзіліся спадзяваньні як апазыцыі, так і прэзыдэнцкае каманды.

У 1999 год Беларусь увайшла з новым міністрам замежных справаў. Доктар юрыдычных навук, палкоўнік запасу КГБ Урал Латыпаў быў прызначаны ў сьнежні 98-га, а праз месяц атрымаў незвычайны для сваіх папярэднікаў на гэтай пасадзе ранг віцэ-прэм'ера.

На першай жа сваёй прэсавай канфэрэнцыі ён паабяцаў разьвязаць "драздоўскую" праблему. І ўжо 17 студзеня ў Беларусь без залішняй пампэзнасьці, без пераможных заяваў вярнуліся амбасадары краінаў ЭўраЗьвязу.

Вяртаньне амбасадараў, якое ўсе назвалі перамогаю Лукашэнкі, было, аднак, той унікальнай падзеяй, якую пераважна станоўча ацанілі як прадстаўнікі ўлады, так і апазыцыі.

Матывы апазыцыі тут можна зразумець. Як слушна зазначыў у нефармальнай размове адзін заходні дыплямат – "нават калі мы ўсе зьедзем, вы ж разумееце, што адная амбасада – расейская – заўсёды застанецца".

Сур'ёзным ідэялягічным падарункам для Аляксандра Лукашэнкі стаў, як гэта ні парадаксальна, косаўскі крызыс, бамбаваньні NATO югаслаўскіх аб'ектаў. Дзяржаўная прапаганда пачала на поўную моц раскручваць вобраз ворага, "страшнага монстра", як выказаўся Лукашэнка, які падбіраецца да межаў сінявокай Беларусі. Зьявілася цудоўная магчымасьць ідэялягічна тузануць беларускую дэмакратычную празаходнюю апазыцыю.

У сакавіку ў Белградзе адбылася ў пэўным сэнсе гістарычная сустрэча двух эўрапейскіх ізгояў – Лукашэнкі й Мілошавіча. З вуснаў тады яшчэ легітымнага прэзыдэнта прагучала прапанова стварыць славянскі хаўрус трох – Беларусі, Расеі ды Югаславіі.

Няўтаймавальная актыўнасьць Лукашэнкі на гэтым фронце, аднак, не знайшла адэкватнага водгуку ў кіраўніцтве Расеі, і ідэя хаўрусу трох была ціха пахаваная. Сацыялягічныя ж апытаньні паказалі, што беларусы не жадаюць ператвараць свае сымпатыі да сэрбаў у нейкія канкрэтныя, тым больш небясьпечныя крокі.

Не атрымала свайго працягу й пагрозьлівая заява прадстаўніка Рады бясьпекі Беларусі аб магчымасьці вяртаньня ў Беларусь расейскай ядравай зброі.

У 99-м пагоршыліся стасункі афіцыйнае Беларусі зь некаторымі суседзямі. Найбольш кардынальна сапсаваліся дачыненьні з Украінаю. Хаця пачыналася ўсе даволі лагодна для беларускага прэзыдэнта – у красавіку ён ажыцьцявіў адзін са сваіх нешматлікіх замежных візытаў – у Кіеў. Бакам, праўда, не ўдалося дасягнуць дамоўленасьцяў у асноўных спрэчных пытаньнях – дэлімітацыі мяжы й вяртаньня ўкраінскае запазычанасьці.

Аднак з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне Аляксандар Лукашэнка ва ўласьцівым яму ня вельмі далікатным стылі пачаў камэнтаваць шанцы прэзыдэнта Кучмы на перавыбраньне й заяўляць пра неабходнасьць для Ўкраіны ўступіць у хаўрус Беларусі й Расеі.

У адказ Лукашэнка атрымаў моцны ўдар па гонару й самалюбству, калі ў верасьні ня быў запрошаны на канфэрэнцыю кіраўнікоў дзяржаваў Балта-Чарнаморскага рэгіёну ў Ялце. Цяпер дачыненьні Беларусі ды Ўкраіны перабываюць у лепшым выпадку ў стадыі "халоднага міру".

Са стадыі "халоднага міру" ня выйшлі й дачыненьні з Польшчаю і Летувою. На стасункі зь Летувою паўплывала эміграцыя ў Вільню старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага.

І хаця кіраўнікі абедзьвюх краінаў, здаецца, з апошніх сілаў імкнуцца не рабіць рэзкіх крокаў, канфлікт гатовы разгарэцца ў любы момант. Гэта падцьвердзіў і саміт у Стамбуле, калі дастаткова памяркоўная ўзгадка прэзыдэнтам Летувы сытуацыі ў Беларусі выклікала рэзкую і нэрвовую водпаведзь Лукашэнкі.

Безумоўна, ключавым пунктам году стала 21 ліпеня, заканчэньне легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Многія занадта аптымістычна разьлічвалі на вельмі жорсткую рэакцыю Захаду – цяпер зразумела, што гэтыя спадзяваньні справядліва было б назваць "фантазіямі".

Так, заходнія дзяржавы канстатавалі, што Лукашэнка страціў сваю легітымнасць 20 ліпеня. Але сутнасьць іхных заяваў зводзілася да закліку неадкладна распачаць перамовы паміж уладаю ды апазыцыяй.

Ні пра якое ўвядзеньне палітычных ці эканамічных санкцыяў размова не заходзіла. Нават Злучаныя Штаты Амэрыкі, якія найбольш радыкальна ставяцца да йснуючага ў Беларусі рэжыму, падкрэсьлілі, што будуць мець справу зь дзейным урадам.

Менавіта пасьля ліпеня зактывізаваліся спробы АБСЭ наладзіць дыялёг паміж уладаю ды апазыцыяй – спробы, якія дасюль не прывялі да якіх-небудзь вынікаў.

Прынамсі, заканчэньне легітымных паўнамоцтваў Лукашэнкі не перашкодзіла яму падпісаць дамову з Расеяй аб стварэнньні адзінае беларуска-расейскае дзяржавы ды зьезьдзіць у Стамбул на саміт кіраўнікоў краінаў АБСЭ.

Стамбульская сустрэча 18-19 лістапада стала як бы люстэркам супярэчнага й нявызначанага стаўленьня сусьветнае супольнасьці да сытуацыі ў Беларусі. З аднаго боку, на саміт былі запрошаныя прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў, зь іншага – беларускае пытаньне было ўзгаданае ў выніковай рэзалюцыі толькі на 22 мейсцы і ў даволі асьцярожнай форме.

Саміт сваеасаблівым чынам падвёў вонкапалітычныя вынікі 1999 году – апазыцыі не ўдалося дамагчыся поўнай міжнароднай ізаляцыі існуючага рэжыму, а прэзыдэнцкі бок, негледзячы на некаторыя тактычныя посьпехі, у цэлым не зьмяніў нэгатыўнае стаўленьне да сябе міжнароднае супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG