Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня дзяржаўны друк абнародваў адзін з апошніх у адыходзячым годзе эканамічных дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Яго назоў "Аб падаткаабкладаньні прыбыткаў, атрыманых у асобных сфэрах дзейнасьці".

Паводле афіцыйнае вэрсіі, мэтаю дэкрэту сталася жаданьне беларускіх уладаў зрабіць болей дасканалым мэханізм падаткаабкладаньня айчынных банкаў, страхавых кампаніяў і фірмаў-удзельнікаў рынку каштоўных папераў.

На думку незалежных аналітыкаў і тых, каго тычыцца падатковы дакумэнт, такое тлумачэньне зьяўляецца спрошчаным. Вось як, напрыклад, пракамэнтаваў дэкрэт для нашага радыё віцэ-прэзыдэнт акцыянэрнага банку "Пріорбанк" Сяргей Саянкоў: "Варта паглядзець, якім чынам будзе працаваць дэкрэт з 1 студзеня. Як будуць лічыцца падаткі на самой справе. Бо потым раптам высьветліцца, што яму патрэбен нейкі дадатак ці яшчэ што", – зазначыў спадар Саянкоў.

Іншыя мае суразмоўцы, якія пажалі застацца неназванымі, маюць да дакумэнту яшчэ болей стрыманае стаўленьне. У цэлым гэтае стаўленьне – адмоўнае.

Паводле іхнае вэрсіі, дэкрэт скіраваны перш за ўсё на вырашэньне бюджэтных праблемаў краіны. Бо ў калідорах улады не хаваюць, што банкі, страхавыя і фінансавыя кампаніі недастаткова падтрымліваюць дзяржаўную казну.

У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка сёлета неаднаразова ўказваў свайму атачэньню, што яны занадта шмат зарабляюць у параўнаньні зь іншымі сэктарамі эканомікі. Болей таго, фінансава-крэдытныя прадпрыемствы, паводле ягоных выказваньняў, утойваюць свае прыбыткі ад падаткаабкладаньня.

Дэкрэт, як вынікае зь ягонага зьместу, зьяўляецца рэакцыяй урадавых чыноўнікаў на пажаданьні Лукашэнкі. З гэтае прычыны экспэрты прагназуюць павелічэньне падатковага цяжару на фінансавыя структуры. Каб выжыць, гэтыя структуры, і перш за ўсё банкі, скарыстаюць, на думку аналітыкаў, адзіны выратавальны мэтад. А менавіта – гэты падатковы цяжар яны ў 2000 годзе перакладуць на плечы сваіх кліентаў. У прыватнасьці, павялічаць тарыфы на свае паслугі. Але наступствам павелічэньня, паводле такіх прагнозаў, будзе рост інфляцыі ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG