Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністар нутраных справаў Беларусі Юры Сівакоў правёў сваю першую прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой паведаміў пра дадатковыя намаганьні ў пошуках Юрыя Захаранкі, падзяліўся інфармацыяй пра заробкі міліцыянтаў і выказаў сваё меркаваньне наконт зьбіцьця Андрэя Клімава ў сьледчым ізалятары.

Юры Сівакоў, які год таму заняў пасаду міністра нутраных справаў, даў нарэшце сваю першую прэсавыю канфэрэнцыю. Дарэчы, папярэднік Сівакова Валянцін Агалец за тры гады сядзеньня ў міністэрскім крэсьле ўвогуле прэсавых канфэрэнцыяў не даваў, таму прарыў маўчаньня Сіваковым усяго праз год – гэта была для журналістаў сама па сабе падзея.

Тым больш што Сівакоў ня стаў дзяліць прысутных на "чэсных" ці "нячэсных". "Я аднолькава паважаю журналістаў, як дзяржаўных гэтак і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі", – заявіў міністар і адклаўшы ў бок падрыхтаваную памочнікамі справаздачу аб выніках барацьбы са злачыннасьцю, пачаў адказваць на пытаньні.

Адное зь першых пытаньняў тычылася пошукаў экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі. Юры Сівакоў паведаміў: "…Мы ўзбудзілі па Юрыю Мікалаевічу Захаранка, дакладней зьвярнуліся ў пракуратуру з просьбаю ўзбудзіць справу ў падазрэньні на забойства. У межах узбуджанай крымінальнай справы адныя дзеяньні, а ў межах вышукной справы, якая вялася дагэтуль, зусім іншыя, вузейшыя. Таму ўзбуджэньне крымінальнай справы дасьць дадатковыя магчымасьці ў расьледваньні" – лічыць міністар Сівакоў. Ён спадзяецца, што пракуратура краіны станоўча адрэагуе на гэтую прапанову міністэрства нутраных справаў. "Паверце, мы таксама зацікаўленыя высьвятліць усё магчымае пра Захаранку ды іншых зьніклых грамадзянаў, пра якіх пішуць газэты", – запэўніў журналістаў Сівакоў.

Журналіты папрасілі міністра пракамэнтаваць нядаўняе зьбіцьцё ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага дэпутата Андрэя Клімава. "У мяне няма падставаў не давяраць сваім падначаленым. Яны сьцьвярждаюць, што не перавысілі сваіх паўнамоцтваў, што Клімаў аказваў супраціў іх законным дзеяньням. Паверце, нас правярае пракуратура, і калі б там што было, яны б узбудзілі справу", – гэтак адказаў Сівакоў і дадаў, што ўвогуле ў яго "няма магчымасьці высьвятліць лёс кожнага з амаль ста тысячаў, хто ў нас сядзіць або знаходзіцца пад сьледзтвам".

Давялося Сівакову адказаць і на складанае пытаньне наконт таго, чаму ён два тыдні таму праігнараваў "Нацыянальны сход", які выклікаў яго на слуханьні, але не дачакаўся. Паводле Юрыя Сівакова, гэта ня ён вінаваты ў інцыдэнце а, наадварот, дэпутаты лукашэнкавага парлямэнту вінаватыя…

Юрый Сівакоў: "…Ёсьць сыстэма дзяржаўнага кіраваньня, і ёсьць герархія падпарадкаваньня. У гэтым сэнсе я падпарадкаваная асоба і не маю права прымаць рашэньні самастойна. Калі б парлямэнт выйшаў на прэзыдэнта, і ён бы мне загадаў зьявіцца… А паколькі парлямэнт палічыў магчымым праігнараваць у гэтым сэнсе прэзыдэнта, вось і атрымалася такая сытуацыя", – адказаў Юрый Сівакоў і гэтым адказам засьведчыў існаваньне на вышэйшым узроўні некаторых непісаных правілаў.

Па-першае, няведаньне вышэйшымі чыноўнікамі Канстытуцыі, згодна зь якой міністры зацьвярджаюцца парлямэнтам і нясуць перад ім адказнасьць за сваю дзейнасьць. Па-другое, стаўленьне да "Нацыянальнага сходу", як да несур'ёзнай апэрэтачнай установы, якую можна ігнараваць, спаслаўшыся на занятасьць.

Хаця сапраўды, галоўны міліцыянт – чалавек вельмі заняты. Што Юры Сівакоў зноў падцьвердзіў, калі агалосіў вынікі барацьбы са злачыннасьцю ў адыходзячым годзе. Аказваецца, ёсьць чым пахваліцца. На чатыры адсоткі меньш стала забойстваў, на дзевяць – згвалтаваньняў, ледзь не ўдвая зьменшыліся крадзяжы зброі, узброены бандытызм таксама паменшыўся.

Але злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі стала болей – тут міністар бачыць галоўны фронт барацьбы ў будучыні. Але гэтая барацьба запатрабуе падвышэньня прафэсійнага ўзроўню саміх міліцыянтаў, які пакуль пакідае жадаць лепшага, як прызнаў міністар.

"Ну і як жа дзяржава плоціць міліцыянтам за іх нялёгкую працу?", – спытаў я ў Юрыя Сівакова. "…Дзесьці, калі курс цяпер 700, то міністар недзе атрымлівае 80-90 даляраў, а шэраговы міліцыянт – 40-60. Мая дачка, лейтэнант міліцыі, якая выкладае ў міліцэйскай Акадэміі, атрымоўвае 23 мільёны. Самі лічыце, многа гэта ці мала. Наколькі мне вядома, на стале ў прэзыдэнта ляжыць дакумэнт аб рэфармаваньні сыстэмы аплаты дзяржаўным служачым, але ці будзе гэта тычыцца міліцыі, мне невядома", – адказаў міністар нутраных справаў Юры Сівакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG