Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Агенцтва Associated Press правяло сярод сваіх карыстальнікаў апытаньне на тэму: якія 20 падзеяў яны лічаць найважнейшымі ў ХХ стагодзьдзі. Вынікі апытаньня паказваюць, што ў памяці людзей гэтае стагодзьдзе заcтанецца, як пэрыяд вялікіх трагедыяў чалавецтва, але таксама і вялікіх гістарычных адкрыцьцяў. Невялікае апытаньне правялі паміж сабой і супрацоўнікі Беларускай службы Радыё Свабода.

Апытаньне было праведзенае сярод 70-ці буйных падпісчыкаў Associated Press ў 36-ці краінах. У залежнасьці ад важнасьці падзеяў яны давалі кожнай зь іх ад 10 да 1 бала. Зь ліку 20 галоўных падзеяў ў бягучым стагодзьдзі 12 можна назваць палітычнымі падзеямі міжнароднага значэньня. Яшчэ 6 – гэта эпахальныя навуковыя дасягненьні, і 2 падзеі з 20 – зьвязаныя з эканомікай ды мэдыцынай.

Найбольш галасоў і першае месца заняла падзея, якую, хутчэй за ўсё, можна назваць навуковай. Гэта два першыя выбухі амэрыканскіх атамных бомбаў. Скінутыя напрыканцы 2-й усясьветнай вайны на японскія гарады Гірасіму і Нагасакі, атамныя бомбы запачаткавалі гонку ядзерных узбраеньняў і паўплывалі на ход гісторыі.

На другім месцы бальшавіцкі пераварот 1917 году ў Расеі, які прывёў камуністаў да ўлады і запачаткаваў 7 дзесяцігодзьдзяў іхнага кіраваньня. Характэрна, што найбольш багатымі на падзеі былі 40-я гады. У гэты пэрыяд адбыліся 7 з дваццаці галоўных падзеяў стагодзьдзя.

Напад гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу ў верасьні 1939 году і пачатак 2-й усясьветнай вайны заняў ў гэтым апытаньні трэцяе месца.

Чацьвертай па важнасьці апытаныя назвалі падзею з 69-га году, першы шпацыр па Месяцы амэрыканскага астранаўта Армстранга.

Гэты посьпех астарнаўтыкі апярэдзіў палітычную падзею – сымбалічны развал савецкага блёку і заканчэньне "халоднае вайны" – гэта падзея нумар 5.

Далейшае месца ў апытаньні заняла перамога над нацысцкай Нямеччынай і выяўленьне праўды пра Галакост.

Замах супраць аўстрыйскага прынца Фэрдынанда, які ў 1914 годзе выклікаў Першую ўсясьветную вайну, быў склясыфікаваны на 7-м месцы.

Першы палёт братоў Райт на самалёце з мэханічным рухавіком ў 1903 годзе, што запачаткаваў імклівае разьвіцьцё авіяцыі, таксама быў прызнаны вельмі важнай падзеяй.

Адкрыцьцё ў 1918 годзе пэніцыліну, што было выратаваньнем для мільёнаў хворых і сапраўднай рэвалюцыяй ў мэдыцыне, заняло 9-е месца.

Дзясятае месца заняло вынаходніцтва ў 1946 годзе першага кампутара "Эніякі".

Другі дзясятак падзеяў ХХ стагодзьдзя адкрывае падзея з галіны навукі: апублікаваная ў 1905-м годзе тэорыя адноснасьці Эйнштэйна.

На 12 месцы – забойства ў 1963 годзе прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі.

На далейшым месцы было названае выяўленьне ў 1981 годзе віруса СНІД, супраць якога дагэтуль ня знойдзена прышчэпкі.

Яшчэ адну сумную падзею – вялікі эканамічны крызыс 1929 году –апытаныя паставілі на 14-е месца.

Наступнае месца заняла адносна нядаўняя падзея. У 1991 годзе наступіў развал Савецкага Саюзу, і ў якасьці прэзыдэнта Расеі Бырыс Ельцын заняў месца прэзыдэнта СССР Гарбачова.

Дзевяноста балаў і 16-е месца заняло стварэньне ў 1945-м годзе Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.

У параўнаньні з першым шпацырам чалавека па Месяцы, якое было прызнанае 4-й па важнасьці падзеяй ХХ стагодзьдзя, запуск ў 1957 годзе першага спадарожніка "Спутніка" заняў 17-е месца.

Крыху менш галасоў атрымала японская атака на ціхаакіянскі порт Пэрл-Хабор 1941 годзе, што ўцягнула Злучаныя Штаты ў Другую ўсясьветную вайну.

Перадапошняе месца заняў прыход камуністаў да ўлады ў Кітаі, і уцёкі нацыяналістаў на Таівань,

І на апошнім 20-м месцы з 56 баламі апынулася стварэньне ў 1948 годзе незалежнай дзяржавы Ізраіль.

Між тым сваё сьціплае апытаньне правялі паміж сабою мы, супрацоўнікі Беларускай службы радыё Свабода. Мы засяродзіліся на 10-ці галоўных падзеях ХХ стагодзьдзя толькі ў Беларусі, станоўчых і адмоўных. У кожнага з нас была свая шкала важнасьці падзеяў, але адносна некаторых зь іх усе былі згодныя. У прыватнасьці, усе адзначылі першараднае значэньне чарговых этапаў дзяржаўнае незалежнасьці.

На першае месца нашы супрацоўнікі паставілі абвяшчэньне БНР 25 сакавіка 1918 году. Хаця незалежнасьць БНР была нядоўгавечнай, тым ня менш, яна сталася падмуркам адраджэньня беларускай дзяржавы і падставай для стварэньня БССР.

Другая паводле важнасьці падзея – абвяшчэньне незалежнасьці ў 1991 годзе пад нацыянальным гербам і сьцягам, затым — белавескія пагадненьні, развал Савецкага Саюзу і прызнаньне Беларусі шэрагам дзяржаваў сьвету.

На трэцім месцы – антысавецкі Слуцкі Збройны Чын у лістападзе 1920 году, як лягічны працяг абвяшчэньня БНР.

Беларускае Адраджэньне 20-30 гадоў, якое, хутчэй за ўсё, можна назваць зьявай а не падзеяй ў апытаньні апынулася на 4 месцы.

Аб'яднаньне заходняй і ўсходняй Беларусі ў верасьні 1939 году апынулася на 5-м месцы. Адначасова з кансалідацыяй беларускага народу ў тым жа годзе адбылася перадача Вільні Літве.

Сталіншчына і зьвязаныя з гэтым змрочным пэрыядам гісторыі рэпрэсіі, калектывізацыя, голад, спроба зьнішчэньня беларусаў як нацыі заняла шостае месца.

На сёмае месцы нашы супрацоўнікі паставілі Чарнобыльскі выбух ў траўні 1986 году, як яшчэ адно нацыянальнае гора, наступствы якога будуць адчуваць наступныя пакаленьні.

1988 год – першыя "Дзяды", праўда аб Курапатах, заснаваньне "Мартыралёгу" і стварэньне Беларускага Народнага Фронту – гэта восьмая паводле важнасьці падзея 20 стагодзьдзя.

Дзявятае месца занялі выбары першага прэзыдэнта Беларусі ў 94 годзе. Гэтую падзею хутчэй за ўсё можна назваць зьявай і чарговай нацыянальнай бядою. Разам з абраньнем Лукашэнкі наступіў адыход ад здабыткаў 1991 году: зьмена нацыянальнай сымболікі, пачатак інтэграцыйнага працэсу, закон аб дзьвюх дзяржаўных мовах і лукашэнкаўскі рэфэрэндум 1996 году.

Крыху менш важнай падзеяй было, паводле нашага міні-апытаньня, стварэньне ў 1904 годзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады, першай палітычнай партыі ў Беларусі, якое апынулася на апошнім, дзесятым месцы.

Тут адзначу, што ў першы дзясятак найважнейшых падзеяў ХХ стагодзьдзя ў Беларусі не патрапіла ўзьнікненьне беларускай эміграцыі, якое таксама было сярод прапановаў. Гэта надзвычай істотная зьява. У нашых праграмах вельмі часта гучаць галасы нашых суайчыньнікаў са Злучаных Штатаў, Аўстраліі, Заходняй Эўропы ды іншых куткоў сьвету, якія актыўна з намі супрацоўнічаюць, думаюць пра Беларусь і працуюць для яе дабра.

Вось і сёлета з нагоды Калядаў яны выказваюць свае віншаваньні і пажаданьні сваім суайчыньнікам на Бацькаўшчыне, для якой, будзем спадзявацца, наступане стагодзьдзе будзе больш шчасьлівым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG