Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі, зноў дала інтэрвію нашай праграме. Падставай для звароту да Віньнікавай стала сёньняшняя заява пракуратуры Беларусі аб паўторным звароце ў Інтэрпол у справе вышуку Віньнікавай. Тамара Віньнікава зьявілася ў інфармацыйнай прасторы Беларусі на мінулым тыдні. Мы зь ёй гаварылі ў мінулую пятніцу. Сёньня сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Пётар Радзько заявіў, што перакананы, што жанчына, якая выступала ў перадачах эўрапейскіх радыёстанцыяў і назвалася Тамарай Віньнікавай – сапраўды Віньнікава. Нагадаем, што Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку, увесну зьнікла са сваёй кватэры пры нявысьветленых абставінах. У момант зьнікненьня яна была пад сьледзтвам. Супраць яе была ўзбуджаная крымінальная справа. Зьяўленьне Віньнікавай стала падставай для паўторнага звароту пракуратуры ў Інтэрпол. Дарэчы, сьледчы пракуратуры Радзько выказаў, нават, задавальненьне тым фактам, што Віньнікава жывая і здаровая, і нагадаў, што крымінальная справа ў дачыньні да былой старшыні Нацыянальнага Банку складае 30 тамоў, і сьледчыя пракуратуры разам зь Віньнікавай павіны яшчэ разам нямала прапрацаваць. Мы зьвязаліся сёньня з Тамарай Віньнікавай і папрасілі яе пракамэнтаваць вось гэты аптымізм сьледзтва. Гаворыць Тамара Віньнікава. (Віньнікава: ) "Вы ведаеце, ну калі б я баялася чаго-небудзь, калі б я была вінаватая, дык, як вы разумееце, я б не пісала заяваў, я б не выступала па радыё, і ўвогуле, я б ціха і спакойна спрабавала жыць да таго моманту, скажам, пакуль, яны мяне не абнаружылі б. Але. Я выступіла із заявай сама, я ні ад чаго не хавалася, я ні ад чаго не спрабавала сысьці. Я хацела толькі захаваць сабе жыцьцё. Вельмі многія зацікаўленыя ў тым, каб я загінула, у тым ліку, тры банды, аб якіх гаварыў прэзыдэнт. Мне патрэбная была тэрміновая апэрацыя, якую мне не дазвалялі зрабіць. Я яе зрабіла. Я знаходжуся ў дзяржаве, якая падпісала міжнародныя пагадненьні, і, натуральна, беларускі бок мае права зьвярнуцца, і гэта будзе разглядацца ў судовых інстанцыях, у інстанцыях, якія займаюцца гэтым. Я буду толькі радая. Тут нашмат складаней будзе ім фальсыфікаваць. Тры гады пайшло на тое, каб схаваць сьляды злачынстваў, злачынстваў, якія здзейсьнілі іншыя асобы. У пракуратуры ляжаць дакумэнты, якія яны схавалі, аб людзях, якія здзейсьнілі злачынствы. Тут гэта ўсё зьявіцца, і тут мы ўжо будзем гаварыць афіцыйнымі фактамі, афіцыйнымі дакумэнтамі. Тут я ўжо хаваць нічога ня буду. Там мяне спрабавалі забіць некалькі разоў. Мне ўводзілі лекі, якія мне нельга было ўводзіць. Нада мной ну проста зьдзекваліся, катавалі, а тут мы будзем гаварыць з дакумэнтамі. Тут я маўчаць ня буду. І захваляваліся лідэры апазыцыі. Некаторыя. Ім ёсьць аб чым хвалявацца, ёсьць аб чым гаварыць. Занадта шмат схавана злачынстваў.
Я буду аб іх гаварыць. Я буду гаварыць у судах міжнародных, эўрапейскіх, усё будзе ўскрыта. Таму я толькі радая, што пракуратура гэтым будзе займацца…" Гутарыў Аляксандар Лукашук, Прага (Цалкам інтэрвію з Тамарай Віньнікавай будзе апублікаванае ў заўтрашнім выпуску нашае Web-старонкі)
Я буду аб іх гаварыць. Я буду гаварыць у судах міжнародных, эўрапейскіх, усё будзе ўскрыта. Таму я толькі радая, што пракуратура гэтым будзе займацца…" Гутарыў Аляксандар Лукашук, Прага (Цалкам інтэрвію з Тамарай Віньнікавай будзе апублікаванае ў заўтрашнім выпуску нашае Web-старонкі)