Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Беларускія дэмакратычныя партыі распачалі кампанію падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў 2000 году. Адпаведны мэмарандум "У пытаньні стварэньня перадвыбарчае дэмакратычнае кааліцыі" падпісалі прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, АГП, СДП "Народная Грамада", Хартыі-97 і Вярхоўнага Савету.

Першым крокам ў скаардынаванае падрыхтоўцы дэмакратычных партыяў да парлямэнцкіх выбараў 2000 году стала прыняцьцё мэмарандуму пра стварэньне перадвыбарчае кааліцыі. Мэмарандум быў падпісаны напрыканцы мінулага тыдню ў Кіеве, у часе нарады прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Ініцытарам стварэньня гэтага дакумэнту сталі прадстаўнікі рэгіянальных структураў БНФ, АГП і "Народнае Грамады". Бакі дамовіліся, што пасьля агучанае дэклярацыі аб намерах кіраўнікі гэтых партыяў пачнуць кансультацыі з мэтаю фармаваньня перадвыбарчае кааліцыі дзеля ўдзелу (як сказана ў мэмарандуме) "у свабодных і справядлівых выбарах".

Да апошняга часу лідэры дэмакратычных партыяў заяўлялі, што ў Беларусі няма ўмоваў дзеля вольных і справядлівых выбараў. Зьяўленьне мэмарандуму – адзін зь ініцыятараў ягонага прыняцьця, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка патлумачыў так:

(Хадыка: ) "Існуючы рэжым можа раптоўна адступіць, і тады створыцца сытуацыя, да якой дэмакратычныя сілы Беларусі ня будуць падрыхтаваныя. А мэта якраз – каб прапагандаваць ідэю аб'яднаньня дэмакратычных сілаў. Плян, які быў адлюстраваны ў гэтым мэмарандуме, абсалютна неабходны. Гэта якраз тыя крокі, якія мы павінны рабіць зараз".

(Карэспандэнт: ) "У Менску існуе Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Навошта спатрэбілася прымаць гэты мэмарандум, калі каардынаваць дзеяньні дэмакратычныя партыі могуць у межах ужо створанай структуры?"

(Хадыка: ) "Ну тут няма ніякай супярэчнасьці, таму што якраз удзельнікамі былі прадстаўнікі рэгіянальных структураў, і іхняе асэнсаваньне неабходнасьці такога аб'яднаньня на нізавых узроўнях. Абсалютна неабходнае для стымуляцыі адпаведных крокаў кіраўніцтва. Нізавыя арганізацыі трох буйнейшых партыяў выступаюць за стварэньне кааліцыі".

Заявіў Юры Хадыка.

Умовы, на якіх дэмакраты зьбіраюцца стварыць сваю кааліцыю, пакуль аніяк не праартыкуляваныя. У Кіеве абмяркоўвалася агульная плятформа, аднак адзінадушша пакуль няма. Пра гэта заявіў сябра ЦК "Народнае Грамады", які ўзначальваў дэлегацыю гэтае партыі, Віталь Малашка:

(Малашка: ) "Да стопрацэнтнага адзінадушша там не прыйшлі. Напрыклад, спрэчным пытаньне зьяўляецца тое, на якіх умовах і як будуць удзельнічаць у выбарах у парлямэнт дэмакратычныя партыі, ці ісьці на нейкія саступкі ўладам, на кампрамісу, ці стаяць цьвёрда".

Паведаміў Віталь Малашка.

Намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што менавіта зараз надыйшоў час дзеля абмеркаваньня ўмоваў кааліцыі, бо ў выпадку, калі выбары будуць абвешчаныя раптоўна, дэмакраты ня змогуць выступіць адзіным фронтам:

(Лябедзька: ) "Першае, на чым дамовіліся ўсе і прынялі гэта – тое, што дэмакраты павінны рыхтавацца да магчымых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Што датычыцца магчымага падзелу акругаў, дык канешне ж гэта пытаньне для экспэртаў, гэта пытаньне для ўзгадненьня".

(Карэспандэнт: ) "Калі я Вас правільна зразумеў, то ўжо зараз мы можам весьці гаворку пра тое, што беларускія дэмакратычныя партыі пачынаюць падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў 2000 году?"

(Лябедзька: ) "Я думаю, так. Мы вядзем падрыхтоўку. Асабліва я хачу падкрэсьліць, што канчатковае рашэньне – прымаць ці не прымаць удзел, будзе прынятае значна пазьней, калі стане зразумелым, ці будуць гэта выбары ў парлямэнт, і ці будуць яны свабоднымі і дэмакратычнымі".

Лічыць намесьнік старшыні АГП Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG