Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Лукашук

Сёньня – дзесяць гадоў румынскай рэвалюцыі. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Апоўдні 21 сьнежня 1989 году, дакладней, а 6-й хвіліне на першую гадзіну, гэлікоптэр з прэзыдэнтам Нікалаэ Чаўшэску і ягонай жонкай Еленай падняўся ў паветра з даху ЦК Кампартыі Румыніі. Літаральна за хвіліны перад тым Чаўшэску прамаўляў з балкону перад натоўпам, і калі замест звыклай ухвалы пачуў пратэсты, ня змог паверыць сваім вушам. Людзі на вуліцы патрабавалі скончыць з Чаўшэску, пачалася страляніна. Дэманстранты адкінулі ахову і ўварваліся ў будынак.

Разам з двума ахоўнікамі Чаўшэску ўскочыў у ліфт, каб падняцца на шосты паверх і на дах, дзе чакаў гэлікоптэр. Ліфт застрагнуў паміж 5 і 6 паверхамі. Чаўшэскі пасьпелі выбрацца і ўзьляцець, пілот атрымаў загад накіравацца ў рэзыдэнцыю на поўначы краіны на возеры Снагоў.

На паўдарозе пілёт атрымаў па радыё новы загад – пазбавіцца ад балясту. Ён зьмяніў маршрут і пасадзіў машыну ў горадзе Тарговіштэ. Чаўшэскі былі арыштаваныя, прывезеныя ў Бухарэст; праз чатыры дні адбылося пасяджэньне трубуналу, і асобы, якія 25 гадоў кіравалі Румыніяй як прыватнай гаспадаркай, былі растраляныя.

Абмежаваньні ў карыстаньні электраэнэргіяй, адключэньне цэнтральнага ацяпленьня нягледзячы на халады, нястача ежы, чэргі па прадукты (хаця адначасна прадукты вывозяццца за мяжу), зацятае выбіваньне паказчыкаў эканамічнага росту з прамысловасьці без усялякага эканамічнага выніку, немагчымасьць прадаць прадукцыю за мяжу з прычыны неканкурэнтназдольнасьці і зарабіць валюту каб аплаціць нават сыравіну і энерганосьбіты для вытворчасьці гэтай прадукцыі, калектывізаваная сельская гаспадарка, адсутнасьць прыватнай уласнасьці на зямлю, плянавыя заданьні збору збожжа і надойваньня малака, шматгадовыя чэргі на жыльлё, мізэрная мэдыцына, бязьмежнае ўладарства сакрэтных службаў, якія зьнішчаюць праціўнікаў рэжыму, прапагандысцкае тэлебачаньне, на якім толькі ўсхваляецца мудрае кіраўніцтва, што нястомна клапоціцца пра народ…

Такая была сытуацыя ў краіне. 10 год таму яна завяршылася масавым паўстаньнем і растрэлам дыктатара Нікалаэ Чаўшэску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG