Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Апошняя інтэграцыйная кампанія цягнулася амаль год: 25 сьнежня 1998 году Лукашэнка ды Ельцын падпісалі дэклярацыю «Аб далейшым яднаньні двух народаў», 8 сьнежня сёлета тыя ж пэрсанажы паставілі свае подпісы пад дамоваю «Аб стварэньні хаўруснае дзяржавы». У гэтым раундзе аб'яднаньня, як ў кроплі вады, бачныя літаральна ўсе асаблівасьці рытуалу шматгадовай інтэграцыйнае гульні. Пра пэрыпэтыі інтэграцыі ў адыходзячым годзе – камэнтар Юрыя Дракахруста.

Была, зразумела, і сваеасаблівасьць працэсу, абумоўленая палітычным кантэкстам, не падобным на мінулагоднія.

Сёлета скончыўся тэрмін легітымных паўнамоцтваў кіраўніка беларускае дзяржавы; у Расеі скончваецца эра Ельцына; свой уплыў зрабілі баявыя дзеяньні ў Югаславіі ды ў Чачні.

Але ў васноўных рысах сцэнар застаўся ранейшым, адпрацаваным у 1996-1997 гадох.

Цяпер варта прыгадаць заявы, якія рабіліся год таму. Абяцалася, што ўлетку 1999 году дзьве краіны будуць мець агульную валюту, а напрыканцы году будзе адзіная валюта і адзіная дзяржава. Новы год – празь некалькі дзён, беларусы засталіся са сваім «зайчыкам»-рублём і арлом-кіраўніком, Расея – са сваім багацьцем.

Нагадаем этапы вялікага шляху. Яшчэ ў канцы 1998 году Міхал Мясьніковіч тлумачыў тэлегледачам, што ў хаўруснае дзяржаве абавязкова зьявіцца хаўрусны, «вялікі» прэзыдэнт. Напачатку гэтага году аб тым жа заявіў і памочнік прэзыдэнта Расеі Рыбкін: спасылаючыся нібыта на шэфа, ён сказаў, што Ельцын мае намер балятавацца ў хаўрусныя прэзыдэнты і што Лукашэнка яму, маўляў, не канкурэнт…

На працягу году гэта, дарэчы, была першая і апошняя заява такога кшталту з боку крамлёўскіх чыноўнікаў.

У лютым пад час візыту ва Ўдмурцію ўжо й сам Лукашэнка выказаўся за тое, каб у хаўрусе быў усенародна абраны прэзыдэнт – кіраўнік з рэальнымі паўнамоцтвамі. «Мы створым імпэрыю, вялікую і моцную» – гаварыў ён.

Цікава адзначыць, што ў 1999 годзе, у вадрозьненьне ад мінулага, Лукашэнка амаль цалкам спыніў стасункі з расейскай апазыцыяй, ён падкрэсьліваў сваю ляяльнасьць да Барыса Ельцына й да кожнага чарговага расейскага прэм'ера. Беларускі кіраўнік гаварыў нават, што толькі Ельцын здольны зрабіць сур'ёзны крок ў аб'яднаньні і што ў інтэграцыі зьявіліся новыя, нечаканыя ворагі…

Апошняе было цалкам зразумелым: пагуляць у інтэграцыю былі гатовыя амаль усе расейскія палітыкі. Зьяўленьня канкурэнта, які мог бы папсаваць усе перадвыбарныя стратэгіі, не хацеў ніхто. Да того ж шмат каго з расейскіх палітыкаў палохала пэрспэктыва ўладнага хаосу, які мог стаць наступствам канфэдэрацыйнага аб'яднаньня дзьвюх краінаў і зьяўленьня хаўруснага «паверху» ўлады.

Яшчэ напачатку году катэгарычна супраць усталяваньня пасады хаўруснага прэзыдэнта выказваўся сьпікэр расейскае Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў. Дарэчы, не прадугледжваў гэтае пасады й праект хаўруснае дамовы, распрацаваны парлямэнцкім сходам хаўрусу.

У лютым вельмі ўплывовы дарадца тагачаснага прэм'ера Расеі Прымакова Сяргей Караганаў надрукаваў у «Независимой газете» артыкул, у якім заклікаў не ствараць аніякіх хаўрусных структураў да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.

Напачатку вясны супярэчнасьці выйшлі на паверхню. Стала вядома пра два варыянты аб'яднаньня: расейскі, які быў невялічкай мадыфікацыяй хаўрусу, створанага ў 1997 годзе, і беларускі – лукашэнкавы – які прадугледжваў стварэньне моцных наддзяржаўных ворганаў, у тым ліку ўвядзеньне пасады хаўруснага прэзыдэнта. Лукашэнка з крыўдай паведамляў пра тое, што прыняць ягоны плян Крэмль катэгарычна адмаўляецца.

У красавіку ў Маскве адбылася сустрэча Ельцына й Лукашэнкі, на якой беларускі прэзыдэнт пачуў у адказ на свае прапановы рашучае «не». Была адхіленая нават прапанова, каб Ельцын бяз выбараў часова стаў прэзыдэнтам хаўрусу, а Лукашэнка – ягоным віцэ-прэзыдэнтам. Тады ж быў пахаваны яшчэ адзін плян, які падтрымліваў Лукашэнка – пра далучэньне да хаўрусу Югаславіі, у якой вяліся баявыя дзеяньні.

І ў Беларусі, і ў Расеі, і тады й потым шмат наглядальнікаў гаварылі пра тое, што Ельцын ліхаманкава шукае сродкі, каб утрымацца ва ўладзе. З гэтага пункту гледжаньня падавалася б натуральнай якраз згода Ельцына на хаўруснае прэзыдэнцтва, што прапаноўваў Лукашэнка.

Але былі іншыя фактары, якія прымушалі гаспадара Крамля адмовіцца ад спакусьлівае прапановы. І пагроза зьяўленьня Лукашэнкі на расейскім палітычным полі была важным, але не галоўным чыньнікам.

Лукашэнка не хацеў аддаваць Беларусь, рабіць яе губэрняй Расеі да таго часу, пакуль ня зойме Крэмль.

Але такая няпэўная канструкцыя пагражала развалам Расейскае Фэдэрацыі. Лідэры нацыянальных рэспублікаў у складзе Расеі заяўлялі, што ў выпадку такога аб'яднаньня запатрабуюць статусу, роўнага зь Беларусьсю.

Да таго ж сапраўднае аб'яднаньне зь Беларусьсю патрабавала зьменаў у расейскую Канстытуцыю. А гэта таксама было не даспадобы Крамлю: расейскія камуністы ўвесь час патрабавалі зьменаў Асноўнага закону, ды існавала рызыка, што ў выніку канстытуцыйнае рэформы пасада прэзыдэнта Расеі можа быць навогул скасаваная.

Мяркуючы па ўсім, менавіта сукупнасьць гэтых чыньнікаў і прымусіла прэзыдэнта Расеі сказаць «не». Цікава адзначыць, што ўскосна кіраўніка Расеі падтрымала ў гэтым ўся палітычная эліта краіны. Нягледзячы на цёплыя словы й воплескі, якія адрасавала Лукашэнку расейская апазыцыя, задавальняць ягоныя амбіцыі ніхто не зьбіраўся.

Яму засталося толькі злавацца й спрабаваць шантажаваць Маскву. Пачалася дыпляматыя скандалу. Яшчэ ўвесну ён заяўляў, што, калі Расея ня прыме ягоны плян, ён запіша ў «ворагі інтэграцыі» кіраўніцтва Расеі. Улетку, выступаючы на сэсіі парлямэнцкага сходу хаўрусу, Лукашэнка аб'явіў, што Беларусь у сваёй вонкавае палітыцы дапусьціла «дзікі крэн» на Ўсход, што ён мае намер гэта выправіць і наладзіць добрыя стасункі з Захадам.

Варта адзначыць, што дзейнічалі гэтыя пагрозы слаба, у асноўным дзякуючы таму, што ў расейскай палітычнай эліце быў кансэнсус наконт таго, што спачатку трэба падзяліць расейскі пірог. На пагрозу Лукашэнкі павярнуць на Захад тагачасны прем'ер Расеі Сьцяпашын зь гіроніяй заўважаў, што Масква вітае намер Менску наладзіць нармалёвыя стасункі са сьветам.

Здавалася, што 1999 год пройдзе без аб'яднаньня. Але зьявіліся новыя абставіны. Ельцын у чарговы раз памяняў прэм'ера і аб'явіў новага кіраўніка ўраду Пуціна сваім пераемнікам. На поўдні Расеі ізноў справа йшла да вайны…

Трэба было «раскручваць» Пуціна, трэба было ўмацаваць уяўленьне пра «зьбіраньне расейскіх земляў». План рэалізацыі гэтае праграмы быў адпрацаваны з 1996 году – аб'яднаньне зь Беларусьсю.

Лукашэнка казаў, што гатовы канкураваць зь Ельцыным за пасаду хаўруснага прэзыдэнта, заяўляў, што ня будзе хлопчыкам на біцьцё. На біцьцё – не на біцьцё, але выканаць ролю дэкарацыі ў расейскай палітычнай драме яго прымусілі. Увосень Ельцын вырашыў распачаць абмеркаваньне новае хаўруснае дамовы.

Лукашэнка ўчыніў чарговы скандал, назваў дамову «сьмяхоцьцем» і аб'явіў, што абмеркаваньня ў Беларусі ня будзе. Але некалькіх дзён хапіла, каб пераканаць гаспадара Беларусі, што дамова – не «сьмяхоцьце», а – «зьдзяйсьненьне мары двух народаў».

Напярэдадні вызначанага дню падпісаньня Ельцын раптам захварэў, што, магчыма, было маленькай помстаю Лукашэнку за дрэнныя паводзіны.

8 сьнежня дамова была, нарэшце, падпісаная. Як высьветлілася, аніякай адзінае дзяржавы не адбылося – дамова насіла назву «Аб стварэньні хаўруснае дзяржавы».

Пад час падпісаньня Лукашэнка заявіў, што наперадзе – чарговая дамова, ужо аб «сапраўдным» і «поўным» аб'яднаньні. Тое ж самае гаварылася і ў 1996, і ў 1997 гадох.

Магчыма, нешта й будзе падпісана. Ельцын можа трымаць варыянт з хаўрусным прэзыдэнцтвам у рэзэрве, на выпадак, калі расейская «партыя ўлады» ня зможа выставіць на прэзыдэнцкіх выбарах моцнага кандыдата.

У палітычным аспэкце інтэграцыйная кампанія 1999 году падцьвердзіла нязьменныя заканамернасьці гэтае гульні. Бакі кіруюцца рознымі ўяўленьнямі: расейцы бачаць аб'яднаньне, як празаічнае ўключэньне Беларусі ў Расею; Лукашэнка спрабуе атрымаць шлях да Крамлю, захоўваючы за сабою ўладкаваную «апэратыўную базу».

Гульня йдзе да таго моманту, пакуль адзін з гульцоў не адчуе пагрозу сваёй уладзе. Тады справа спыняецца, звычайна са скандалам, які найчасьцей учыняе Лукашэнка, і – усё пачынаецца спачатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG