Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня мейсца Івана Ціцянкова, звольненага з пасады кіраўніка справамі прэзыдэнта "па ўласным жаданьні", заняў іншы выхадзец з Магілеву – Уладзімер Ганчарэнка, які дагэтуль быў міністрам сувязі Беларусі. Адпаведаны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Ад камэнтароў нашаму радыё Ўладзімер Ганчарэнка адмовіўся. Ён паведаміў, што новае прызначэньне стала для яго нечакасьцю й таму анічога камэнтаваць да панядзелку ня будзе.

Назіральнікі адзначаюць, што на тле сакавітае пэрсоны Івана Ціцянкова постаць 57-гадовага Ўладзімера Ганчарэнкі выглядае як мінімум сьціпла.

Пра матывы, паводле якіх менавіта на Ўладзімера Ганчарэнку была зьвернутая ўвага Аляксандра Лукашэнкі, можна толькі здагадвацца. Кар'ерны ўзьлёт былога электраманцёра Ўладзімера Ганчарэнкі пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі выхадзец з Магілеўшчыны быў нечакана для многіх прызначаны міністрам сувязі Беларусі.

Прыналежнасьць да магілеўскага кляну (Ганчарэнка 10 гадоў працаваў начальнікам магілеўскае вытворча-тэхнічнай управы сувязі ды інфарматыкі) і сяброўскія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам гарантавалі службовы рост – у 1997 годзе Ганчарэнку было прысвоена званьне заслужанага сувязіста Беларусі.

На пасадзе міністра сувязі анічым адметным былы выпускнік Усесаюзнага завочнага электратэхнічнага іністытуту ня вылучыўся. Посьпехі беларускіх сувязістаў хутчэй зьвязваюць ня з плённай дзейнасьцю Ганчарэнкі, а з замежным абсталяваньнем, якое пачала закупляць Беларусь.

Цяпер Уладзімер Ганчарэнка прызначаны на пасаду, якую шмат хто называе адной з ключавых у апараце Лукашэнкі. І вобраз "грашовага меха", які ўправе справамі стварыў Іван Ціцянкоў, яшчэ доўга будзе вызначаць мадэль паводзінаў кіраўніка гэтае структуры. Вернасьць Лукашэнку тут зьўляецца адным з ключавых чыньнікаў.

Зрэшты, сваю адданасьць Лукашэнку Ўладзімер Ганчарэнка дэманстраваў ня раз.

Катэджы экс-міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава і Ўладзімера Ганчарэнкі стаяць побач, і да пэўнага часу два міністры сябравалі сем'ямі. Аднак у момант, калі хмары над Лявонавым згусьціліся, Ганчарэнка дазволіў разьмесьціць у сваім доме прыборы сачэньня за домам Васіля Лявонава. Пра гэта ў свой час журналістам распавяла жонка Васіля Лявонава Антаніна.

Пасьля гэтага матывы, якімі карыстаўся Аляксандар Лукашэнка пры вызначэньні кандыдатуры кіраўніка сваімі справамі, робяцца больш зразумелымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG