Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня завершыўся пяцідзённы працоўны візыт у Менск прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартаманту ЗША, адказнага за палітычныя стасункі зь Беларусьсю – Джона Армстронга.

У часе візыту сп. Армстронг сустрэўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, а таксама з прадстаўнікамі беларускіх NGO. Сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў былі абмежаваныя ўзроўнем начальнікаў управы беларускага МЗС.

Паводле вынікаў візыту чакаецца заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Камэнтаваць вынікі візыту высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка ў Менск у амбасадзе ЗША ў Беларусі адмаўляюцца.

Адной зь першых адбылася сустрэча сп. Армстронга са старшынём Беларускага Народнага Фронту Вінцуком Вячоркам. Паводле словаў Вячоркі, камэнтуючы падпісаньне беларуска-расейскае дамовы аб стварэньні хаўрусу, сп. Армстронг заявіў: "Воля беларускага народу не была выяўлена празь нелегітымныя ворганы, якія зараз падпісалі хаўрусную дамову".

У часе 2-гадзіннае сустрэчы зь лідэрам Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Міколам Статкевічам абмяркоўваліся магчымыя варыянты дапамогі Беларусі. Статкевічам была выказаная просьба працягваць палітыку непрызнаньня Аляксандра Лукашэнкі легітымным кіраўніком дзяржавы.

У часе сустрэчы сп. Армстронг выявіў грунтоўныя веды ў галіне беларускае гісторыі, назваўшы Слуцкае паўстаньне важнай гістарычнай датаю для Беларусі. Пра гэта нашаму радыё паведаміў прысутны на сустрэчы Павал Гормаш, адказны за міжнародныя стасункі "Народнае Грамады".

На сустрэчы Джона Армстронга зь беларускімі NGO прысутнічалі прадстаўнікі Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, жаночых арганізацыяў, "Хартыі-97".

Паводле словаў кіраўніка выканаўчага бюро Асамблеі Ўладзімера Роўды, сп. Амстронга цікавіла колькасьць беларускага "трэцьцяга сэктару", а таксама ўплывовасьць грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі.

У часе сустрэчы прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў: "Беларусь і Амэрыка вельмі шчыльна зьвязаныя. У Вашынгтоне ёсьць помнік Тадэвушу Касьцюшку – герою Польшчы й Беларусі, які змагаўся за незалежнасьць ЗША. Настала чарга ЗША дапамагчы Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG