Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня расейскія сілы працягваюць абстрэл Грознага. Раней яны паведамілі пра захоп вайсковага лётнішча ў сталічным прыгарадзе Ханкала і пра тое, што наблізіліся на адлегласьць некалькіх кілямэтраў ад цэнтру Грознага. У выніку аднаўленьня атакаў тысячы жыхароў чэчэнскае сталіцы ня могуць пакінуць горад адмысловым "калідорам бясьпекі". Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе а таксама заходнія ўрады занепакоеныя лёсам цывільнага насельніцтва і заклікаюць Маскву да спыненьня агню.

Міністар абароны Расеі Сяргееў паўторна заявіў, што не плянуецца непасрэднай атакі на ўмацаваны Грозны, як гэта мела месца чатыры гады таму. Мы думаем, – сказаў міністар, – што ў выпадку Грознага знойдзем такую разьвязку праблемы, як раней ў выпадку Ачхой-Мартану, Гудэрмэсу, Аргуну і Шалі.

Пасьля акружэньня гэтых гарадоў, чэчэнскія ваяры пакінулі іх, а цывільнае насельніцтва заміж непазьбежнай гібелі, вырашыла паддацца. Расейскае камандаваньне мяркуе, што ў выніку бамбаваньня Грознага мясцовае насельніцтва само выжане ўзброеныя сілы і са сталіцы.

Расейскае камандаваньне ускладае таксама вялікія спадзяваньні на амністыю чэчэнскім бунтаўнікам. Учора Дзярждума Расеі прыняла пастанову, згодна якой усе чэчэнцы, якія да 1 лютага складуць зброю і здадуцца, будуць падлягаць амністыі. Ня будуць ёю ахопленыя толькі тыя, хто адказны за забойствы.

У вёсцы Чыры-Юрт мясцовыя палявыя камандзёры нібыта заявілі, што гатовыя парушыць загад прэзыдэнта Масхадава і абмеркаваць пытаньне капітуляцыі. "Людзі павінны праігнараваць загад. Мы маем выбар: або дапусьціць разбурэньне вёскі, або захаваць яе для будучых пакаленьняў. Мы дзейнічаем для дабра людзей". Гэта заявіў адзін з мясцовых камандзёраў, аднак іншыя лічаць гэта здрадай.

Захоп лётнішча і аднаўленьне абстрэлу Грознага набліжае заканчэньне асноўнай апэрацыі, але, з другога боку, яно перакрывае шлях эвакуацыі цывільнага насельніцтва. Гэта выклікае чарговыя пратэсты з боку міжнароднай супольнасьці. Прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША Джэймс Фолі заявіў:

(Фолі: ) "Нас нязьменна хвалююць магчымыя вялікія страты сярод цывільнага насельніцтва Грознага, ў прыватнасьці, калі расейскія сілы спрабуюць ўзяць горад, ў якім засталіся яшчэ дзесяткі тысяч чалавек. З другога боку, станоўчае тое, што расейскі бок прынамсі разумее глыбокую занепакоенасьць міжнароднай супольнасьці такім разьвіцьцём сытуацыі".

Да спыненьня агню заклікаў расейскія сілы, ў прыватнасьці, старшыня АБСЭ Кнут Волэбэк, які знаходзіцца з візытам ў Дагестане. Раней ён наведаў раёны Чачні, кантраляваныя расейцамі, а таксама суседнюю Інгушэтыю. Ягоныя сустрэчы з рэгіянальнымі лідэрамі а таксама зь міністрам надзвычайных сытуацыяў Расеі Шойгу прысьвечаныя дапамозе двумстам тысячам чэчэнскіх уцекачоў.

Расейскія прадстаўнікі цьвердзяць, што ў Грозным засталіся ня болей за 10 тысяч чалавек, ў тым ліку каля двух тысяч ваяроў. Яшчэ дзьве тысячы ўзброеных чэчэнцаў, на думку расейскіх камандзёраў, перамясьціліся ў свае базы ў гарах. Аднак, згодна падлікам заходніх аглядальнікаў і праваабаронцаў, ў Грозным усё яшчэ качуюць ў склепах і сховішчах каля сарака тысяч чалавек, ў тым ліку як мінімум 4 тысячы ўзброеных чэчэнцаў. Яны замінавалі дарогі, ўмацавалі свае сховішчы.

Некаторыя расейскія камандзёры заяўляюць, што акружаны Грозны будзе здабыты на працягу бліжэйшых 10 дзён. Аднак тое, што гэта будзе азначаць заканчэньне вайны – вельмі аптымістычны варыянт.

Адзін з чэчэнцаў заявіў, што расейскія вайскоўцы самі дазваляюць ім пакінуць горад, каб ім не прыйшлося гінуць ў вулічных баёх. Чэчэнскія палявыя камандзёры цьвердзяць, што яны лёгка могуць перамясьціцца ў горы і адтуль прыступіць да працяглай, партызанцкай вайны.

Між тым афганскія талібы запярэчылі паведамленьням расейскіх СМІ, згодна зь якімі чэчэнскія лідэры плянуюць стварыць ў Афганістане свой урад на выгнаньні. МЗС ва урадзе талібаў заявіў, што гэтыя фальшывыя чуткі разьлічаныя на аслабленьне баявога духу сярод чэчэнскіх ваяроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG