Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня "Палата прадстаўнікоў" адзінагалосна выказалася за ратыфікацыю домовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы, якую 8 сьнежня падпісалі ў Маскве Лукашэнка і Ельцын.

Сябры "Палаты прадстаўнікоў" перакрылі рэкорд адзінадушша, пастаўлены ўчора Дзяржаўнай думаю Расеі. Пад час галасаваньня "за аснову" 101 дэпутат прагаласаваў "за" і толькі адзін – "супраць". А пры канчатковым галасаваньні за дамову "ў цэлым" 101 са 101-го сказаў "так" аб'яднаньню.

Абмеркаваньне працягвалася прыблізна паўтары гадзіны. Прадстаўляў пагадненьне міністар замежных справаў Урал Латыпаў. У сваей прамове ён выказаў меркаваньне, што новы хаўрус можа стаць адным з элемэнтаў шматпалярнага сьвету, сыстэмастваральным элемэнтам Садружнасьці, і зможа вывесьці СНД з таго аморфнага стану, у якім яна, на думку міністра, знаходзіцца ўсе 8 гадоў існаваньня.

Сп. Латыпаў заўважыў, што, улічваючы розьніцу ў памерах дзьвюх краінаў, асабліва далікатным пытаньнем зьяўляецца захаваньне ў хаўрусе беларускае дзяржаўнасьці.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ўчора пад час ратыфікацыі дамовы ў Дзяржаўнай думе Расеі прем'ер Пуцін заявіў, што захаваньне сувэрэнітэту як Расеі, гэтак і Беларусі зьяўляецца прынцыповым пытаньнем. Латыпаў прыгадаў таксама словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што інтэграцыя магчымая толькі на падмурку роўнасьці дзяржаваў.

Пры гэтым кіраўнік МЗС Беларусі назваў хамствам заявы расейскіх палітыкаў, якія, паводле вызначэньня міністра, бяз сораму разьвіваюць ідэі пра паглынаньне Беларусі Расеяй.

Сп. Латыпаў, відавочна, меў на ўвазе нядаўнія заявы аднаго зь лідэраў расейскага Зьвязу правых сілаў Анатоля Чубайса. Міністар Латыпаў лічыць, што інтэграцыйныя працэсы ва ўсім сьвеце йдуць на падмурку сувэрэннай роўнасьці, "захоп ці далучэньне іншых народаў, пазбаўленьне іх дзяржаўнасьці незваротна засталіся ў мінулым", – сказаў ён.

Крыху супярэчлівай была трактоўка міністрам пытаньня пра адпаведнасьць дамовы Канстытуцыі Беларусі. Ён сказаў, што падпісаньне дамовы і яе ўваход у моц не прадугледжвае імгненнага ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. Але адразу ж дадаў, што палажэньні дамовы , рэалізацыя якіх можа запатрабаваць зьменаў асноўнага закону, уваходзяць у моц толькі пасьля правядзеньня дзяржаўных працэдураў зьмены Канстытуцыі. З гэтага вынікае, што пункты, якія супярэчаць Канстытуцыі , пагадненьне ўсё ж утрымлівае, але пакуль яны дзейнічаць ня будуць.

Пад час абмеркаваньня старшыня камісіі ў пытаньнях бясьпекі Ўладзімер Ягораў закрануў вельмі вострае пытаньне пра магчымасьць удзелу беларускіх войскаў у баявых дзеяньнях за межамі краіны. Сп. Ягораў нагадаў пра наяўнасьць закону, у адпаведнасьці зь якім накіраваньне войскаў за межы краіны можа адбывацца толькі з дазволу парлямэнту. "На сёньняшні дзень і на бліжэйшую пэрспэктыву няма аніякіх падставаў да непакою", – заявіў гэнэрал Ягораў. Што будзе ў пэрспэктыве больш аддаленай, сябра "палаты" не распавёў.

Да таго ж варта адзначыць, што паводле дамовы дэкрэты Вышэйшае Рады хаўрусу маюць большую юрыдычную моц, чым нацыянальныя законы.

Як паведаміў старшыня "Савету Рэспублікі" Павал Шыпук, "верхняя палата Нацыянальнага сходу" зацьвердзіць дамову 23 сьнежня.

На заканчэньне ня лішкам будзе нагадаць, што заходнія краіны і ўплывовыя міжнародныя арганізацыі ня лічаць "Нацыянальны сход" легітымным парлямэнтам Беларусі і, магчыма, паставяць пад сумнеў правамоцнасьць ратыфікацыі гэтым ворганам такое сур'ёзнае міжнароднае дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG