Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Тамара Віньнікава была зарыштаваная ў студзені 1997 году, больш як год правяла ў сьледчым ізалятары, потым ў сувязі з дрэнным станам здароўя была вызваленая з-пад варты і ўтрымлівалася пад хатнім арыштам. Але сёлета ў красавіку Віньнікава загадкавым чынам зьнікла. Улады не паведамлялі, якім чынам хворая жанчына магла зьбегчы. Невядома было, дзе яна знаходзіцца і ці жывая навогул.

Праўда, у кастрычніку, выступаючы ў Дзяржаўнае думе Расеі, Лукашэнка заявіў, што былую старшыню Нацыянальнага банку бачылі, калі яна пералятала зь Лёндану ў Ізраіль.

І вось нарэшце Віньнікава зьявілася і загаварыла. Яна перадала ў "Белорусскую деловую газету" сваю заяву і дала інтэрвію, у якім удакладніла асобныя тэзы заявы.

У заяве Віньнікава паведаміла, што цяпер знаходзіцца ў бясьпецы, але павінна была загінуць і толькі выпадковасьць уратавала яе ад лёсу, які быў наканаваны ёй уладамі. Яна лічыць, што яе арышт меў на мэце запалохаць грамадзтва.

Віньнікава адзначае, што, нягледзячы на катаваньні й псыхалягічнае ўзьдзеяньне, сьледчыя не змаглі выканаць загад улады і нават перадаць справу ў суд, а таму найлепшым выйсьцем для іх была сьмерць падсьледнай.

Былая старшыня Нацыянальнага банку заяўляе, што мае намер займацца палітыкаю. "Мне вядомыя некаторыя фінансавыя абставіны йснаваньня рэжыму, вядомая крытычная залежнасьць Лукашэнкі ад алігархаў Расеі і яго злачынныя пляны зьнішчэньня краіны", – піша Віньнікава ў сваёй заяве.

У інтэрвію "Белорусской деловой газете" яна паведаміла, што ведае, што адбылося са зьніклымі палітыкамі – Юрыям Захаранкам і Віктарам Ганчаром. Яна лічыць, што Генадзь Карпенка быў забіты.

Віньнікава не паведаміла, дзе яна знаходзіцца й ці зьбіраецца ў бліжэйшы час выступіць з новымі выкрыцьцямі.

Пакуль афіцыйная асобы не даюць аніякіх камэнтароў наконт сэнсацыйнага зьяўленьня былой старшыні Нацыянальнага банку і ейных абвінавачваньняў. "Без камэнтароў. Калі камэнтары будуць, дык крыху пазьней", – сказалі мне ў прэсавай службе Рады бясьпекі.

Меркаваньні наконт зьяўленьня Віньнікавай я папрасіў выказаць карэспандэнта "Московских новостей" Аляксандра Фядуту. Ён шмат пісаў пра яе лёс, Віньнікава зьнікла неўзабаве пасьля таго, як дала інтэрвію сп. Фядуту, калі знаходзілася пад хатнім арыштам.

Перш наперш мой суразмоўца адзначыў, што асоба, якая дала інтэрвію газэце – гэта сапраўды Віньнікава. У інтэрвію, паводле словаў Фядуты, ёсьць спасылкі на факты, якія ведала толькі яна.

Сп. Фядута паспрабаваў патлумачыць, чаму Віньнікава пачала гаварыць менавіта цяпер. Ён падкрэсьліў, што менавіта цяпер яе выступ можа зьмяніць расстаноўку сілаў у атачэньні Лукашэнкі. Віньнікава – адзначыў Фядута – належала да пэўнага ўладнага кляну.

На думку аглядальніка, зараз ідзе барацьба за пасаду прэм'ера, зь якой Сяргей Лінг у хуткім часе павінен сыйсьці, і інтэрвію Віньнікавай ёсьць ход аднаго ўладнага кляну ў барацьбе з канкурэнтамі.

Аляксандр Фядута лічыць, што грамадзкая думка разглядала зьнікненьне Віньнікавай, Захаранкі й Ганчара, як аднатыповыя зьявы, ў той час як гэта ня так. Калі Віньнікава знайшлася, гэта ня значыць, што ўлады ня мелі дачыненьня да зьнікненьня Захаранкі й Ганчара – заявіў карэспандэнт "Московских новостей" Аляксандар Фядута.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG